Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


У трох соснах...

Некалі, у мінулым стагоддзі, ЦК ВЛКСМ (то-бок Цэнтральны камітэт Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі) накіроўваў актывістаў на ўмацоўванне камсамольскіх арганізацый у заходніх рэгіёнах СССР. У выніку ў 1946 годзе ў нашы Паставы трапіла маладая сібірачка па імені Мілона. Спачатку яна працавала ў школе, потым — у райкаме камсамола, перад якім паставілі задачу стварыць пярвічныя арганізацыі не толькі ў горадзе, але і ў сельсаветах.

Як вядома, заданні даваць прасцей, а вось выконваць...

Вяскоўцы (ды так званыя заходнікі) агітатараў прымалі з насцярогай. Прыйшлося пачынаць з франтавікоў і партызан, прымаць у камсамол настаўнікаў, медыкаў, паштавікоў, праводзіць чытанні кніг і газет, арганізоўваць перасоўныя бібліятэчкі, ствараць атрады ястрабкоў, якія са зброяй ахоўвалі ўстановы ад нападу бандытаў... Карацей, шмат дзе камсамольцаў падсцерагала небяспека, але ж здараліся і кур'ёзы.

У прыватнасці, Мілона, пабраўшыся шлюбам са старшынёй мясцовага калгаса, пераехала ў вёску, пайшла настаўнічаць у мясцовую школу, стала знаёміцца з людзьмі, іх звычкамі, мовай... А найперш — з самой... хатай. Справа ў тым, што ў першыя дні пасля пераезду маладзіца ну ніяк не магла запомніць, дзе яны з мужам здымаюць пакой: усе падворкі на вуліцы здаваліся ёй аднолькава шэрымі.

Гаспадыня тады вырашыла дапамагчы, сказала:

— Я сёння буду мыць бялізну. Сушыць — павешу каля хаты. Так што ўбачыш — і адразу на падворак.

Мілона ўзрадавалася, па дарозе са школы ва ўсе вочы ўзіралася ў кожны двор, але нічога белага нідзе не бачыла. Таму ўрэшце зноў зайшла ў чужую хату: заблудзілася ў трох соснах. І ў трох словах — бо ледзь не назаўтра да настаўніцы зайшоў яе вучань. З парога сказаў:

— Мілона Андрэеўна, ваш муж браў у нас патэльню, дык мамка прасіла, каб вы аддалі.

«Муж нешта пазычаў? Але што і навошта? — «панесліся» думкі ў галаве настаўніцы. — А галоўнае — куды ён гэта паклаў?»

На ўсялякі выпадак Мілона Андрэеўна адкрыла чамадан, паглядзела на агульныя няхітрыя пажыткі... Нічога чужога там не было. Вучань чакаў. Яна вырашыла задаць яму наводзячае пытанне:

— А навошта мой муж гэта браў?

— Не ведаю, — паціснуў плячыма хлопчык. — Мусіць, хацеў нешта смажыць.

Слова «смажыць», як і «патэльня» настаўніца не разумела, але ж прызнавацца ў гэтым вучню зусім не выпадала.

Прыйшлося прадоўжыць пошук: паглядзець, ці няма нечага чужога на стале, на ложку, на шафцы...

— Ды вы не там шукаеце, — не вытрымаў нарэшце хлопчык. — Патэльня, можа, на прыпечку?

«Пры-печак — гэта ўжо «цяплей», — падумала настаўніца. — Гэта ж недзе пры печы?» І сапраўды хутка «напаролася» там на чужое — аддала скавараду...

Адзінае, назаўтра ў школу ісці баялася: думала, што вучні падымуць яе на смех.

І дарэмна: дзеці ў той час, нягледзячы на вайну, былі разумныя, настаўнікаў вельмі паважалі, і з яе, маладзенькай расіянкі, ніхто не смяяўся.

А вось цяпер, калі ў трох словах блудзяць і самі беларусы... Гэта ўжо, згадзіцеся, не смеху, а жалю варта.

