Вы тут

Капыльскай дзіцячай школе мастацтваў сёлета споўніцца 55 гадоў


Капыльскай дзіцячай школе мастацтваў сёлета споўніцца 55 гадоў.


— Наша ўстанова вядзе адлік сваёй гісторыі з 1964 года. Выхаванцы навучаюцца па чатырох кірунках: музыкальнае, харэаграфічнае, выяўленчае і народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, — падзяліўся звесткамі дырэктар Уладзімір Чаркас. — Гонар нашай школы — узорны эстрадны аркестр. Яго стваральнік і нязменны кіраўнік Леў Канаплянік. Шмат дзяцей прайшло школу Льва Міхайлавіча з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі быў заснаваны гэты калектыў.

Гэты ўнікальны аркестр добра ведаюць не толькі ў раёне, але і ў Мінскай вобласці, краіне. Не выпадкова яго кіраўніку Льву Канапляніку прысвоілі званне «Чалавек года Міншчыны — 2018». Увесь свой час, энергію, вопыт выкладчык аддае дзецям, рабоце, школе.

— Мне эстрадная музыка падабалася з дзяцінства, яшчэ ў школе ўдзельнічаў у вакальна-інструментальным ансамблі, ігралі на вечарах. Радасна было глядзець, як хлопцы запрашалі дзяўчат у белых фартухах на танец. Гэта было прыгожа, грацыёзна, — кажа мой суразмоўнік.

Такі калектыў існаваў і ў школе мастацтваў. Пасля прыходу Льва Канапляніка ён памяняў назву. Паступова сюды ўводзіліся скрыпкі, затым — духавыя інструменты. З кожным годам ён расшыраўся, і цяпер гэта вялікі аркестр з поўнай групай духавых інструментаў. Дзеці займаюцца з задавальненнем, ім цікавыя калектыўнае музіцыраванне, зносіны з равеснікамі.

Але спецыфіка калектыву ў тым, што дзеці вырастаюць і сыходзяць, пастаянна даводзіцца рыхтаваць замену. А гэта доўгі, карпатлівы працэс. Падбіраць адораных выхаванцаў для аркестра дапамагаюць выкладчыкі школы, і з цягам часу дзеці вырастаюць у сапраўдных музыкантаў.

Аркестр двойчы станавіўся ўладальнікам Гран-пры конкурсу Jаzz-Tіmе, лаўрэатам розных ступеняў, у 2018 годзе заваяваў дыплом І ступені. Гэты конкурс праводзіцца ў Салігорску адзін раз на два гады і вельмі папулярны сярод джазавых музыкантаў не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны.

— Мы ўдзельнічалі ў мінулым годзе ў гэтым конкурсе ўжо сёмы раз. — З кожным годам яго геаграфія расшыраецца, а ўзровень выканаўцаў узрастае. Мы доўга і карпатліва рыхтаваліся да гэтай падзеі. Для нас такія мерапрыемствы — добры стымул для работы, а сам удзел дае цудоўны вопыт, — упэўнены Леў Канаплянік.

Дадам, што калектыў — неаднаразовы ўдзельнік абласнога фестывалю «Напеў зямлі маёй», які ладзіцца ў Пухавіцкім раёне, дзе таксама заваяваў Гран-пры. Літаральна мінулай восенню на гэтым фестывалі аркестр атрымаў дыплом І ступені. Заўсёды з радасцю прымаюць салігорскіх музыкаў і на фестывалі «Свята саксафона», што праводзіцца на базе Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў. Чатыры разы яны ўдзельнічалі ў ім і вярталіся дадому з дыпломам І ступені.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: А музыка гучыць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».