Вы тут

Карысць, шкода і альтэрнатывы шматслойнай упакоўкі


Гэта не проста тара, а цэлая тэхналогія, якая дазваляе людзям спрасціць жыццё і зрабіць яго больш камфортным. З аднаго боку, гэта карыснае дасягненне навукі, дзякуючы якому ежа даўжэй захоўваецца несапсаванай, а тавары не губляюць сваю форму і знешні выгляд і добра пераносяць самыя доўгія транспарціроўкі. Нарэшце, яркая абгортка проста радуе вока пакупніка. А з другога — усе карысныя для прадукцыі ўласцівасці ўпакоўкі — яе трываласць, непарушальнасць цэласнасці, супраціўленне хімічным уздзеянням — дрэнна адбіваюцца на экалогіі. І ўсё часцей гучаць меркаванні, што шкоды ад яе больш, чым карысці.


Не гарыць, не тоне, не гніе

Упакоўка і перапрацоўка пераследуюць абсалютна супрацьлеглыя мэты. Вытворца і пакупнік хочуць мець тару, якая ў агні не гарыць і ў вадзе не раствараецца, не ламаецца, не камечыцца, не раскладаецца, не гніе... Аднак устаноўкі для апрацоўкі адходаў якраз разлічаны на тое, каб упакоўку можна было разбурыць, ушчыльніць, разабраць на складнікі. І хоць поўнасцю пазбавіцца ад выкарыстання пластыку немагчыма, неабходна скараціць яго колькасць, перастаўшы, напрыклад, прапаноўваць бясконцыя бясплатныя пакецікі. Так мяркуе Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», аднаго з органаў, якія па даручэнні Прэзідэнта павінны распрацаваць прапановы аб паступовым замяшчэнні ПЭТ-бутэлек шкляной тарай:

— Мы не можам цалкам адмовіцца ад пластыкавай упакоўкі і замяніць яе, напрыклад, папяровай, якая поўнасцю раскладаецца за некалькі месяцаў. Каб вырабіць паперу, патрэбна прыродная сыравіна і шмат вады, а сам працэс вельмі энергазатратны. Калі паглядзець на ўвесь жыццёвы цыкл пластыкавай і папяровай тары ад стварэння і выкарыстання да моманту яе ўтылізацыі, то яшчэ невядома, хто «выйграе» па негатыўным уплыве на прыроду.

Пластык, дарэчы, адназначна лепшы па паказчыках вагі і трываласці. Пластыкавая ўпакоўка важыць у пяць разоў менш за папяровую. Адпаведна, менш затрат на яе перавозку і менш забруджвання паветра выкідамі транспарту.

Разам з тым ва ўпаковачнай індустрыі ўсё часцей задумваюцца над экалагічнымі рашэннямі. Напрыклад, як вырабляць тару з прадукцыі ад перапрацаваных другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) або выкарыстоўваць упакоўку, якая цалкам магла б быць перапрацавана.

Затратная перапрацоўка

Шматслойная тара, або, як яе яшчэ называюць, упакоўка-торт, складаецца з некалькіх слаёў, аб'яднаных паміж сабой рознымі тэхналагічнымі спосабамі. Знешні слой звычайна выкарыстоўваецца для маляўнічага брэндзіравання, унутраныя — для захоўвання прыдатнасці прадукту і яго бяспекі. Іх немагчыма раздзяліць, а значыць — не выкарыстаць
у якасці ДМР.

— Для другаснай перапрацоўкі неабходна атрымаць чысты матэрыял. Напрыклад, паперу без дамешкаў пластыку ці пластык без прымесяў металу або толькі дакладны тып пластыку. Аднак часцей за ўсё гэта немагчыма або настолькі тэхнічна складана і эканамічна затратна, што намаганні не апраўдаюцца, — кажа Ніна Кульбеда. 

Нават тэтрапак, які многія лічаць кардонным і экалагічным, — насамрэч таксама ўпакоўка-торт, дзе можа быць і дзевяць слаёў паперы, поліэтылену, алюмінію. З такой тары таксама вельмі складана атрымаць чыстыя асобныя матэрыялы. Праўда, у арганізацыі спадзяюцца, што ўжо сёлета ў краіне з'явіцца аб'ект па перапрацоўцы камбінаванай упакоўкі «тэтрапак» для атрымання цэлюлозы, якая складае аснову такой тары.

