Вы тут

Клара Малышава аб балеце, выхаванках і тым, што прымушае хадзіць на работу


Народная артыстка Беларусі, заслужаная артыстка РСФСР, 83-гадовая Клара Малышава кожную раніцу на рабоце ў 8.30. Роўна ў гэты час яна пачынае заняткі ў балетнай зале харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Паблажак ні для сябе, ні для выхаванак ніякіх, бо гэты год для класа Клары Мікалаеўны — выпускны. Апошнія дні, праўда, унеслі шмат мітусні ў жыццё педагога — яна атрымала ордэн Узыходзячага сонца, якім імператар Японіі адзначыў артыстку за асаблівы ўклад у развіццё балета ў гэтай краіне.


Павага і цеплыня, з якімі ставяцца да выкладчыцы ў сценах роднай гімназіі-каледжа, адчуваюцца літаральна на ўваходзе. Вахцёрка беспамылкова вызначае мэту нашага візіту: «Да Клары Мікалаеўны? Яна ў апошнія дні — нарасхват. Гэта адна з нашых найлепшых педагогаў — яе выхаванкі з міжнародных конкурсаў без узнагарод не вяртаюцца. Хто з ёй можа параўнацца?» І не дзіва, бо 73 гады Клара Малышава прысвяціла мастацтву. Пасля заканчэння харэаграфічнага каледжа 22 гады служыла ў горкаўскім, чэлябінскім і мінскім тэатрах оперы і балета. Яна выканала каля двух дзясяткаў сольных партый, у тым ліку Джульеты, Папялушкі, Эсмеральды, Жызэлі. Завяршыўшы танцавальную кар'еру, на працягу 15 гадоў была мастацкім кіраўніком Мінскага харэаграфічнага вучылішча (цяпер Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж), тут выкладае і сёння. Выхавала не толькі добрую трэць артыстаў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі — яе дзеці, Натэла і Дзяніс Дадышкіліяні, таксама сталі адметнымі танцоўшчыкамі. Натэла мае званне заслужанай артысткі Беларусі.

— Клара Мікалаеўна, што прымушае вас кожную раніцу ісці на работу?

— Любоў да прафесіі. А яна ў сваю чаргу патрабуе ад мяне творчасці, падтрымання пэўнага ўзроўню. Дзеці ж павінны ў табе бачыць найперш прафесійнага педагога. Ты іх вучыш прафесіі, і ад таго, як гэта робіш, будзе залежаць якасць іх працы, іх прафесійны лёс.

— У чым сакрэт вашай выдатнай фізічнай формы?

— Трымаць сябе ў тонусе вельмі важна. Праўда, чым старэйшай становішся, ты больш намаганняў даводзіцца прыкладаць. Кожную раніцу раблю гімнастыку, каб прывесці мышцы ў парадак. Калі не працаваць над сабой штодзень, гэта вельмі хутка адаб'ецца на самаадчуванні.

— Калі вы вырашылі стаць балерынай?

— Я нарадзілася ў 1935 годзе ў Горкаўскай вобласці (цяпер Ніжагародская. — Аўт.). Бацька быў капітанам рачнога флоту, усё лета мы праводзілі на Волзе. Перажылі вайну, і ў 1945 годзе, паколькі я была вельмі жвавая і эмацыянальная, мама вырашыла аддаць мяне ў Горкаўскае харэаграфічнае вучылішча. Там я правучылася тры гады. З Пермскага харэаграфічнага вучылішча да нас прыехалі выкладчыкі і са 150 чалавек адабралі 15 — трое хлопцаў і астатнія дзяўчаты, я была ў іх ліку. Так я пераехала на вучобу ў Перм. У 1955 годзе скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча. Пасля працавала ў Горкаўскім тэатры оперы і балета, потым — у Чэлябінску, а з 1965 года — у Мінску, у тэатры оперы і балета.

— У Мінск вы прыехалі разам з мужам, знакамітым рэжысёрам-пастаноўшчыкам Атарам Дадышкіліяні. Як вы з ім пазнаёміліся?

— Калі працавала ў Горкім пасля харэаграфічнага вучылішча, ён прыехаў у наш тэатр у якасці балетмайстра. Пабачыў мяне на сцэне, у рабоце, а потым завязаліся і асабістыя адносіны. У 1956 годзе мы пераехалі ў Чэлябінскі акадэмічны тэатр оперы і балета, ён там працаваў галоўным балетмайстрам. У 1964 годзе яго запрасілі ў Мінск.

— Вам спадабаўся горад, тэатр?

— Цяпер Мінск стаў нашмат прыгажэйшы, тады быў больш просты. А тэатр мне адразу спадабаўся. Але спачатку адчувала я сябе не вельмі ўтульна. У артыстычным асяроддзі заўсёды няпростыя стасункі, хапае і зайздрасці, а я яшчэ і жонка галоўнага балетмайстра... Хацелася вярнуцца назад у Чэлябінск, дзе мяне ведалі і любілі, дзе нікому нічога не трэба было даказваць. Я на той час ужо мела званне заслужанай артысткі РСФСР... Але перажыла ўсё, і да 42 гадоў служыла ў тэатры.