Фаіна Касаткіна, г. Паставы


Святая вада

Не так даўно па тэлевізары паказвалі серыял «Іншыя». Уражанне ад яго досыць моцнае — нічога не скажаш... Апроч таго, што фільм яшчэ і рэкламу зрабіў экстрасэнсам, лекарам, у тым ліку — можа, і шарлатанам.

Аднаго такога я ведала. Чалавек як чалавек быў, але ж за нейкую правіну патрапіў у турму. І нядоўга, здавалася б, пабыў там, але вярнуўся іншым. Хто яго там чаму навучыў, толькі пачаў ён ездзіць па гарадах ды на вакзалах усім расказваць, што ў яго аддаленай вёсачцы (назавём яе Старынкамі) ёсць адзін знахар. І дужа ж дзіўную сілу мае: усе чыста хваробы лечыць...

Тэлебачанне ды газеты рэкламай тады не даймалі, а вось сарафаннае радыё працавала: адна жанчына сказала другой, тая — трэцяй, і пацягнуліся ў Старынкі людзі. Кожны ехаў са сваёю бядой, і з кожным той «лекар» працаваў: таму ваду замаўляў, над тым рукамі вадзіў ці іголкі паліў у нейкай анучцы... Пры канцы «працэдур» пацыент пытаўся: «Як жа аддзячыць?» «Знахар» у адказ (і сціпла так): «Як можаце...». А на стале, навідавоку, ужо сподачак стаіць, і на ім з самай раніцы дзесяць рублёў пакладзена — як быццам папярэднікам таго хворага...

Вось гэтак бізнес рабіўся. Але ж зараз не пра гэта.

Адна дзяўчынка-разумніца з суседняй вёскі ў медінстытут не паступіла, пайшла працаваць у бальніцу, санітаркаю. З часам, як гэта водзіцца, раззнаёмілася з людзьмі, і адна медсястра, даведаўшыся, адкуль дзеўка родам, з просьбай да яе: схадзі ты, маўляў, да знахара, прывязі нагаворанай вады — ну вельмі патрэбна, дзіця хварэе.

І з гэтымі словамі бутэльку ёй падае, дзесяць рублёў сваіх суне — ледзьве не сілаю...

А дзяўчыне хоць ты скрозь зямлю праваліся: адмовіць, як быццам, нельга, але ж і згадзіцца таксама, бо знахар той (вёска ведае) — проста ашуканец. Тады з якога перапуду яна, камсамолка, актывістка, будучая доктарка, пойдзе да яго з грашыма ды бутэлькаю?.. Людзі ж засмяюць!

Карацей, да «знахара» ногі проста не панеслі. У выхадныя пабыла дзеўка дома, а па дарозе назад, за рэчкай — балота якраз асушылі, канаў накапалі: з берага адной — дрэнажныя трубкі тырчаць і вада з іх бяжыць чысцюткая-чысцюткая, што тая сляза!

Так што Лена пад струмень падставіла бутэльку, напоўніла, закаркавала, на рабоце хуценька аддала медсястры і са страхам стала чакаць, што вось зараз падман раскрыецца...

На шчасце, усё выйшла якраз наадварот: дзён праз колькі медсястра моцна абняла санітарачку, падзякавала ёй за святую ваду, сказала, што дзіця, дзякуй богу, паправілася.

Гэта была першая радасць, а другая — у інстытуце зноў пачаліся экзамены. Лена здала іх, можна сказаць, бліскуча! А потым на тую дзясятку, што пякла ёй рукі, накупляла прысмакаў, занесла ў сястрынскую і з лёгкім сэрцам паехала на вучобу.

...Цяпер яна вельмі дасведчаны доктар, лечыць людзей і заўсёды памятае, што найлепшыя памочнікі ў гэтым не толькі лекі, але і вера.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Проста... З моста...

Цяпер моладзь фарсіць у портках-дудачках, а вось некалі, у сярэдзіне сямідзясятых, калі ў юнаках хадзіў я, у разгары была мода на так званыя «кляшы» — тыя ж порткі, але калошы ў іх ад сцягна ці калена паступова расшыраліся і ўнізе даходзілі сантыметраў да трыццаці. У продажы такіх не было, шылі на заказ і потым, пры хадзьбе, нібы венікам падмяталі вуліцы.

