Вы тут

333 аўтамабілі прыпадае ў Беларусі на кожную тысячу чалавек


Пра статыстыку і перспектывы развіцця беларускага аўтамабільнага рынку паведамілі журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідэрскі, старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч і яе ж генеральны дырэктар Аляксандр Сідарэвіч. Крыху цікавых лічбаў адтуль.


У краіне за мінулы 2018 год было прададзена 52 835 новых аўтамабіляў (членамі БАА). У параўнанні з 2017 годам такі продаж налічыў 34 255 машын — прырост склаў 54 %. Што цікава, у 2014—2016 гадах продаж новых аўто трымаўся на ўзроўні 24—26 тысяч машын, два апошнія гады дэманструюць актыўны рост гэтага сегмента рынку. Фізічных асоб сярод пакупнікоў 59 %, адпаведна юрыдычных — 41. Як відаць, усё больш грамадзян нашай краіны аддаюць перавагу новым транспартным сродкам перад патрыманымі. Гэта стала магчыма ў значнай ступені дзякуючы прывабным прапановам дылераў і банкаў па крэдытаванні, лізінгу і зніжках на новыя аўто як беларускай зборкі, так і з іншых краін.

Пяцёрку лідараў у продажы новых аўтамабіляў склалі Renault, LADA, Volkswagen, Geely і Škoda, дзясятак дапаўняюць Nіssan, Kіa, Hyundaі, GAZ і Ford. Кітайска-беларускі вытворца легкавых аўто цвёрда трымаецца сярод лідараў і збіраецца далей нарошчваць колькасць продаж на беларускім рынку, а дакладней — у два разы.

А вось якія новыя аўтамабілі куплялі беларусы (ці грамадзяне іншых краін у Беларусі) у 2018 годзе. Вашай увазе — дзясятак самых папулярных і колькасць прададзеных экзэмпляраў (членамі БАА):

1. LADA Vesta (5269), 2. Volkswagen Polo (4908), 3. Renault Logan (3250), 4. Renault Sandero Stepway (2976), 5. Renault Duster (2359), 6. Geely Atlas (2315), 7. Škoda Rapіd (1972), 8. LADA Largus (1950), 9. Renault Kaptur (1783), 10. Hyundaі Creta (1346).

Што цікава, Беларусь па аўтамабілізацыі насельніцтва апярэджвае ўсе краіны СНД: у нас на 1000 чалавек прыходзіцца 333 аўтамабілі, а, напрыклад, у Расіі — 324. Колькасць прададзеных за мінулы год новых аўто — 4,6 адзінкі на тую ж тысячу (у Расіі — 10). Усяго ў нашай краіне зарэгістравана звыш 3 млн 159 тыс. толькі легкавых аўтамабіляў.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.