Вы тут

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?


У чым перавага папяровых картаў перад анлайн-версіямі і чаму выданні на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў, даведалася карэспандэнт «Звязды».


«Вя­лі­кі гіс­та­рыч­ны ат­лас Бе­ла­ру­сі» быў пры­зна­ны най­леп­шым  на на­цы­я­наль­ным кон­кур­се «Мас­тац­тва кні­гі» ў на­мі­на­цыі «Тры­умф».

Адказнасць за кожную рыску

Рабочы стол галоўнага рэдактара РУП «Белкартаграфія» Галіны Ляхавай не відаць пад стосам шырокіх рознакаляровых лістоў. Прыглядаюся да іх — вуліцы Гродна. У руках жанчына трымае аловак і ўручную ўносіць на паперу рэдактарскія ўказанні.

— Гэта толькі здаецца, што развіццё тэхналогій значна спрасціла працэс стварэння картаў. Вядома, лініі пяром з тушшу цяпер ніхто не наносіць, аднак камп'ютар поўнасцю работу не выконвае. Ён толькі інструмент. Кожная карта — гэта калектыўны прадукт, над якім працуе не менш за дзесяць чалавек: уласна картограф-выканаўца, тэхнолаг, рэдактар, галоўны рэдактар, карэктар, інжынер-сістэматэхнік, мастак і іншыя, — расказвае дырэктар прадпрыемства Іна ШЛЫК.

Але ці вартыя такіх намаганняў вынікі ў наш час, калі ў кожнага ў смартфоне — «Google.Maps» і «Яндэкс.Карты»? Безумоўна. Унесці праўкі ў анлайн-сэрвісы можа любы. Прычым, як карысныя, так і шкодныя. Адзін з нядаўніх сумных прыкладаў якраз закрануў Брэсцкую крэпасць. На Google.Maps скульптурная кампазіцыя «Смага» была перайменавана ў «Прагу хуткасці» («Жажду скорости»). Віртуальны вандалізм у чыстым выглядзе. Жыхары Брэста, як толькі ўбачылі гэты жах, забілі трывогу і вярнулі скульптуры яе сапраўднае імя.

— Мы нясём адказнасць за кожную рысачку на нашых картах, працуем у цеснай сувязі з дзясяткамі арганізацый і экспертаў. Усе даныя і назвы вывяраюцца па некалькіх крыніцах, — запэўніваюць на прадпрыемстве. — Вядома, анлайн-карты больш гібкія ў плане актуальнасці звестак. Аднак яны не адлюстроўваюць дынамікі. Мы бачым толькі тое, што ёсць у пэўны момант. Як выглядала тое ці іншае месца 10, 20, 50 гадоў таму, можна прасачыць толькі па фіксаваных носьбітах. Акрамя таго, інтэрнэт-сэрвісы даюць толькі абагульненую інфармацыю. Нашы матэрыялы ў залежнасці ад скіраванасці маюць падрабязнае апісанне аб'ектаў. Гэта карты турыстычныя і дарожныя, раённыя і гарадскія, азёр і вадасховішчаў, дзіцячыя і вучэбныя, палітычныя і эканамічныя, прамысловыя, сельскагаспадарчыя і г. д.

Эксклюзіў на роднай мове

Іна Шлык.

Цяпер беларускія картографы выпускаюць прадукцыю на трох мовах — англійскай, беларускай і рускай. Першая запатрабаваная замежнымі турыстамі (асабліва напярэдадні міжнародных спартыўных спаборніцтваў, якія часта ладзяцца ў краіне), апошняя — масавым пакупніком. А вось выданні на роднай мове маюць зусім невялікія тыражы, калі не браць у разлік вучэбныя матэрыялы для школьнікаў.

Штатнага перакладчыка ў «Белкартаграфіі» няма. Ён тут па вялікім рахунку і не патрэбны. Назвы населеных пунктаў і геаграфічных аб'ектаў у беларускім і рускім варыянце рэгламентуюцца Дзяржаўным каталогам геаграфічных назваў.

— Даўно склаліся добрыя стасункі з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа пры Нацыянальнай акадэміі навук. Калі ўзнікаюць нейкія спрэчныя моманты, звяртаемся да іх, — расказвае дырэктар.

Што да змен у назвах геаграфічных аб'ектаў, то здараюцца яны і цяпер. Радуе, што ідзе працэс вяртання аўтэнтычных, спрадвечных найменняў.

