Вы тут

Вільнюс прымае беларускіх кніжнікаў


У сталіцы Літвы — асветніцкае свята: учора пачаў сваю работу Вільнюскі кніжны кірмаш. Разам сабраліся выдаўцы з сямі краін свету. Сярод удзельнікаў — і беларускія кніжнікі.


Увазе наведвальнікаў, гасцей прэстыжнай выстаўкі — навінкі беларускага кнігавыдання за 2018 год, а таксама першыя кнігі, што пабачылі свет у сёлетніх студзені — лютым. Свае здабыткі прэзентуюць выдавецтвы «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Народная асвета», «Беларусь», «Беловагруп», Выдавецкі дом «Звязда», паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа і іншыя. Сярод навінак — і новае выданне легендарнай паэмы класіка польскай літаратуры Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» у перакладзе на беларускую мову з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. На паліцах беларускага стэнда — шмат выданняў, якія прэзентуюць грамадскія ініцыятывы, галоўныя падзеі 2019 года. А гэта — буклеты, даведачная літаратура турыстычнага характару, усё тое, што расказвае пра знакамітыя мясціны Беларусі, прадстаўляе і спартыўныя аб'екты краіны ў пярэдадзень правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Даволі шмат на выстаўцы краязнаўчай, гістарычнай літаратуры, якая расказвае пра розныя мясціны Беларусі.

А ў сувязі з тым, што ўвесь свет адзначае ў лютым Дзень роднай мовы, паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа прэзентаваў у Вільнюсе зусім нечаканае выданне — зборнік аднаго верша лаўрэата Нобелеўскай прэміі Рабіндраната Тагора «Мая залатая Бенгалія» на мовах свету». Гэтая кніга — яшчэ і напамін, што менавіта ў знак барацьбы гэтай далёкай ад Беларусі краіны за незалежнасць было ўсталявана свята 21 лютага — Дзень роднай мовы. Пад адной вокладкай сабраны тэксты на 50 мовах. «Мая залатая Бенгалія» гучыць са старонак кнігі, выдадзенай на англійскай, рускай, польскай, мангольскай, турэцкай, туркменскай, украінскай, урду, сербскай, чарнагорскай, македонскай і яшчэ дзясятках моў, як голас розных народаў, розных культур, розных памкненняў да шчаслівага жыцця. Увогуле міжнародны складнік, повязь Беларусі, беларускага мастацкага слова з іншымі моўнымі, культурнымі прасторамі — адна з адметнасцяў стэнда з кнігамі Рэспублікі Беларусь. Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа прадстаўляе на выстаўцы яшчэ адзін праект — зборнік «Слова Купалы крочыць па свеце». У кнізе прадстаўлены невялікія нарысы, якія з'яўляюцца фактычна партрэтамі сяброў беларускай літаратуры ў розных краінах. Змешчаны і расповеды пра літоўскіх сяброў Беларусі — пісьменнікаў, публіцыстаў, перакладчыкаў Яронімаса Лаўцюса («У Беларусі я адпачываю душой і сэрцам»), Вітаўтаса Жэймантаса («Беларускімі сцежкамі Вільнюса»), якія, акрамя ўсяго іншага, з'яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы, на беларускім стэндзе будзе прэзентавана і кніга вершаў літоўскага класіка Майроніса, выдадзеная па-беларуску. Укладальнік выдання, яго ініцыятар — Вітаўтас Жэймантас.

У праграме ўдзелу беларускіх выдаўцоў у кніжным кірмашы — і перадача бібліятэкі асветніцкай літаратуры Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны, а таксама перамовы з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Літвы.

Мікола Берлеж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».