Вы тут

Вялікі арлец —«асоба» года


Ён — сапраўдны беларускі арол, велічная і рэдкая птушка — адзін з чатырох відаў арлоў, якія гняздуюцца ў нашай краіне. Як паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», арлец (вялікі падворлік) выбраны птушкай 2019 года.


Вялікі арлец — балотны арол. Асноўныя месцы для палявання — нізінныя і пераходныя моцна абводненыя балоты, а таксама паўторна забалочаныя тарфянікі. Гняздуецца ў цяжкадаступных забалочаных лясах, часта на невялікіх лясістых выспах пасярод шырокіх балот.

У іх самкі буйнейшыя за самцоў, як і ў іншых драпежных птушак. Самцы важаць да 2 кілаграмаў, а самкі — да 3,2. Размах крылаў у самак дасягае 180 сантыметраў. Улюбёны ласунак — вадзяная палёўка, якая цяпер знікла або стала рэдкай у многіх месцах. Акрамя яе і іншых грызуноў, арлы ловяць таксама водна-балотных птушак, амфібій і рэптылій.

Крылатыя бацькі выводзяць аднаго «малога» на год. Не, кладка звычайна складаецца з двух яек, але з гнязда вылятае толькі адно птушаня. Улюбёныя месцы зімавання — у Грэцыі, Турцыі, Ізраілі, Егіпце, Эфіопіі і Судане.

У ХХ стагоддзі від знік з многіх краін, дзе раней гнездаваўся: Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя і Малдова. У нашай краіне вялікі арлец сустракаецца ў асноўным у Прыпяцкім Палессі, за межамі гэтага рэгіёна надзвычай рэдкі. Найбольшая групоўка жыве на Альманскіх балотах. Беларуская папуляцыя ацэньваецца ў 120—160 пар. Цяпер у нас на адных толькі Альманскіх балотах гняздуецца больш вялікіх арляцоў, чым ва ўсім Еўрасаюзе.

Для вялікага арляца, на жаль, існуе шмат пагроз: неспакой каля гнязда, змяншэнне плошчы адкрытых нізінных балот, асушальная меліярацыя, разворванне асушаных балот пад агракультуры, засваенне поймаў пад лецішчы і іншае будаўніцтва. А яшчэ адмоўна ўплывае на колькасць гэтых птушак браканьерскі адстрэл, амаладжэнне лясоў, высяканне гнездавых дрэў, драпежніцтва лясной куніцы і арлана-белахвоста. У выніку від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Яго адносяць да відаў пад глабальнай пагрозай, захаванне якіх магчымае толькі праз нашы актыўныя дзеянні.

Каб захаваць гнездавыя тэрыторыі, спецыялісты АПБ арганізуюць экспедыцыі па пошуку гнёздаў вялікіх арляцоў, рыхтуюць дакументы, каб такія месцы былі ўзятыя пад ахову, робяць маніторынг папуляцыі.

У межах міжнароднага праекта «Навукова абгрунтаваная ахова глабальна пагражальнага віду вялікага арляца ў Беларусі» вядзецца назіранне анлайн за міграцыяй вялікіх арляцоў.

Нацыянальную кампанію «Птушка года» АПБ праводзіць з 2000 года. Галоўная яе мэта — прыцягнуць увагу насельніцтва да хараства прыроды і птушак, што жывуць вакол нас. У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга (івалга звычайная), дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулон, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая (вушастая) сава, жаўрук-смяцюх (жаваранак чубаты) і шчыгел (шчыгол).

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.