Вы тут

Чым жыве адзіны ў краіне маладзёжны патрыятычны цэнтр


Доўгі час паўночна-заходняя частка Брэсцкай крэпасці была схаваная ад вачэй турыстаў і гараджан густым хмызняком. Летась месца ажыло і напоўнілася дзіцячымі галасамі: на базе адрэстаўраванага штаба 125-га стралковага палка пачаліся заняткі па патрыятычным выхаванні.


Тут нават сцены вучаць

На за­ня­тках  у па­тры­я­тыч­ным цэнт­ры.

Гарнізонныя могілкі, мост камандзіра Шаблоўскага, Кобрынскае ўмацаванне — кожны крок на шляху да цэнтра знакавы.

— Думала пра гэта і брэсцкая моладзь, прапаноўваючы адкрыць адмысловы клуб патрыятычнага кірунку менавіта тут. Яны самі распрацавалі канцэпцыю, якую падтрымалі гарадскія ўлады і кіраўнік дзяржавы, — кажа Алег Клунін, намеснік дырэктара абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці, філіялам якога і з'яўляецца вышэйназваная структура.

Двухпавярховы будынак не менш цікавы, чым шлях да яго. Узведзены ў 1930-я гады, ён першапачаткова быў штабам 30-га Палескага палка лёгкай артылерыі Войска Польскага. З 1939 года тут размясціўся 125-ы стралковы полк Чырвонай Арміі, якому было наканавана лёсам прыняць на сябе першы ўдар ворага ў ноч на 22 чэрвеня 1941-га. Пра гэта нагадваюць сляды ад куль і асколкаў на сценах. Падчас рэстаўрацыі іх спецыяльна вырашылі пакінуць у якасці нямога напаміну аб гераічным мінулым папярэдніх гаспадароў.

Увогуле, заняткі ў патрыятычным цэнтры ладзяцца па прынцыпе: менш агульных фраз і больш рэальных прыкладаў.

— З дзецьмі працуюць вопытныя і маладыя педагогі, якія «гараць» сваёй справай. Сярод іх — прадстаўнікі пошукавага руху, краязнаўцы, гістарычныя рэканструктары. Школьнікі і студэнты Брэста бясплатна могуць наведваць аб'яднанні па інтарэсах «Юны разведчык» і «Ваенная гісторыя», — расказвае Алег Аляксандравіч. — Тут вучаць выжыванню ў экстрэмальных умовах, асновам ваеннай археалогіі, арыентаванню на мясцовасці. Праводзяцца незвычайныя экскурсіі па мемарыяле, вывучэнне музейных экспанатаў і сустрэчы з пошукавікамі. Вядома, не абыходзіцца і без агульнафізічнай, агнявой, медыцынскай, тактычнай, страявой падрыхтовак. Асаблівы гонар цэнтра — пляцоўка для ваенна-тактычных гульняў. Дзяцей ад лазертага не адарваць!

Але самыя любімыя мерапрыемствы ў выхаванцаў — тыя, дзе яны могуць паказаць свае веды на практыцы. Самыя маленькія адпраўляюцца ў лясныя паходы і праходзяць квэсты на тэрыторыі крэпасці. Старэйшыя ўжо прымалі ўдзел у пошуках і перапахаваннях байцоў Вялікай Айчыннай.

— Акрамя заняткаў для мясцовых дзетак, мы можам арганізоўваць праграмы для школьнікаў і моладзі з усёй краіны. Тым больш што ў кожным рэгіёне ёсць патрыятычныя аб'яднанні, гурткі і класы з адпаведным кірункам. У цэнтры абсталяваны спальныя месцы і сталовая, дзе групы могуць спыняцца на некалькі дзён ці тыдняў. І тады знаёмства з Брэсцкай крэпасцю запомніцца не толькі класічнымі экскурсіямі, але і поўным пагружэннем у яе гісторыю і атмасферу, — дзеліцца Алег Клунін.