На паліва ці на звалку

Гнуткая ўпакоўка — гэта тара для соусаў, кетчупаў, маянэзаў, кавы і іншых прадуктаў. У яе склад уваходзіць празрысты поліэтылен, клей, алюмініевая фольга і поліэты-
лентэрэфталат.

— Апошні сам па сабе вельмі каштоўны рэсурс, які лёгка перапрацаваць, аднак аддзяліць яго ад другіх частак без прымесяў немагчыма, — заўважае спецыяліст. — Таму перапрацоўваць такую кампазітную тару ў прамысловых маштабах можна толькі шляхам спальвання, каб атрымаць з гэтых адходаў цеплавую і электрычную энергію. За мяжой, дарэчы, больш за 60 працэнтаў пластыкавай упакоўкі або любой іншай лёгкай упакоўкі (не шкляной) ідзе якраз на паліва, у тым ліку і для цэментных заводаў.

Часткова шматслойную ўпакоўку выкарыстоўваюць для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і вулічнай мэблі. У Беларусі робяць невялікія партыі каналізацыйных люкаў і тратуарнай пліткі, але гэта толькі кропля ў моры, лічыць спецыяліст. Акрамя таго, гэта ўжо будзе апошняе жыццё прадукту. Калі ён сапсуецца, яго шлях толькі на звалку.

— Нават яркія хрусткія ўпакоўкі з-пад макароны, круп, пячэння і цукерак — гэта не проста поліэтылен. Тут прысутнічае чатыры віды пластыку: поліпрапілен, поліэтылен, полівінілхларыд, поліэтылентэрэфталат, раздзяліць якія таксама складана. Замест яркай упакоўкі можна набыць пячэнне ў паперы, а цукеркі — браць на вагу ці класці ў папяровы кулёк, — раіць Ніна Кульбеда.

Для некаторых відаў гнуткай упакоўкі ўсё ж можна падабраць альтэрнатыву. Для пакетаў з кавай гэта шклянкі, для кетчупу — ПЭТ-бутэлька, якая цудоўна перапрацоўваецца, або шкляная тара.

Тэтрапак ад малака — кардон+пластык+метал — таксама не перапрацоўваецца і раскладаецца сотні гадоў. Як і малочныя пакеты, якія маюць тры слаі, і пластыкавая непразрыстая тара для малака ў выглядзе збанка. Аднак усё гэта можна замяніць шклом або ПЭТ-бутэлькай. Праўда, тэрмін прыдатнасці напою паменшыцца.

Знішчыць нельга адмовіцца

Каб папярэдзіць утварэнне адходаў, трэба паменшыць часта неапраўданы аб'ём упакоўкі і адмовіцца ад яе там, дзе гэта можна зрабіць без пагаршэння стану тавару, або ўніфікаваць тару, каб цалкам перапрацоўваць яе. Яшчэ адзін варыянт — пэўны від тавараў упакоўваць толькі ў канкрэтны матэрыял. Тады яго будзе лёгка адсартаваць з адходаў, каб атрымаць чыстую сыравіну, перапрацаваць і вярнуць у вытворчасць, дзеліцца Ніна Кульбеда:

— Пакуль заканадаўча такі падыход па папярэджанні ўтварэння адходаў і прыняцці мер, якія б паўплывалі на бізнес і абмежавалі яго ў выкарыстанні пэўных матэрыялаў, не ўдаецца замацаваць ні ў адной краіне. Усё гэта мае толькі рэкамендацыйны характар.

Думаючы пра неабходнасць змяншэння выкарыстання пластыку хоць бы там, дзе яго можна замяніць шклом, важна памятаць, што адмовіцца ад гэтага матэрыялу
цалкам і забараніць яго ўсё роўна не атрымаецца, падкрэслівае Ніна Кульбеда:

— За мінулае стагоддзе колькасць насельніцтва вельмі ўзрасла, і пытанні забеспячэння харчавання людзей у свеце звязаны з упакоўкай ежы ў пластыкавую тару, вырабленую па новых тэхналогіях, што спрашчае перавозку і захоўванне прадукцыі. Нават пры наяўнасці альтэрнатывы трэба ўзважыць, ці будзе магчымасць забяспечыць адпаведную колькасць такой тары і ці бяспечная вытворчасць упакоўкі-аналага.

Можна зменшыць выкарыстанне пластыку хоць бы там, дзе яго магчыма замяніць шклом. Аднак пры гэтым лепш вярнуцца да шкляной тары шматразовага выкарыстання, падкрэсліла спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».