Першай грунтоўнай работай айчынных картографаў па-беларуску стаў Нацыянальны атлас, выпушчаны ў 2002 годзе. Іна Шлык кладзе перада мной важкую цёмна-зялёную кнігу з залатымі літарамі.

— Ён пакуль адзіны ў сваім родзе, але мы ўжо падумваем аб перавыданні. Многія звесткі састарэлі або патрабуюць дапаўненняў. Узяць хоць бы кліматычныя карты — на поўдні ўтварылася новая тэмпературная зона, — кажа суразмоўца. — Цікава, што самы першы атлас нашай краіны пабачыў свет толькі ў 1958-м — напярэдадні саракагоддзя БССР. На жаль, толькі ў рускай версіі.

Затое цяпер знакавыя карты выпускаюцца выключна па-беларуску. Дарэчы, цікавае супадзенне: Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы супадае з Днём роднай мовы. Натуральна, яны хочуць унесці лепту ў падтрыманне прэстыжу сваёй культуры. Возьмем да прыкладу нашумелы чатырохтомны «Вялікі гістарычны атлас Беларусі», які ўжо стаў бібліяграфічнай славутасцю.

— Гэта выданне фундаментальнае, але яно не з тых, якія ставяць на паліцу ў якасці ўпрыгажэння. Акрамя архіўных матэрыялаў, у кожнай частцы атласа маецца генеральная карта тэрыторыі Беларусі ў маштабе 1:300 000. На ёй мы можам убачыць, як выглядаў той ці іншы куточак краіны ад старажытнасці да нашых дзён, — расказвае Галіна Ляхава і нечакана пытаецца: — Вы дзе нарадзіліся? Давайце глянем на вашу малую радзіму ў першай палове
XVІІІ стагоддзя.

Адкрываем другі том атласа, знаходзім поўдзень сучаснай Беларусі і замест сённяшняй вёскі Вулька-1 бачым Вольку Харлінскую. Тут жа пазначаная інфармацыя, каму належалі гэтыя землі ў той час — пану Друцкаму-Любецкаму. Вось гэта адкрыццё! Ніякі Google такое не выдасць. Глядзім у чацвёрты том, дзе на генеральнай карце нанесеныя ўсе населеныя пункты, якія існавалі на тэрыторыі краіны з 1941 года і ёсць цяпер. Раней побач з маёй вёскай было яшчэ з дзясятак іншых. Адны былі спаленыя падчас вайны, другія зніклі ў выніку аб'яднання з іншымі, трэція проста вымерлі — і ўсё гэта можна ўбачыць на адной карце.

— Стварыць гэта было няпроста. Часам навукоўцы прыносілі спісы з назвамі і каардынатамі, таму некаторыя карты складаліся літаральна з чыстага ліста, — дзеліцца Галіна Паўлаўна.

Адным з хітоў продажу на XXVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы стала скрэтч-карта Беларусі. Яна мае спецыяльнае пакрыццё, як у латарэйных білетах, пад якім схаваная сакрэтная інфармацыя.

— У нашым выпадку — гэта гербы гарадоў. Наведаўшы той ці іншы раён, уладальнік карты зможа прыбраць пакрыццё з пэўнага ўчастка. Сутнасць скрэтч-карты ў тым, што яна заахвочвае да вандровак. Вось вытрыце вы дзесяць раёнаў, у якіх пабывалі, і вам захочацца паехаць куды-небудзь яшчэ, каб адкрыць астатнія «сакрэцікі», — адзначае Іна Шлык. — Дарэчы, ідэю стварэння геральдычнай скрэтч-карты нам падказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў. У найбліжэйшы час плануецца выдаць такую ж, але з архітэктурнымі помнікамі.

Хоць папяровыя карты па-ранейшаму застаюцца прыярытэтным кірункам прадпрыемства, ад сусветных трэндаў тут імкнуцца не адставаць. Цяпер распачалі работу над інтэрактыўным праектам «Мая радзіма — Беларусь». Да друкаванай асновы дададуць аўдыя, відэа і фота, якія раскажуць пра гістарычныя, культурныя і прыродныя аб'екты. Па аўтэнтычныя матэрыялы выправяцца экспедыцыі па ўсёй краіне.

Ганна КУРАК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».