Пра «вайнушкі» і вайну

Яшчэ два-тры дзесяцігоддзі таму пытанне патрыятычнага выхавання моладзі стаяла зусім пад іншым вуглом. Перад вачыма хлопчыкаў і дзяўчынак былі іх родныя дзядулі і бабулі — жывыя сведкі самай страшнай трагедыі за ўсю гісторыю чалавецтва. Яны з'яўляліся бясспрэчным аўтарытэтам і ўзорам сапраўднай мужнасці. Сёння, калі ад нас сыходзяць апошнія ветэраны, паўстае заканамернае пытанне — а што далей? На чым павінен грунтавацца патрыятызм падрастаючага пакалення? «Адзін са складнікаў — памяць аб подзвігах нашага народа», — упэўнены ў патрыятычным цэнтры.

Са­мы ма­лень­кі вы­ха­ва­нец  Ілья Мыш­ле­нік  атры­маў па­зыў­ны «Ка­мар».

Супрацоўнікі адзначаюць, што некаторыя дзеці, прыходзячы да іх упершыню, вайну ўспрымаюць як маляўнічае шоу. Што да гэтага прывяло? Камп'ютарныя гульні па матывах рэальных баявых дзеянняў ды фільмы, дзе акцэнт робіцца на крутасці героя, а не на яго добрых памкненнях. Пад такім уплывам сапраўдныя подзвігі абясцэньваюцца. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прызвычаіліся «страляць» камп'ютарнай мышкай, седзячы ў цёплым пакоі, не разумеюць, што вайна — гэта холад і голад, боль і слёзы, смерць. На думку педагогаў цэнтра, прабелы ў патрыятычным выхаванні ў тым ліку прыводзяць і да трагедый з удзелам падлеткаў. Яны бяруць у рукі нажы, пілы, зброю, не разумеючы рэальных наступстваў сваіх дзеянняў. Для іх гэта проста працяг «гульні»...

Пра доўг і памяць

Напрыканцы студзеня патрыятычны цэнтр сумесна з Брэсцкім абласным камітэтам БРСМ запусціў акцыю, прымеркаваную да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ідэя простая: добраўпарадкаванне ветэранскіх магіл, якія з розных прычын засталіся без нагляду. У чалавека магло не застацца сваякоў ці яны пераехалі ў іншае месца. Але бываюць і выпадкі, калі дзеці і ўнукі ветэранаў проста не жадаюць гэтым займацца.

Арганізатары праекта «Доўг і памяць» акцэнтуюць: мэта — прыцягнуць увагу менавіта да пахаванняў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія памерлі ўжо пасля яе заканчэння. Па заканадаўстве, магілы загінулых падчас ваенных дзеянняў на фронце або памерлых у шпіталях знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Калі ж баец перажыў вайну, то ў яго магіла — «цывільная», будзь ён нават Героем Савецкага Саюза. Пэўны час без догляду (здараецца, што сваякоў няма) — і пахаванне пачынае лічыцца аварыйным, помнік падлягае зносу.

— Добраўпарадкаванне магіл — гэта самае простае, што можа зрабіць кожны з нас. Разам з тым нам хацелася б, каб удзельнікі акцыі паспрабавалі пазнаёміцца з лёсамі байцоў Вялікай Айчыннай вайны. Першая частка праекта скіраваная на пошук інфармацыі, апісанне месцаў пахавання. Адна справа — вывучаць гісторыю па сухіх лічбах і датах у вучэбных дапаможніках, зусім іншая — даведацца пра лёсы слаўных сыноў і дачок свайго горада ці вёскі. У Год малой радзімы гэта надзвычай актуальна, — кажа Алег Клунін.

Неабходнасць праекта выспявала даўно. Па-першае, камунальныя службы ўсё часцей раўняюць з зямлёй «закінутыя» пахаванні на могілках. Прэтэнзій да іх быць не можа — такі парадак прадугледжаны заканадаўствам. Але тут ужо пытанне да нас саміх: ці заслугоўваюць людзі, якія ваявалі за нашу зямлю, такога стаўлення? Па-другое, у многіх вёсках і гарадах падобныя акцыі па добраўпарадкаванні магіл ветэранаў праводзяцца даўно: настаўнікамі разам з вучнямі, краязнаўцамі, актывістамі БРСМ і проста неабыякавымі людзьмі. Цяпер у валанцёраў на месцах ёсць не толькі магчымасць рабіць тое, што рабілі дагэтуль, але яшчэ і пазнаёміцца з аднадумцамі і заручыцца падтрымкай.

Ганна КУРАК

Мінск — Брэст — Мінск

Загаловак у газеце: «Паклонімся за той вялікі бой...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».