Вы тут

Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць нараду ўсяго сілавога блока краіны


Яе тэмы — вынікі мінулага года і праблемныя пытанні, аб чым заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.


Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што генеральнаму пракурору варта далучыцца да кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта і Савета бяспекі для падрыхтоўкі нарады ўсяго сілавога блока па выніках мінулага года. "Пры гэтым я папрашу засяродзіцца не на дакладах аб нашых вялікіх дасягненнях — яны таксама ёсць, яны вядомыя — а на тых пытаннях, над якімі нам трэба будзе працаваць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар звярнуў увагу суразмоўцы на тое, што ўсіх прадстаўнікоў сілавых структур ён просіць дакладваць коратка і па тых пытаннях, якія тычацца непасрэдна Прэзідэнта. Тэрмін нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў вызначыць з кіраўніком Адміністрацыі Наталляй Качанавай.

Ён зноў падкрэсліў: змест будучай нарады — вынікі працы і праблемы. "Каб мы іх абгаварылі і прымалі рашэнні калегіяльна, а не так, што ў міліцыі хто-небудзь што-небудзь скажа — і пайшоў шум, потым дзесьці яшчэ хто-небудзь што-небудзь скажа. Трэба, каб была нейкая адзіная канцэпцыя ў нас, у тым ліку па выніках, пачынаючы ад арміі і заканчваючы следчым камітэтам", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Непасрэдна на сустрэчы кіраўнік дзяржавы заклікаў генпракурора асвятліць тыя пытанні, якія былі пазначаны раней па асноўных напрамках работы пракуратуры, а таксама выказацца па тых аспектах, якія маюць патрэбу ў рэакцыі беларускага лідара.

Другое пытанне — спартыўнае. "Вы ў нас не апошні чалавек у вельмі важнай сферы на злобу дня — лыжная федэрацыя", — адзначыў ён. Нагадаем, Аляксандр Канюк з'яўляецца старшынёй Беларускай федэрацыі лыжных гонак. Прэзідэнт пацікавіўся, як на чэмпіянаце свету паказваюць сябе беларускія спартсмены, на што яны могуць прэтэндаваць.


Аляксандр Канюк: У Беларусі зменшылася колькасць цяжкіх злачынстваў

Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк пагутарыў з журналістамі.

Ён адзначыў, што сёння адбылася планавая сустрэча з кіраўніком дзяржавы, нічога надзвычайнага ў ёй няма. Генеральны пракурор далажыў аб выніках працы пракуратуры, а таксама па крымінагеннай сітуацыі, якая склалася ў 2018 годзе. "Ёсць станоўчыя моманты, тэндэнцыі. Колькасць загінулых ад злачынных замахаў у нас у краіне — гэта вельмі важна. Зменшылася колькасць цяжкіх злачынстваў", — паведаміў ён.

Аляксандр Канюк нагадаў, што ў свой час быў прыняты закон, які ўвёў больш жорсткую адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення. "Памяншаецца колькасць такіх людзей, тым больш, як вы ведаеце, паўторнае кіраванне яшчэ азначае і канфіскацыю аўтамабіля, таму гэта мае ўздзеянне. У гэтых адносінах станоўчая тэндэнцыя", — пацвердзіў генпракурор.

Была звернута ўвага на тыя асноўныя даручэнні Прэзідэнта, якія былі дадзены раней, — знешняя дэбіторская запазычанасць, а таксама барацьба з карупцыяй. У прыватнасці, у канцы мінулага года Аляксандр Канюк сумесна з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта і старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб'ехалі ўсю краіну, правялі спецыяльныя пасяджэнні ў выканкамах менавіта па пытаннях карупцыі.

Раней генеральны пракурор заяўляў пра тое, што ў нас расце выяўленне карупцыйных злачынстваў, а таксама казаў пра тое, каб узмацніць паўнамоцтвы антыкарупцыйных камісій на месцах. Ці ёсць канкрэтныя прапановы па гэтай тэме? Ён адказаў станоўча і распавёў пра каардынацыйную нараду, якая была праведзена ў канцы мінулага года. Агульнае меркаванне ўсіх прысутных на гэтым мерапрыемстве — ёсць неабходнасць перафарматаваць працу гэтых камісій, надаць ім вялікую значнасць і статус, каб неабходныя рашэнні і працэсы не зацягваліся. На асабістую думку Аляксандра Канюка, трэба, каб гэтыя камісіі ўзначальвалі кіраўнікі прадпрыемстваў, выканаўчых камітэтаў розных узроўняў.

"Цяпер мы рыхтуем змены ў закон аб барацьбе з карупцыяй. Там будзе не толькі гэта, іншыя моманты яшчэ паправім, улічваючы, што ўжо ёсць напрацаваная практыка. Мы перагаварылі з людзьмі, з кіраўнікамі гэтых камісій. Ёсць вельмі добра працуючыя, талковыя кіраўнікі, яны нам нешта падказалі", — дадаў Аляксандр Канюк.

Што тычыцца дэбіторскай запазычанасці, то яна сапраўды паменшылася, пацвердзіў журналістам генеральны пракурор. Ён звярнуў увагу, што даручэнне кіраўніка дзяржавы пракуратуры заняцца гэтым аспектам з'яўляецца досыць абгрунтаваным. "Самае галоўнае, чаму пракуратура занялася знешняй дэбіторскай запазычанасцю — існавалі крымінальныя схемы, — падкрэсліў Аляксандр Канюк. — І вось гэты факт, што заняліся праваахоўныя органы, — нам удалося прыпыніць працэс гэтых махлярскіх схем".

У якасці прыкладу падобнага злачынства ён прывёў пастаўкі айчыннай прадукцыі за мяжу, калі грошы за яе не вярталіся. "У нас ужо ёсць канкрэтныя крымінальныя справы. Кіраўнік аднаго з мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў асуджаны да пазбаўлення волі ў калонію за гэта. За тое, што быў нанесены салідны ўрон дзяржаве", — дадаў генеральны пракурор.

Самае галоўнае, на што ізноў была звернута ўвага, — гэта тое, што ўдалося прыпыніць працэс махлярскіх схем, іх стварэнне. Зразумела, гэта звязана ў тым ліку з тым, што гэтым пытаннем займаюцца розныя сілавыя структуры.

З нагоды будучай нарады па ўсім сілавым блоку Аляксандр Канюк адзначыў, што праблематыка будзе ўдакладняцца ў бліжэйшы час. Аднак ён акцэнтаваў увагу, што на разгляд беларускага лідара вынесуць найважнейшыя пытанні, тады як астатнія неабходна вырашаць сілавым структурам самастойна.

Яшчэ адно пытанне сустрэчы з Прэзідэнтам — лыжныя гонкі. Як старшыня Беларускай Федэрацыі лыжных гонак, ён адзначыў, што на чэмпіянаце свету па гэтым відзе спорта выступае перафарматаваная каманда з новым галоўным трэнерам. "Спадзяемся на нашых беларускіх спартсменаў, таму што, нажаль, вопыт валанцёраў або, як гэта прынята цяпер казаць, людзей з іншых краін паказаў не вельмі добры вынік", — сказаў ён.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.