Вы тут

Заканадаўства ў сферы адукацыі і навукі патрабуе ўдасканалення


«Выходзячы за трыбуну, падаруй ідэю», — з такім заклікам старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл МЯСНІКОВІЧ звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння навукова-кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі, які адбыўся на мінулым тыдні. Тэма сустрэчы — «Шляхі ўдасканалення навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

У хуткім часе ў Савеце Міністраў будзе разглядацца Кодэкс аб адукацыі, працуюць нарматворцы і над законапраектам аб інавацыйнай дзейнасці. Гэтыя дакументы прапануюць сучасныя метады рэгулявання ў навуцы.

— Мэтазгодна забяспечыць канцэнтрацыю фінансавых і інтэлектуальных магчымасцяў на ключавых кірунках развіцця, чаго, на жаль, не стае ў практычнай дзейнасці. Давядзецца значна, сур'ёзна правесці рэвізію нарматыўна-прававой базы, якая рэгулюе адукацыйную, навуковую, інавацыйную дзейнасць. А навуковым арганізацыям і ўстановам адукацыі трэба строга кіравацца ўказаннямі кіраўніка дзяржавы і нацыянальным заканадаўствам у гэтым пытанні. Мэтавая ўстаноўка для вертыкалі ўлады — дасягненне да канца наступнай пяцігодкі валавога ўнутранага прадукту ў аб'ёме 100 мільярдаў долараў. Гаворка ідзе пра амаль падваенне гэтага паказчыка за восем гадоў. Гэта стратэгічная і комплексная задача, — звярнуўся да прысутных Міхаіл Мясніковіч.

Дасягнуць высокіх тэмпаў росту эканомікі можна за кошт інвестыцый і інавацый. Па словах спікера Савета Рэспублікі, для паскоранага абнаўлення прамысловасці трэба запазычыць найлепшыя тэхналогіі і не толькі адаптаваць іх да нашых умоў, але і ўдасканальваць.

— Калі быць аб'ектыўнымі, то гэтая задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, вырашаецца дрэнна. І вучоныя-рэгулятары недапрацоўваюць. Апошнія гады значна знізілася інвестыцыйная актыўнасць рэальнага сектара эканомікі. Доля інвестыцый у асноўны капітал ВУП скарацілася з 32,1 працэнта ў 2011 годзе да 20 працэнтаў у 2018-м. Разам з тым для забеспячэння ўстойлівага развіцця краіны з высокай удзельнай вагой апрацоўчай прамысловасці ў структуры эканомікі (а Беларусь з'яўляецца менавіта такой) неабходна, каб доля інвестыцый у асноўны капітал ВУП была не ніжэйшая за 25 працэнтаў, — паведаміў Міхаіл Мясніковіч.

Сярод прапаноў старшыні Савета Рэспублікі па вырашэнні праблем комплексу — стварэнне інстытута біржы патэнтаў на аб'екты інтэлектуальнай маёмасці. Гэта дапаможа папярэдзіць «уцечку мазгоў» і дазволіць вырашаць праблему камерцыялізацыі ідэй.

Цікавая прапанова — стварэнне фонду ЕАЭС для фінансавання прарыўных сумесных праектаў. Прыкладам такой структуры могуць служыць напрацоўкі Саюзнай дзяржавы ў гэтым кірунку.

Хімпрамысловасць, машынабудаванне, біялогія — перспектыўныя сферы для распрацоўкі прарыўных нацыянальных праектаў. Кіраваць імі можа структура на чале з генеральным канструктарам, які валодае выключным вопытам і кампетэнцыямі. Мэтазгодна падключыць Банк развіцця, які пры падтрымцы Нацыянальнага банка стварыў бы інструментарый фабрыкі праектнага фінансавання.

І канешне, калі гаворка ідзе пра інавацыі, нельга забывацца пра маладыя кадры.

— Прапаную рэалізаваць мэтавыя задачы па выяўленні і падтрымцы найбольш таленавітых маладых даследчыкаў, якія прынцыпова здольныя кіраваць навуковымі школамі сусветнага ўзроўню, свайго роду стаць алімпійскімі чэмпіёнамі, — прывёў параўнанне Міхаіл Мясніковіч. — Навукоўцаў і даследчыкаў для работы ў найноўшых галінах навукі і эканомікі трэба рыхтаваць, магчыма, мець для гэтага асаблівы ўніверсітэт. Найбольш таленавітым студэнтам іншых ВНУ трэба было б даваць права пераходу для вучобы ў гэты элітны калектыў. А тым, у каго не атрымліваецца вучыцца ў ім, пераводзіцца ў звычайныя ўстановы вышэйшай школы.

Начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Дзмітрый КРУПСКІ ў сваім дакладзе вызначыў ключавыя фактары сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Сярод іх — абмежаваны рэсурсны патэнцыял, нарастанне глабальнай нестабільнасці і «турбулентнасці» ў ваеннай сферы, неабходнасць пераадолець наступствы аварыі на ЧАЭС, развіваць лічбавыя тэхналогіі, забяспечыць эканамічную незалежнасць. Гэтыя палажэнні сфарміравалі прыярытэты інавацыйнага развіцця ў будучыні. Так, запатрабаваны новыя медыцынскія, біялагічныя, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, распрацоўкі новай зброі.

Ідэю «Універсітэта 3.0», або «Прадпрымальніцкага ўніверсітэта», прадставіў Сяргей КАСПЯРОВІЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі. У гэты эксперыментальны праект ужо ўключаны сем вядучых ВНУ. Навучэнцы такой найноўшай формы адукацыі будуць адначасова фарміраваць вынаходніцкія і прадпрымальніцкія кампетэнцыі. Сярод прапанаваных метадаў дзейнасці «Універсітэта 3.0»: адкрыццё новых спецыяльнасцяў і распрацоўка інавацыйных методык навучання (напрыклад, стварэнне стартап-праектаў).

Яшчэ адна ідэя Мінадукацыі — нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Адораныя і таленавітыя хлопчыкі і дзяўчаткі, займаючыся ў ім, будуць ствараць эканоміку будучыні.

Па выніку пасяджэння былі прынятыя рэкамендацыі, сярод якіх прыярытэтамі вызначаны інвестыцыі, занятасць, моладзь, інфарматызацыя, экспарт. Мэтазгодна, лічаць удзельнікі савета, зацвердзіць адзіныя першарадныя кірункі навуковай і інавацыйнай дзейнасці, працягнуць стымуляванне маладзёжнага прадпрымальніцтва.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Падараваць ідэю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».