Вы тут

Каб напаўняць душу


Наспела неабходнасць стварэння Нацыянальнай праграмы па дзіцячым чытанні, дзе важна аб’яднаць магчымасці Саюза пісьменнікаў Беларусі з намаганнямі міністэрстваў — інфармацыі, адукацыі, сістэмай дзіцячых бібліятэк, іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і асобамі. За гэтымі стараннямі — духоўнасць грамадства, яго ідэалы, а значыць, і будучыня краіны, лічыць дзіцячы пісьменнік, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.


Духоўнае выхаванне моладзі непарыўна звязана з кнігай. Уплыў інтэрнэту, тэлебачання на юную душу, а дакладней, насычэнне экранаў рознага кшталту жахамі, спалучанымі з жорсткасцю і насіллем, бязглуздыя сюжэты і агідныя героі, — усё гэта даўно турбуе пісьменніцкую супольнасць. Таму бум адчуваецца менавіта ў дзіцячай літаратуры. Ён праяўляецца як у колькасці новых імёнаў, так і ў аб’ёмах накладаў дзіцячай літаратуры, якія павялічваюцца. Напрыклад, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» 40 працэнтаў асартыменту на год прыпадае менавіта на кнігі для дзяцей.

Пра тое, што гэтая праблема мае сусветнае значэнне, сведчаць рознага кшталту форумы пісьменнікаў, прысвечаныя важнасці дзіцячага чытання. У кожнай краіне задумваюцца над інтэлектам грамадства ў будучыні і звязваюць яго з кнігай як вечнай каштоўнасцю.

— У Беларусі дзіцячай кнізе і прапагандзе чытання ўдзяляецца ўсё больш увагі, выкарыстоўваюцца новыя формы далучэння дзяцей і падлеткаў да выхавання ўзаемапавагі, любові, сардэчнасці — усяго таго, што нясе сапраўдная кніга, — адзначае Алена Стэльмах. — Важны той факт, што ў нашай краіне дзіцячыя бібліятэкі падтрымліваюцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. На набыццё новых кніг скіроўваецца 12 працэнтаў ад агульнай сумы, выдзеленай на фінансаванне бягучага ўтрымання бібліятэк.

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі секцыя дзіцячай літаратуры самая масавая. Актыўна працуюць яе старшыня паэт Уладзімір Мазго і самі пісьменнікі — Анатоль Зэкаў, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Вольга Нікольская, Генадзь Аўласенка, Мікола Чарняўскі, Мікола Маляўка. Аднак рэсурс магчымасцяў дзіцячых пісьменнікаў і іх таленавітых кніг, на думку Алены Стэльмах, выкарыстоўваецца не ў поўнай меры.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?