Вы тут

Мамін дзённік. Колькі павінна быць цацак?


Калі ў мяне пытаюцца пра любімую цацку майго дзевяцімесячнага сыночка, я, шчыра кажучы, упадаю ў ступар. І не таму, што шкадуем грошай, каб дагадзіць свайму першынцу. Акурат наадварот — варта нам з Цёмікам было патрапіць у бальніцу, як яго бацька замест таго, каб прывезці сыну штосьці знаёмае, вырашыў скупіць ледзь не паўдзіцячай крамы. У выніку кольцы з пірамідкі малы пагрыз і забыўся, ляльку-неваляшку дэманстратыўна скінуў з бальнічнага ложачка, да круцёлкі з шарыкамі ўвогуле не праявіў увагі, а пакунак з чарговай бразготкай мы нават не адкрылі...


Такога, каб сын сядзеў і працяглы час забаўляўся з нейкай цацкай, я не прыгадаю. Нават да машыны-самазвала, у якой пад кіраўніцтвам дзеда любіў катацца па ўсёй кватэры, сёння іншы інтарэс. Пераверне дагары нагамі і запіхвае ў кабіну, кузаў, адтуліны ў колах... пакецікі з гарбатай. Падораную старэйшым сынам грунтоўную каробку з рознымі гатункамі любімага напою бабуля Аліна нават не хавае. Падобную калекцыю гарбаты прыйшлося канфіскаваць і ў бабулі Ірыны — цяпер толькі знаходзім пакецікі пад канапай, у шафцы і нават у пыласосе. «Запаслівы ўнук, — смяюцца. — Будзем ведаць, дзе ў чорны дзень заначку шукаць».

Любіць Арцёмка і цыбульку «перабіраць». Не паспееш засунуць у рот соску — дык яшчэ і на смак пакаштуе. А ўжо як дарвецца адчыніць якую шафку, то ўвогуле больш нічога не трэба: калі б чулі, з якой радасцю ён выцягвае адтуль рэчы, наўрад ці злаваліся б! Нават калі гэта любімыя талерачкі ці раўнютка складзеная бялізна. Праўда, калі малы гуляе ў хованкі з дарагім цюлем ці набліжаецца да гаршкоў з кветкамі, бабулям не да смеху.

Заслала на падлогу артапедычны дыванок, каб Арцёмка па ім папоўзаў, пастаяў на гумавых няроўнасцях — маўляў, карысна для тактыльных адчуванняў. Дык вось, ляжалі тыя яркія квадрацікі на бачным месцы не адзін дзень — увагі нуль. Толькі вырашыла скласці, каб не заміналі, раптам у маленькага чалавека прачнуўся інтарэс. Аказалася, высоўваць-засоўваць іх у каробку цікавей.

На кухні з малым непаседам мяне выручае лядоўня. Ды не ў тым сэнсе: каб накарміць яго, яшчэ трэба пастарацца! Пакуль я гатую, Цёмік забаўляецца з магніцікамі. Адарве — і плясне пад ногі. Як кажуць, чым бы дзіця ні цешылася... Грызе свае сандалі — на здароўе, выцягвае з упакоўкі пампер-
сы і раскідае іх па пакоі — збяром, б'е пульт ад тэлевізара — купім новы, ірве свежы нумар «Звязды» — пачытаем у інтэрнэце. Маўчыць — і дзякуй за гэта!

Мама мая, канешне, абураецца. Маўляў, не было раней такой разнастайнасці ў цацках, але і дзеці былі пры справе. Пасадзіць мяне малую ў калыску, накідае лялькаў-мішак ды ідзе абед гатаваць, у хаце прыбіраць. Прыйдзе спаць класці, а я ўжо сёмы сон бачу (майго Цёмку пакуль добра не пакалышаш, казку не прачытаеш, часам ледзь не станцуеш, спаць не пакладзеш). Дастане паціху цацкі, прыкрые мяне і далей ідзе хатнім клопатам займацца.

Іншы час — іншыя дзеці. Была б у іх цацка — максімум дзве, напэўна, даражылі б імі, гулялі. Дык мы ж не бацькамі будзем звацца, калі дазволім свайму нашчадку з адной толькі лялькай ці машынкай забаўляцца! Вось і ствараем у сябе дома дзіцячыя крамы, якія, калі малое падрасце, знішчаем, бо і аддаць няма каму — дэфіцыту сучасныя дзеці не ведаюць. І шчыра кажучы, дай Бог, каб так і было.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Чым бы дзіця ні цешылася...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».