Самыя першыя свае «кляшы» я займеў у дзясятым класе. Іх мне пашыла старэйшая сястра. Яна ўжо сама зарабляла, прыгожа адзявалася і хацела, каб я, што называецца, «адпавядаў»...

Дагэтуль памятаю колер той абноўкі — біруза, помню фасон — расшырэнне калош ад калена, кішэні прамыя, а ўжо настрой...

Тады я не ведаў яшчэ, што са штанамі ў мяне ўвесь час будуць нейкія непрыемнасці. Ну вось напрыклад: у новенькіх пайшоў у клуб, адтуль нехта паклікаў мяне на вуліцу. Я, ідучы, зачапіўся за цвік у падлозе, з метр праехаў па ёй на калене і ўстаў з вялікай дзіркай, якая не дазваляла тады заставацца на танцах.

Другі выпадак. Мы з дружбаком вырашылі скараціць шлях і не, каб абысці даўгаваты плот, — па-маладзецку сіганулі цераз верх...

У выніку адна з калашын у маіх новых штанах ухітрылася «ўздзецца» аж на дзве штыкеціны! Я (і балюча было, і крыўдна, і да колікаў смешна) павіс галавою ўніз, і сябар яшчэ доўга памучыўся, вызваляючы мяне з нечаканай «пасткі».

А неяк раз у нядзельку мы сабраліся ўчатырох. Двое хлопцаў былі «на колах»: адзін — з мапедам, другі — з матацыклам. Для прыгод — сама тое! Ды і надвор'е шаптала: гайда на возера! Там дзяўчаты!.. І мы рванулі!

За вёскай асфальт канчаўся, пачынаўся прасёлак, потым — былое балота, шырокі роў і цераз яго — масток, абстаўлены невысокімі бетоннымі слупкамі (відаць, каб які трактарыст пасля ўдалай халтуры ў ваду не зваліўся). Чутак пра такія здарэнні, праўда, не было, аж пакуль мяне там не панесла — у новых «кляшах», на мапедзе).

Я сядзеў на ім ззаду, пасажырам. У вушах свістаў вецер, калені вытыркаліся ў розныя бакі. І ў нейкі момант мне раптам здалося, што яны пазбіваюць слупкі (ці наадварот)...

Карацей, спрацаваў рэфлекс самазахавання: я на поўным хаду стаў на ногі, якія, не паспеўшы дакрануцца да зямлі, па інерцыі рванулі за ўцякаючым мапедам... У памяці і да сёння велізарнае здзіўленне (каб не казаць шок) ад хуткасці, з якой я бег — нібыта ляцеў, не паспяваючы перабіраць нагамі... Гэта быў рэкордны забег, але, відаць, нядоўгі. Далей быў палёт: з моста ў канаву, у самую каламуць.

...Тое, што некага згубілі, мае сябры зразумелі не адразу — далекавата ад'ехалі. І доўга потым здзіўляліся, куды я мог дзецца?

А я ў гэты час «працаваў» вадзяным: мераў нагамі канаву, страшыдлам вылазіў з ціны, цягнучы за сабой шлейф нейкай брыды. Хлопцы, убачыўшы гэту карціну, аж пакаціліся ад смеху.

Мне ж, як вы разумееце, было не да яго — яшчэ і таму, што мае чарговыя новыя «кляшы» «распалавініліся», можна сказаць, на самым цікавым месцы.

...Вы думаеце, што ў той дзень я не трапіў да дзевак на возера? А як жа!

Ад моста мы паехалі дамоў да аднаго з сяброў, яго маці, убачыўшы маю бяду, паабяцала, што ўсё памые-зашые, а на гэты час дала мне... галіфэ свайго дзядулі.

У ім мы рванулі на возера. Нам было, як сёння кажуць, прышпільна і весела. Порткі ў стылі «рэтра» мяне зусім не бянтэжылі. Хутчэй наадварот...

...Падумаў надоечы: і што б я ўспамінаў, калі б тады насілі сённяшнія «дудачкі?

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?