Вы тут

Наступны прыпынак


Учора быў чарговы Дзень роднай мовы. Нагадаў пра тое на досвітку ўключаны на кухні тэлевізар: яшчэ не паспеў засвяціцца экран, а з дынамікаў ужо лілася добрая беларуская гаворка вядучых ранішняй праграмы. Гаварылі яны нязмушана, з усмешкамі, нібы гэта справа для іх звыклая, штодзённая, — адна асалода чуць. А выйшаўшы са студыі, пэўна, тут жа перайшлі на іншую дзяржаўную, якая для іх (як і для многіх-многіх нашых суграмадзян), па сутнасці, і ёсць родная. І не трэба на мяне коса глядзець і абвінавачваць ва ўсіх магчымых грахах за гэту ўсяго толькі канстатацыю бясспрэчнага факта. Бо гэта сапраўды так. Бо родная мова, паводле нармальнага агульнапрынятага разумення, — гэта мова, на якой ты пачуў і сказаў першыя словы, на якой ты нязмушана думаеш і свае думкі выказваеш. Калі па гэтай зразумелай формуле рабіць высновы, адкінуўшы ўсю лірыку, кшталту «не ведаю, не размаўляю, але ж люблю і лічу роднай» (гэта вельмі зручная пазіцыя, дарэчы, вынайдзеная менавіта беларусамі, прычым не сёння і не пазаўчора), дык карціна атрымаецца вельмі нават невясёлая. І колькі ні паўтарай у транспарце: «Наступны прыпынак...», больш аптымістычнай яна не становіцца.


Чаго ж нам не хапае, каб загаварыць па-беларуску, каб загаварылі па-беларуску нашы дзеці? Бо стаўленне да мовы — абсалютна шчыра — амаль ва ўсіх за рэдкімі, вельмі рэдкімі сёння выключэннямі — прыязнае і добразычлівае. Але адна справа стаўленне, зусім іншая — дзеянне. Нядаўна мама чатырохгадовай дзяўчынкі з замілаваннем расказвала, як малая, прыходзячы з садка, гаворыць «дзякуй», «добры дзень», «смачна есці» — дзетак мове навучаюць там ужо з сярэдняй групы. «А потым яна просіць пачытаць ёй беларускую кніжку. Я пачынаю чытаць, а яна перапытвае: а што такое «бусел»? а «шкарпэтка»? Даводзіцца тлумачыць, перакладаць, бо яна сапраўды не разумее. Дык гэта ж не чытанне, а мука нейкая — ніякага цярпення не хопіць! Так тыя кніжкі ў нас на паліцы і ляжаць без справы. Я хачу, каб малая і беларускую мову ведала, але неяк, напэўна, вывучыць сама. Няма мне часу з гэтым важдацца...»

У чым прычына такой вельмі тыповай для нашага грамадства пазіцыі? І давайце не будзем тут прыплятаць дзяржаву, сістэму адукацыі, іншыя агульныя катэгорыі, згадванне якіх ужо, шчыра кажучы, набіла аскому. Мне ў адной такой спрэчцы калега заявіў: калі «паны» не загавораць, дык і «мужык» — нізавошта. Але ж менавіта тыя самыя мужыкі, нашы пра-пра-пра... на працягу некалькіх стагоддзяў, калі іхняя мова была практычна забароненая і існавала толькі ў вуснай форме, калі сапраўдныя паны на ёй дакладна не гаварылі, гэту мову для нас, сваіх нашчадкаў, і збераглі. Выходзіць, яны, «паны касы і сахі», у лапцях ды світках, былі больш адказныя, больш свядомыя ў захаванні роднага слова?..

Шчыра кажучы, я вельмі часта думаю над падобным парадоксам. І ведаеце, да якой высновы прыйшла? Не будзе паўнавартасна і годна жыць той, хто сам сябе шкадуе і правакуе іншых на шкадаванне. Бо шкадаванне і павага — часцей за ўсё рэчы несумяшчальныя. Так і з мовай. Вы ведаеце што-небудзь пра літаратурныя творы, прысвечаныя англійскай мове? А нямецкай? А французскай? Дый нават пра рускую ўспомніш толькі бравурнага Маякоўскага, які безапеляцыйна заяўляе, што вывучыў бы яе толькі за тое, «что им разговаривал Ленин!». А што ў нас, людцы мае, — суцэльныя «Песні жальбы»! «Не пакідайце ж...», «Паверце, вашай ён не ўкраў...», «Толькі месяцаў назвы пакіньце...», «Ці плачу я, ці пяю...» Класікі, канешне, пісалі пра тое, што ім баліць. Але і сёння, праз сто дваццаць восем, сто дванаццаць, пяцьдзясят пяць гадоў пасля таго, як пісаліся гэтыя радкі, мы працягваем мысліць тымі самымі катэгорыямі. Датычна да беларускай мовы мы саромеемся, апраўдваемся, плачамся, заклікаем. Мы, што, чакаем, што нас хтосьці пашкадуе, суцешыць, пагладзіць па галаве і дасць цукерку ў выглядзе закліку «Гавораць усе!»?

Чаго і ад каго мы яшчэ чакаем? Чаму ў адносінах да мовы нам, такім адукаваным і «прасунутым», больш зручна адчуць сябе ўсё тым жа забітым мужыком-селянінам, які сарамліва бубніць: «А каб цёмны не быў, чытаць кніжкі ўмеў»... Дык бяры і чытай — хто табе не дае?! Вунь іх колькі — у кнігарнях, у бібліятэках, у сеціве. Статус дзяржаўнай мовы незалежнай краіны ёсць, права атрымліваць на ёй адукацыю таксама, права размаўляць на ёй маем ад нараджэння. Вядучыя камп'ютарныя платформы маюць беларускую раскладку клавіятуры, сацыяльныя сеткі размаўляюць па-беларуску. Нават у транспарце нам ветліва паведамляюць пра «наступны прыпынак». І дзяцей у садках вучаць (робяць гэта за нас) гаварыць «дзякуй» і «добры дзень». А вось пачуццё гонару і годнасці ні ў якім законе не прапішаш. Гэта павінны мы самі. Самі, бо акрамя нас, нікому гэта і не патрэбна.

Вось пра гэта я і хацела сказаць вам назаўтра пасля Дня роднай мовы. Так бывае пасля свята — калі эйфарыя праходзіць і ў галаву розныя не вельмі прыемныя думкі лезуць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.