Вы тут

Лукашэнка: Прырост насельніцтва — пытанне нацыянальнай бяспекі


На нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўвалі дэмаграфічную сітуацыю і ўдасканаленне мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей.


Паводле яго слоў, ні адна краіна ў свеце не падтрымлівае так сем'і з дзецьмі, у Беларусі больш за 10 дапамог. Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў Германіі вельмі моцныя выплаты ў гэтай сферы, аднак узровень нараджальнасці практычна як у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разабрацца ў сістэме падтрымкі сем'яў з дзецьмі і паглядзець, “можа, нам дзесьці ўзмацніць падтрымку, а дзесьці нейкую дробязь наогул прыбраць, якая не працуе".

Калі, напрыклад, будзе прынята прыстойнае рашэнне па забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём, то гэта безумоўны стымул.  "Жыллё для сям'і — гэта ўсё", — упэўнены Прэзідэнт. Аднак, да прыкладу, адпраўляць на санаторна-курортнае лячэнне з мінімальнымі выплатамі, то гэта, па сутнасці, распыленне грашовых сродкаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў сферы дэмаграфічнай бяспекі наша краіна сутыкаецца з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнага змяншэння насельніцтва. Калі не прымаць папераджальных мераў, то, па прагнозах спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года.

"Для падтрымкі сем'яў з дзецьмі ў Беларусі прыняты, я ўжо сказаў, выключныя меры, якіх няма ў іншых краінах. Сярод іх — адпачынак па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, які аплачваецца, льготнае крэдытаванне для шматдзетных і праграма сямейнага капіталу, а таксама іншыя меры", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, гэтыя асноўныя меры з'яўляюцца сапраўды істотнымі — і яны працуюць. Таму неабходна падумаць: калі ўжо ўзмацняць, то меры, якія даюць вынік, а непрацуючыя — прыбіраць.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў нарады адказаць на наступныя пытанні.

Па-першае, наколькі прынятыя меры эфектыўныя? Ці спрыяюць яны павышэнню нараджальнасці?

"Прырост насельніцтва, павышэнне працоўнага патэнцыялу — пытанне нацыянальнай бяспекі, і для нас  яно гучыць таксама востра, як для іншых развітых краін", — падкрэсліў ён.

Па-другое, згодна з інфармацыяй беларускага лідара, да гэтага часу існуюць недапрацоўкі з забеспячэннем шматдзетных сем'яў жыллём. "Мы пра гэта дамовіліся. 2021 год — мяжа, за якую непажадана выходзіць пры забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём", — адзначыў Прэзідэнт.

Па-трэцяе, была прынята Праграма "Здароўе народа". Як яна выконваецца?  Лукашэнка звярнуў увагу, што пакуль вядзецца вельмі шмат размоў пра здаровы лад жыцця, тады як дзеянняў у гэтай сферы не хапае. Прэзідэнт папярэдзіў прысутных: калі хоць адно яго даручэнне не будзе выканана, варта сабрацца і сыходзіць.

"Я таксама патрабаваў ад міністра аховы здароўя прыняць комплексныя меры па зніжэнні смяротнасці. Хацелася б пачуць, што ў гэтым напрамку робіцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку беларускага лідара, задача — у бліжэйшыя гады распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, накіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва Беларусі. Важна надаць увагу фарміраванню ў грамадстве пазітыўнага і паважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцяў.

Таксама ён заклікаў удзельнікаў нарады актыўна абмяркоўваць і выказваць канкрэтныя прапановы па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: ніякіх самасправаздач і разглагольстванняў. Трэба было разглядаць ва ўрадзе гэтыя пытанні перш, чым прыходзіць да Прэзідэнта. Да мяне трэба прыходзіць з канкрэтнымі прапановамі — што будзем рабіць і ў якім аб'ёме", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля гэтага ён перадаў слова міністру працы і сацыяльнай абароны Ірыне Касцевіч.

Яна адзначыла, што з 1993 года наша краіна ўступіла ў этап дэпапуляцыі — смяротнасць перавышае нараджальнасць. Дзяржава не ўзнаўляе сваё насельніцтва з 1978 года, калі каэфіцыент простага ўзнаўлення ўпаў ніжэй парогавага значэння 2,15. 2018 год — сумарны каэфіцыент складае 1,414.

"Прынятыя на дзяржаўным узроўні меры дазволілі дамагчыся, пачынаючы з 2010 года, адноснай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі, аднак дадзеная тэндэнцыя не набыла ўстойлівы характар, пра што сведчаць вынікі апошніх двух гадоў. Нараджальнасць зніжаецца. У 2018 годзе нарадзілася менш за 5 тысяч дзяцей, што на 8 % менш, чым у 2017. Узровень смяротнасці застаецца досыць высокім. Памерла амаль 200 тысяч чалавек, што на 600 чалавек больш, чым у 2017. У выніку натуральнае змяншэнне склала больш за 25 тысяч чалавек, павялічыўшыся на 9 тысяч. Вынікі 2018 года: колькасць насельніцтва паменшылася і склала амаль 9 млн 476 тысяч чалавек ", — заявіла Ірына Касцевіч.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».