Вы тут

Малады хірург пра дапамогу, адказнасць і інвестыцыі ў здароўе


— Каб доўга не тлумачыць, як трэба прылегчы пацыенту для агляду, я паказваю карціну Франсуа Бушэ «Вакханка, якая грае на жалейцы» і прашу паўтарыць тое ж на кушэтцы, — сустракае нас у працэдурным кабінеце сталічнай паліклінікі № 28 урач-хірург Дзмітрый Кароль. — Бо калі расказваць, што ды як, — працэс зацягнецца. А час сёння «дарагі».


«Нават рускамоўны пацыент кажа «дзякуй»

— Я вяду прыём на беларускай мове, і, ведаеце, пацыенты не скардзяцца. Падчас знаходжання на бальнічным шмат хто з маіх «падапечных» таксама пачынае размаўляць на ёй. Сыходзячы, усе пацыенты кажуць «дзякуй», — расказвае ўрач.

На сваё першае месца працы Дзмітрый прыйшоў у жніўні мінулага года. Хлопец скончыў лячэбны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

— На бюджэтную форму навучання я трапіў пасля перамогі на Рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі. Гэта дазволіла мне не здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, — расказвае суразмоўнік.

Медыкаў у сям'і Дзмітрыя няма. Ён кажа, што прафесія заўсёды прыцягвала магчымасцю дапамагаць.

— Я бачыў людзей, у якіх былі хібы знешнасці: апёкі, нейкія калецтвы, траўмы. На жаль, яны часта страчваюць сацыялізацыю, замыкаюцца ў сабе. Лічу, што калі невялікія пашкоджанні можна выправіць хірургічна — гэта трэба рабіць! Важна вяртаць людзей да жыцця! Мяне вельмі цікавіць пластычная хірургія. Але я не хачу павялічваць пэўныя органы цела, а планую працаваць з чалавекам як з асобай, — удакладняе хлопец.

Пластычных аперацый малады ўрач пакуль не праводзіць. Дзмітрый выконвае невялікія хірургічныя ўмяшальніцтвы па выпраўленні былых швоў, дзе рубцы, напрыклад, няправільна зрасліся. Выдаляе розныя дабраякасныя ўтварэнні. Карацей, усё тое, што можна зрабіць ва ўмовах амбулаторыі. «Дзякуй кіраўніцтву паліклінікі, што закупляюць неабходнае для гэтага абсталяванне», — дадае доктар.

«Больш за ўсё не хапае практыкі»

— На прыёме я заўсёды тлумачу пацыенту, што ў яго за захворванне, этыялогію апошняга. Напрыканцы прашу паўтарыць тое, што сказаў. Дыягназ асобна запісваю для хворага на паперцы, каб той змог пракансультавацца з іншым урачом (некаторым так спакайней) ці пацікавіцца ў іншых крыніцах, — распавядае пра свае прынцыпы работы Дзмітрый.

— Хапае на гэта часу? — пытаюся. — Бо, як мне падаецца, хвілін на прыём аднаго пацыента адведзена мала.

— Лепш да мяне трапіць менш хворых, але яны атрымаюць якаснае лячэнне. Астатнія прыйдуць у іншыя дні. Прымаць дзеля «птушачкі» я не буду, — тлумачыць хірург.

Ён працуе ў дзве змены. Першая — з 8 гадзін раніцы да 14 — прыём пацыентаў. Пасля абеду хірург наведвае хворых па месцы жыхарства, афармляе рабочую дакументацыю. Другая — з 14 да 20 гадзін. Падчас яе раніца таксама занятая справамі паліклінікі. Выхадныя дні — нядзеля і тры суботы. Адна субота на месяц — дзяжурства. «Я жыву побач, таму мяне такі графік задавальняе».

— Спачатку хваляваўся, што калі прыйду працаваць у паліклініку, то не буду развівацца як спецыяліст. Памыляўся, — прызнаецца Дзмітрый. — Тут шмат магчымасцяў расці прафесійна. Загадчыца аддзялення, дарэчы, з'яўляецца маім «мясцовым настаўнікам». Увогуле, старэйшыя калегі заўсёды гатовы дапамагчы наваспечанаму спецыялісту.

Інтэрнатуру Дзмітрый праходзіў таксама на базе гэтай паліклінікі. За год, як прызнаецца хлопец, ён зразумеў, што «больш за ўсё маладому ўрачу не хапае практыкі».

«Важна, што ты гаворыш і як ставішся да пацыентаў»

— Як наведвальнікі рэагуюць на тое, што іх будзе лячыць малады ўрач? — цікаўлюся. — Гаворка ж ідзе пра здароўе, а часам і пра жыццё...

