Вы тут

55 гадоў таму знялі камедыю «Жаніцьба Бальзамінава»


Летам 1964-га ў старажытным Суздалі рэжысёр Канстанцін Воінаў пачаў здымаць камедыю «Жаніцьба Бальзамінава», да якой сам жа напісаў сцэнарый паводле трылогіі Аляксандра Астроўскага «Святочны сон да абеду», «Свае сабакі грызуцца, чужы не прыставай» і ўласна «Жаніцьба Бальзамінава («За чым пойдзеш, тое і знойдзеш»). І хоць практычна адначасова з ім у гэтых жа лакацыях здымаліся яшчэ два фільмы — «Андрэй Рублёў» Андрэя Таркоўскага і экранізацыя пушкінскай аповесці «Стрэл», — але дагэтуль мноства турыстаў едзе ў Суздаль менавіта ў пошуках «дома Бальзамінава».


Ён, дарэчы, захаваўся, як і шмат якія іншыя драўляныя збудаванні, — па адрасе вуліца Старая, 13. Некалькі гадоў таму на ім з'явілася памятная дошка са згадкай пра здымкі «Жаніцьбы Бальзамінава», а побач працуе рэстаран, названы ў гонар Бальзамінава. Як успамінае цяперашняя гаспадыня дома, не захаваліся ў ім толькі свіран ды прыбудова — галубятня, побач з якой у садочку на раскладушцы адпачываў паміж здымкамі Георгій Віцын.

Дарэчы, акцёра без проб зацвердзілі на галоўную ролю — дробнага чыноўніка Мішы Бальзамінава, што марыў ажаніцца, але абавязкова з багатай. Больш за тое, менавіта з Віцыным студэнцкі сябар Канстанцін Воінаў яшчэ з 1936 года марыў зрабіць вялікую сумесную работу, але ўсё не выпадала, і нават калі быў напісаны сцэнарый, дазволу на здымкі давялося чакаць 10 гадоў...

І ўсё ж — Віцын стаў Бальзамінавым. Пры тым, што яму на той час было 46 гадоў, а герою — 25. Дзеля ролі давялося набыць юнацкую хударлявасць — Георгій Віцын месяц правёў на стадыёне ў Сухумі, дзе трэніраваўся з мясцовымі футбалістамі, і пастаянна сачыў за постаццю і паходкай, якія маглі выдаць узрост. А каб замаскіраваць узрост яшчэ больш, прыдумаў Бальзамінаву кучаравы парык і вяснушкі, якія маляваў штодзень.

А вось яго экранная матуля, актрыса Ларыса Шагалава, была маладзейшая за Віцына на шэсць гадоў, і каб ператварыць яе ў пажылую жанчыну, гарачай парай скуру прымушалі зморшчвацца, і гэтыя маршчыны мастак па грыме цягам некалькіх гадзін замацоўвала спецыяльным клеем. Затое эфект быў відавочны — на здымках актрыса пасябравала з мясцовай бабулькай, і калі аднойчы паказалася прыяцельцы без грыму, тая ледзь паверыла, што перад ёй той жа чалавек.

«Манументальны грым» і адметную прычоску прыдумалі і Ноне Мардзюковай, якая сыграла ўдаву Белацелаву — і гаварыла, што, гледзячы на сябе ў люстэрка, пачуваецца так, быццам перасела ў крэсла з карціны Кустодзіева. Дарэчы, акцёрскаму дуэту Мардзюковай і Віцына прыйшлося нялёгка: рэжысёру не падабалася адсутнасць экспрэсіі ў Ноны Мардзюковай, і той давялося раз за разам прыціскаць чырвонага «жаніха» да плоту, моцна цалуючы. У выніку сцэну з пацалункам знялі толькі з 29-га дубля! А актрыса Лідзія Смірнова, якая сыграла ролю свацці, не любіла згадваць пра сцэну з чарнічным пірагом: спачатку есці яго было смачна, потым — неабходна, і так — 15 (!) кавалкаў запар, ажно да ванітаў, пакуль рэжысёр не ўбачыў тое, што хацеў, і не сказаў «стоп, знята».

«Жаніцьбу Бальзамінава» прыязна сустрэлі крытыкі, а на прэм'еры, якая праходзіла ў кінатэатры «Мастацкі», будынак ачапіла конная міліцыя, бо гледачы ўсё рваліся ўнутр, гатовыя глядзець карціну нават стоячы. І хоць, як ні дзіўна, за больш чым паўстагоддзя фільм атрымаў толькі адну
дзяржаўную ўзнагароду (у 1973-м — Ноне Мардзюковай), гэта з лішкам кампенсуецца незгасальнай глядацкай любоўю.

Асвяжыце і вы ў памяці Астроўскага — не сатырычна-выкрывальнага, а лёгкага, смешнага і сумнага, — паспрабуйце знайсці і апазнаць сярод герояў Людмілу Гурчанку, Наталлю Крачкоўскую, Надзею Румянцаву. Тым больш, на наступным тыдні «Жаніцьбу Бальзамінава» пакажуць некалькі
разоў: 1 і 2 сакавіка — «МІР», 2 і 3 сакавіка — «Беларусь 3».

Сказана!

«Хочацца жыць прыстойна, а спосабаў ніякіх няма-с...»

«Нуда, Анфіса! — Нуда, Раіса!»

«Ты спытай: чым я толькі не бітая! Качаргой — бітая, паленам — бітая, аб печку — бітая... Вось печкай не бітая».

«Заходзьце яшчэ, нам без дурняў сумна».

«Чаму ж цераз плот?» — «Ад пачуццяў-с!»

«А я ніколі не закусваю. Не маю такой дурной звычкі».

«У кожнага свая планіда».

Загаловак у газеце: «Анфіска, Раіска, сканчай сідроль!»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.