Вы тут

Сакрэты працы маладога педагога-арганізатара


...«Хадземце, у нас ёсць паўгадзіны, пасля пабягу на ўрок працы ў восьмым класе», — з усмешкай сустракае мяне Аляксей Макееў. Педагогам-арганізатарам у гімназіі гарпасёлка Акцябрскі, што на Гомельшчыне, ён працуе другі год. Месца размеркавання малады спецыяліст успрыняў з аптымізмам, з асаблівасцямі навучання асвоіўся хутка. «Якая розніца, дзе станавіцца прафесіяналам? Усюды патрэбны добрыя людзі», — дадае суразмоўнік.


Сам хлопец з вёскі Глазаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Вывучыўся на сувязіста ў Гомельскім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы, пасля — на настаўніка ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя Шамякіна. Спецыяльнасць абраў сур'ёзную — «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны».

— Па заканчэнні вучобы ўсім студэнтам паведамілі, куды іх размяркуюць. Мне сказалі: «Едзеш у Акцябрскі», я адказаў: «З радасцю!» Гісторыкаў у раёне хапала, а вось педагогі-арганізатары былі ў дэфіцыце. Мяне не спалохала змена дзейнасці, я лёгкі на пад'ём. Да таго ж са школьных гадоў часта ўдзельнічаў у розных конкурсах, арганізоўваў мерапрыемствы, выступаў на сцэне. Таму было цікава: ці змагу здзівіць вучняў сваімі ідэямі, ці спадабаюцца яны калегам-настаўнікам?

Рабочы дзень Аляксея пачынаецца ў 8 гадзін раніцы і заканчваецца ў 8 вечара. У абавязкі маладога спецыяліста ўваходзіць як арганізацыйная дзейнасць, так і правядзенне ўрокаў, спартыўных секцый. Вольнага часу застаецца няшмат, але педагога гэта не бянтэжыць:

— У школе мяне называюць актывістам, здзіўляюцца, як я ўсё паспяваю. А мне падабаецца нешта прыдумляць для дзяцей, займацца разам спортам. Калі я толькі прыехаў у раён, арганізаваў школьную суполку па інтарэсах «Што? Дзе? Калі?», летась на спаборніцтвах мы атрымалі ў Гомелі дыплом другой ступені. Да таго ж я з'яўляюся першым сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ. Лічу, што гэтым паказваю добры прыклад моладзі. У найбліжэйшых планах — стварыць для школьнікаў гурток тэатральнага майстэрства. Мяне гэта ідэя вельмі захапляе.

Яшчэ падчас знаёмства з Аляксеем было бачна, што выглядае ён маладзей за свой узрост.

— Ці былі выпадкі, калі школьнікі прымалі вас за «свайго», звярталіся не на «вы»?

— Так. Дарэчы, у маёй сям'і ўсе выглядаюць значна маладзейшымі, чым ёсць на самай справе. Таму, калі толькі прыйшоў у гімназію, чуў у дачыненні да сябе ад школьнікаў «ты». Але я заўсёды прадстаўляўся, і размова пачыналася ў іншым рэчышчы. Я на дзяцей не крыўджуся.

Суразмоўнік прызнаецца, што часам яму не хапае настойлівасці. Напрыклад, калі трэба ўгаворваць вучняў пайсці на нейкае мерапрыемства ў пазашкольныя гадзіны. Не ўмее і хваліць сябе, да работы ставіцца крытычна: аналізуе, што атрымалася, што не, перажывае, па магчымасці намагаецца перарабіць тое, што лічыць не ідэальным.

Дарэчы, сваю малую радзіму — Глазаўку — педагог наведвае не часта. «Бацькі нават жартуюць, што калі я і ажанюся, то толькі са сваёй прафесіяй». Настаўнік дзеліцца, што самае складанае ў яго працы — уставаць рана, а самае прыемнае — узаемадзейнічаць з людзьмі. У свабодныя гадзіны ён іграе на гітары, удзельнічае ў фальклорным народным ансамблі, перамагае ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

— Нядаўна прымаў удзел у беларуска-расійскім «Мы адзіныя». Трэба было размясціць у сацсетцы фотаздымак з месцам, з якім звязаныя цёплыя ўспаміны. Я абраў сваё любімае — бераг Прыпяці. Калі даведаўся, што менавіта гэтае фота набрала найбольшую колькасць «лайкаў» і я пераможца, — здзівіўся. Але было прыемна.

Цікава даведацца, што на пачатку адпрацоўкі Аляксей быў упэўнены: пасля яе заканчэння адразу звольніцца і паедзе ў іншы горад. Але цяпер у яго іншае меркаванне:

— Працаваць у гарпасёлку — гэта крута! Добры калектыў, добрыя дзеці... Што яшчэ для шчасця трэба? Адзіны мінус: мала забаў, даводзіцца самому нешта прыдумляць. Мне камфортна тут жыць, бо ў вёсцы вельмі спакойна, а ў сталіцы — шумна. Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца.

Дар'я Шлапакова, студэнтка IV курса факультэта журналістыкі БДУ

Мінск — Акцябрскі — Мінск

Загаловак у газеце: Простая формула настаўніцкага шчасця

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.