Вы тут

42 ВНУ атрымаюць доступ да поўных тэкстаў часопісаў Elsevier


Адпаведнае пагадненне было заключана паміж Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам (ГІАЦ) Мінадукацыі і кампаніяй Elsevier. Спонсарам праекта выступіў беларускі бізнесмен Леанід Лознер, вядомы сваімі шматлікімі валанцёрскімі праектамі і інвестыцыямі ў навуку і адукацыю.


У рамках пагаднення доступам да сусветнай навуковай інфармацыі на платформе ScienceDirect упершыню будуць забяспечаны 42 вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны.

— ScienceDirect — найбуйнейшая навуковая база, у якой акумулюецца сусветны вопыт даследаванняў у самых розных галінах. Маючы доступ да такой інфармацыі, беларускія даследчыкі змогуць аператыўна аналізаваць разнастайныя навуковыя новаўвядзенні і не адхіляцца ад сусветнага мэйнстрыму ў навуковых пошуках, — патлумачыў важнасць падзеі дырэктар ГІАЦ Мінадукацыі Павел ЛІС. —  Спадзяёмся, што гэта дазволіць ім зрабіць якасны скачок у сферы інавацыйнай вытворчасці і вывесці беларускую навуку на прынцыпова новы ўзровень. Дадзены праект з'яўляецца пілотным, але мы спадзяемся на ўстанаўленне надзейных доўгатэрміновых кантактаў, таму што супрацоўніцтва з “Elsevier” — гэта рэальны крок да інтэграцыі беларускай навукі ў сусветную інфармацыйную прастору і магчымасць заняць у ёй годнае месца.

“Сёння стартуе па-сапраўднаму беспрэцэдэнтны праект. ScienceDirect — самы цытуемы і запатрабаваны ў свеце інструмент. Для ВНУ сістэмны доступ да публікацый такога ўзроўню — гэта якасна новыя ўмовы навуковага пошуку, якія будуць спрыяць прыцягненню замежных студэнтаў і павышэнню экспарту адукацыйных паслуг, — адзначыў рэгіянальны дырэктар Elsevier у Рэспубліцы Беларусь Сяргей РАВЯКІН. — Дарожная карта, якую мы распрацавалі сумесна з ГІАЦ Мінадукацыі, прадугледжвае правядзенне розных семінараў і трэнінгаў, у рамках якіх мы дапаможам даследчыкам укараніць у практыку выкарыстанне апошніх сусветных інструментаў пошуку і аналізу інфармацыі, а аўтарам артыкулаў — падабраць міжнародны часопіс, які найбольш падыходзіць для публікацыі вынікаў іх навуковай працы. Акрамя таго, мы акажам кансультацыйную дапамогу беларускім навуковым выданням, якія хочуць стаць вядучымі ў свеце і маюць для гэтага патэнцыял. Мы рэалізуем сістэмны праект і спадзяемся, што вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць!”

— Падтрымкай гэтага праекта я ў нейкім сэнсе вяртаю доўг навуковаму асяроддзю, якое сфарміравала маю асобу і мой светапогляд. І вельмі спадзяюся, што доступ да сусветнай навуковай інфармацыі дасць нашым маладым даследчыкам, акрамя ўсіх відавочных пераваг, яшчэ і пачуццё таго, што яны — неад'емная частка сусветнага навуковага асяроддзя. Мне здаецца, для маладога вучонага вельмі важна адчуваць сябе інтэграваным у сусветную навуковую супольнасць, — падзяліўся сваімі думкамі Леанід ЛОЗНЕР. —  Гэты праект — канкрэтны ўклад у пабудову сучаснай адукацыі і стварэнне ўніверсітэта новага ўзроўню. Я разглядаю ўдзел у ім як магчымасць зрабіць штосьці канкрэтнае і ўдзячны ўсім за тое, што праект адбыўся.

ScienceDirect — вядучая мультыдысцыплінарная інфармацыйная платформа рэцэнзаванай навуковай літаратуры Elsevier для навукоўцаў, якая ўтрымлівае больш за 15 мільёнаў публікацый з 3 800 навуковых часопісаў і 37 тысяч кніг Elsevier  і прэстыжных навуковых таварыстваў.

Elsevier — інфармацыйна-аналітычная кампанія, якая дапамагае навуковым арганізацыям і навукоўцам рабіць важныя адкрыцці. Кампанія прадастаўляе анлайн-рашэнні і інструменты, такія як ScienceDirect, Scopus, SciVal, ClinicalKey, Sherpath.

Elsevier выдае больш за 2500 навуковых часопісаў, уключаючы The Lancet і Cell , а таксама 38000 электронных кніг і шмат вядомых даведачных выданняў, у тым ліку Gray’s Anatomy.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.