— Вашы дзеці, Натэла і Дзяніс, таксама сталі танцоўшчыкамі. Гэта было іх жаданне ці вы падштурхоўвалі да такога выбару?

— З Натэлай, а яна была вельмі жвавай, рухавай, я займалася з трох гадоў. Яна была вельмі здольнай дзяўчынкай. Але калі яна пайшла ў вучылішча, я над ёй не трэслася — аддала педагогу і не ўмешвалася. А вось сына, здаецца, больш кантралявала: я сама на той час ужо працавала ў вучылішчы, і яго сюды прывяла. Ён быў добрым танцоўшчыкам, такіх называюць характарнымі акцёрамі, выканаў шмат партый і ў оперным тэатры, і ў музычным. Цяпер ён педагог, з Ірынай Пушкаровай працуе ў інклюзіў-тэатры, ставяць спектаклі з удзелам дзяцей, у тым ліку і з асаблівасцямі. Натэла ўжо некалькі гадоў працуе ў Амане.
З мужам мы рассталіся, ён вярнуўся ў Ніжні Ноўгарад, амаль тры дзесяцігоддзі працаваў там галоўным рэжысёрам тэатра, і цяпер без яго жыць не можа, два гады таму паставіў балет «Спартак». Але яму ўжо 95, апошнім часам з'явіліся праблемы са зрокам.

— Вашы ўнукі працягнуць балетную дынастыю?

— У мяне іх двое. Унук вучыцца ў каледжы мастацтваў, выдатна малюе, заканчвае музычную школу, ён барабаншчык. Ва ўнучкі, а ёй зараз восем, ёсць усе даныя для балета, але яна не захацела займацца. Таксама пайшла ў мастацкі каледж, і малюе добра, і лепіць. Магчыма, калі ёй споўніцца дзесяць, паспрабую прывесці ў наш каледж — шкада губляць такія даныя і перапыняць дынастыю (усміхаецца).

— Нядаўна ваш уклад у развіццё балета Японіі адзначыў імператар Краіны ўзыходзячага сонца. А ваш вопыт работы з японскімі дзецьмі пачаўся ў далёкім 1983 годзе...

— Спачатку японцы прыязджалі па лініі «Інтурыста». Пасля заключылі дагавор з нашым харэаграфічным вучылішчам, як тады называўся каледж, і па сёння мы з імі кантактуем, у нас цяпер вучыцца дзевяць будучых артыстаў балета з гэтай краіны. Я, напрыклад, сёлета выпускаю дзяўчынку — вельмі здольная, тэхнічная. Яна ў нас ужо танцуе ў балеце «Шчаўкунок» партыю Машы.

З 1988 года мяне запрашалі ў Японію даваць майстар-класы, і кожнае лета месяц-два я ездзіла па ўсёй краіне. Мне там падабалася — японцы надзвычай спакойныя, усмешлівыя. Я быццам бы на адпачынку была, хоць працаваць даводзілася шмат. Вярталася напоўненая энергіяй, зусім у іншым стане. Мы адбіралі ў каледж шмат дзяцей з Японіі. Яны ў нас вучыліся 2-3 гады, атрымлівалі дыпломы.

— З чым звязана такая іх цікавасць да нашага балета?

— З 1981 года японцы пачалі звяртацца да класічнага танца. Сталі запрашаць на гастролі замежныя балетныя трупы. Потым самі адкрылі класічны балетны тэатр. Зразумелі і палюбілі класіку. І я ва ўсіх гарадах выкладала менавіта класічны танец.

— Японцы адрозніваюцца па сваіх даных для балета?

— Яны і знешне, і ўнутрана адрозніваюцца. Калі шчыра, у Японіі складана з фізічнымі данымі для балета — тымі, якія мы патрабуем. У іх іншыя і прапорцыі, і фізічныя магчымасці. Але ўсё роўна яны стараюцца навучыцца танцаваць. Гэта вельмі працаздольная нацыя, калі за нешта бяруцца, то абавязкова свайго даб'юцца.

— Хто, на ваш погляд, сёння яркія асобы ў балеце?

— Ад вучаніц ведаю, што яны арыентуюцца на Ульяну Лапаткіну, Вольгу Смірнову, Святлану Захараву. Сёння дастаткова таленавітых балерын.

— Клара Мікалаеўна, вашы навучэнцы жывуць і працуюць па ўсім свеце. Кім з іх ганарыцеся?

— Так, за мяжой працуюць мае выпускнікі, у нашым оперным тэатры вялікая колькасць нашых выхаванцаў. Мая выхаванка, напрыклад, народная артыстка Людміла Кудраўцава, выконвала партыі Эсмеральды, Ізольды, Джульеты, Жызэль, Кармэн. Мае вучаніцы выкладаюць і ў нашым каледжы — Наталля Кузьменка, Жанна Лебедзева.

— Як вашы выхаванкі ставяцца да вас?

— Здаецца, добра! Вы лепш у іх спытайце.

— Клара Мікалаеўна — выдатны педагог, навучыла мяне ўсяму з нуля. Калі б не яе патрабавальнасць і цярплівасць, з мяне, магчыма, нічога б не атрымалася, — дадае Багдана Аляксеева, навучэнка класа Клары Малышавай.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Жыццё як танец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».