Вы тут

Ці прымаць вітаміны зімой?


Зімой мы пакутуем як ад адсутнасці ў вялікай колькасці свежай агародніны і садавіны, так і ад недахопу сонца. Але ці сапраўды ад гэтага пад пагрозай наша здароўе? Якія мультывітаміны трэба прымаць для падтрымання імунітэту (і ці варта ўвогуле гэта рабіць?), мы распыталі загадчыка аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяну ПЛІСЮК.


— Таццяна Аркадзеўна, ці трэба прымаць вітаміны зімой і вясной?

— Наконт вітамінаў меркаванні разыходзяцца. Я прытрымліваюся той пазіцыі, што, як і іншыя фармакалагічныя прэпараты, іх трэба прымаць толькі па паказаннях. І для прызначэння вітамінаў іх няшмат. Найперш, гіпавітаміноз, але ў наш час гэта крайне рэдкі стан. Таксама вітаміны прызначаюцца падчас цяжарнасці, пасля працяглага лячэння антыбіётыкамі і анкалагічным хворым, але ў гэтым выпадку патрэбны вельмі індывідуальны і асцярожны падыход. Усім астатнім прымаць вітаміны пры добрым самаадчуванні не трэба. Гэта можа парушыць нашы цыркадныя рытмы — цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці розных біялагічных працэсаў. Звычайна летам і восенню колькасць вітамінаў, якія трапляюць у арганізм, павышаецца, а зімой і вясной, адпаведна, зніжаецца, так прадугледжана прыродай. І ўмешвацца ў гэтыя працэсы не варта. Толькі калі чалавек хварэў, працягла лячыўся антыбіётыкамі, арганізму трэба дапамагчы, прызначыць кароткі курс вітамінаў.

Сёння ў інтэрнэт-крыніцах сустракаюцца рэкамендацыі прымаць вітаміны два-тры разы на год. Але трэба разумець, што, калі вы пачынаеце прымаць вітаміны, у арганізме павялічваецца ўзровень ферментаў, якія іх перапрацоўваюць. Чым больш паступае вітамінаў звонку — тым больш ферментаў трэба арганізму. Калі ж вы спыняеце прыём вітамінаў, ферментаў таксама становіцца менш, і гэта можа прывесці нават да гіпавітамінозу. Таму прымаць іх лепш усё ж па паказаннях.

— Калі, напрыклад, зімой трэскаюцца вусны, мы вырашаем, што не хапае вітаміну А. Атрымліваецца, у такіх выпадках яго таксама не трэба прымаць?

— Патрэсканыя вусны — толькі адзін з сімптомаў, які зусім не азначае дэфіцыт гэтага вітаміну. Лепш дадаць у свой рацыён моркву, малако, печань, курагу, гарбуз — тое, што змяшчае вітамін А. Ёсць і вонкавыя сродкі — можна наносіць гігіенічную памаду, асабліва перад выхадам на вуліцу, той жа вітамін А можна наносіць на вусны. Калі яшчэ дадаецца ломкасць пазногцяў, выпадзенне валасоў, то можна прымаць гэты вітамін кароткім курсам.

— Дарэчы, калі выпадаюць валасы, пра недахоп якіх вітамінаў гэта сведчыць?

— Вітамінаў А і Е. Ёсць антыаксідантныя комплексы для жанчын, якія змяшчаюць мікраэлементы, напрыклад цынк. Але лепш наладзіць правільнае харчаванне: з ежы мы атрымаем больш вітамінаў, якія лягчэй засвойваюцца, чым фармакалагічныя прэпараты.

— Зімой, калі не хапае вітаміну D, як кампенсаваць яго недахоп?

— У нашым клімаце, у адрозненне ад паўднёвых краін, сонца нам сапраўды не хапае, і дзецям у тым ліку. Ім для прафілактыкі рахіту прызначаюць вітамін D. Апраўдана гэта і ў дарослых, але зноў-такі, калі чалавек хварэе ці ёсць нейкія прыкметы: стомленасць, дэпрэсіўны стан. У такім выпадку можна прымаць той жа рыбін тлушч. Але няхай гэта будзе адзін кароткі курс зімой. Увогуле, каб вызначыць недахоп вітаміну D, трэба рабіць спецыфічны аналіз, ён выконваецца ў платных лабараторыях. Калі паказчыкі ў норме, няма сэнсу прымаць, бо гіпервітаміноз вітаміну D па сваіх наступствах нашмат горшы, чым гіпавітаміноз.

— Многія з нас працуюць за камп'ютарам. Ці патрэбны нейкія вітаміны, каб засцерагчы вочы?

— Ёсць комплексы накшталт «Чарніцы-мікс», наша фармацыя выпускае і іншыя прэпараты. Але лепш капаць вітаміны ў выглядзе кропляў, якія вонкава ўздзейнічаюць на сасуды. Калі прымаеце сінтэтычныя вітаміны, яны не цалкам засвойваюцца, можна і не дасягнуць чаканага выніку. Да таго ж сустракаюцца і алергічныя рэакцыі, асабліва на шыпучыя растваральныя вітаміны. Калі іх прымаюць цяжарныя, у дзіцяці потым можа быць алергія. Гэта горш, чым калі арганізму не хапіла ў нейкі момант вітаміну.

Лепш харчавацца паўнавартасна, налягаць зімой на капусту, прычым нават калі зварыць капусту, гэта будзе вельмі карысная страва. Бо даказана, што там вітамін С не разбураецца, яго наадварот, становіцца больш. Ад прадуманага штодзённага рацыёну карысці значна больш, чым ад сінтэтычных вітамінаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.