— Дастаткова крыху адпусціць бараду — і табе ўжо не 25, а 29—30 гадоў, — жартуе Дзмітрый. — Плюс першая змена заўсёды дадае ўзросту: не выспаўся, сінякі пад вачыма. Насамрэч такое пытанне ўзнікае рэдка. Людзям важна, што ты гаворыш і як да іх ставішся. Усё астатняе — дробязі.

На пытанне пра зарплату маладога спецыяліста Дзмітрый, як і на працягу ўсёй нашай гутаркі, адказвае з гумарам:

— Пры нашым фінансаванні аховы здароўя я не магу разлічваць на большае. Таму на цяперашні момант мяне ўсё задавальняе. Сысці працаваць у прыватны цэнтр, дзе, як кажуць, плацяць больш, змагу толькі пасля атрымання першай ці вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Такія правілы. Наступныя дзесяць гадоў дакладна нікуды не збіраюся.

Малады хірург не да канца разумее шматлікія і вечныя нападкі пацыентаў наконт работы дзяржаўных устаноў аховы здароўя:

— Калі ў вас ёсць магчымасць параўнаць з медыцынай у іншых краінах, тады прэтэнзій быць не павінна. У Германіі, напрыклад, да вузкага спецыяліста трапіць амаль немагчыма: недахоп кадраў. Запіс ідзе на паўгода наперад.

«Рацыяналізацыя часу, работа ў камандзе і давер»

— Як вы лічыце, чаму Зямля круціцца, а людзі з яе не падаюць?! Таму што яны прымацаваныя да паліклінікі! — жартуе Дзмітрый. — Здароўе — гэта інвестыцыі. І перш за ўсё не фінансавыя, а ментальныя. Неабходна разумець, што чалавек сам нясе адказнасць за сваё здароўе. Ад нас, медыкаў, тут залежыць толькі пяць працэнтаў. Усё астатняе — гэта як паводзяць сябе людзі, як харчуюцца, як мысляць і, канешне ж, генетыка.

Дзмітрый кажа, што па статыстыцы мы, на жаль, сталі менш рухацца.

— Я, напрыклад, бегаю. А яшчэ танцую. Кірунак — вог. Дагэтуль танцаваў у ансамблі народнага танца «Чабарок». Але зараз мяне цікавіць менавіта пластыка. Увогуле танец — гэта цудоўная магчымасць падтрымаць суставы і мышцы ў добрым стане, своеасаблівая прафілактыка хвароб Альцгеймера і Паркінсона, — расказвае Дзмітрый.

Час ад часу суразмоўнік яшчэ і спявае, іграе на гітары, фартэпіяна. На канцэрце да Дня маці, які зладзілі супрацоўнікі паліклінікі, ён «прымусіў» заспяваць і сваіх калег:

— Мы выконвалі «Купалінку». Усім спадабалася. Канешне, нехта саромеўся. Але, як казала мая бабуля, калі ты спяваеш у хоры, цябе не так чутна і ад гэтага не так страшна. Дарэчы, ігра на музычных інструментах станоўча ўплывае на маторыку пальцаў падчас правядзення аперацый.

Хлопец выдатна ведае англійскую мову. Падчас Параалімпійскіх гульняў у Сочы працаваў медыцынскім перакладчыкам. Зараз вучыць нямецкую, у планах — французская.

Дзмітрый з'яўляецца паслом еўрапейскай моладзі ў Беларусі ў праекце Усходняга партнёрства, распавядае аб адукацыйных і навуковых магчымасцях для яе ў нашай краіне. А яшчэ ён нацыянальны каардынатар маладзёжнай сеткі «роўнага навучання» Y-PEER у Беларусі. Гэта глабальная ініцыятыва ў навучанні па пытаннях сексуальнага выхавання і рэпрадуктыўнага здароўя моладзі, заснаваная на прынцыпе «роўны навучае роўнага». Y-PEER дзейнічае больш чым у 40 краінах свету, у Беларусі яна прадстаўленая 60 валанцёрамі. Трэнінгі праводзяцца ў школах, ліцэях, універсітэтах.

На пытанне, як ён усё паспявае, Дзмітрый усміхаецца:

— Рацыяналізацыя часу, работа ў камандзе і давер. Не трэба ўсё браць на сябе. Дзяліцеся абавязкамі з іншымі.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Гаючая моц роднага слова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Пераможца «Жанчыны года-2018»: З трыма дзецьмі можа справіцца кожная пара

Тры гады таму прозвішча Трыкоза ўжо было на слыху.

Грамадства

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук: Дзеці ў пясочніцах на касцях гуляць не будуць

Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама адмеркаваў рэзанансную тэму раскопак на тэрыторыі гета.

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.