Вы тут

Першыя паверхі некаторых сталічных дамоў будуць падмятаць штодня


Жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі (ЖЭУ) з усіх раёнаў Мінска выбралі ЖЭСы, работнікі якіх з 18 лютага да 25 сакавіка будуць рэалізоўваць «уборачны» жыллёва-камунальны праект. Асобныя брыгады, сфарміраваныя з работнікаў камунальных службаў, будуць працаваць на ўборцы прыдамавых тэрыторый і дапаможных памяшканняў.


Тарыф на ўборку пад'ездаў у доме цяпер складае 65 капеек у месяц з кожнага жыхара, старэйшага за сем гадоў. Верхняя яго мяжа — 65 капеек, аднак пасля таргоў па выбары выканаўцы гэтай паслугі цана на яе змяншаецца. У кожным раёне яна розная, і пад яе разлічваецца перыядычнасць уборкі. Сёння прыбіральшчыкі павінны тры разы на тыдзень падмятаць пад'езды, раз на месяц — мыць іх, а раз на год — мыць вокны, а таксама штомесяц праводзіць дэзынфекцыю і дэратызацыю падвалаў і смеццекамер.

Практыка паказала, што сумы, якая плаціцца цяпер жыхарамі за ўборку, не хапае, каб утрымліваць пад'езд у належным санітарным стане, таму камунальнікі і пайшлі на такі эксперымент, расказала Валянціна БАРКОЎСКАЯ, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка»:

— Для эксперымента выдзеляць неабходную колькасць людзей, якія, выконваючы ўсе свае абавязкі якасна, змогуць атрымаць прыстойны заробак не менш як 650 рублёў. Прыдамавыя работы будуць весціся, як звычайна, у залежнасці ад сезона і выдзеленага фінансавання: расчыстка снегу, пакос газонаў і прыбіранне выпадковага смецця, прыбіранне лісця. А вось уборка дапаможных памяшканняў, якая аплачваецца насельніцтвам, будзе на час эксперымента праходзіць па-новаму. Штодня ў пэўных дамах рабочы будзе прыбіраць усе першыя паверхі, два пад'езды — цалкам мыць з першага да апошняга паверха. Яго дзённая норма будзе выглядаць, напрыклад, так. Штодня з 50 пад'ездаў пяціпавярховікаў ён будзе падмятаць першы паверх у 48 пад'ездах і ў той жа дзень два пад'езды замяце і памые цалкам.

Каб даведацца, наколькі ўдалым і эфектыўным акажацца праект, жыллёва-камунальныя службы раёнаў як заказчыкі эксперымента да яго завяршэння будуць штодня кантраляваць выкананне работ. Звернуць увагу і на тое, ці зменіцца колькасць скаргаў ад грамадзян на няякасную ўборку.

— Калі чалавек уваходзіць у пад'езд і бачыць раскіданую рэкламу, а пад нагамі ў яго хрусціць пясок, гэта кепска. А калі прыбірацца на першых паверхах будуць штодня, то і вынік будзе адразу відаць. Магчыма, мы і людзей прывучым да таго, каб яны не выкідвалі са скрыняў рэкламу на падлогу, а ставіліся беражліва да дома, — мяркуе спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Эксперымент па ўборцы пад'ездаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.