Вы тут

Гліняны посуд: перавагі і недахопы


На працягу многіх тысячагоддзяў чалавек выкарыстоўваў гліняны посуд у сваім побыце: гаршкі з гліны выраблялі яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, Егіпце, Кітаі і іншых краінах Старажытнага свету. Гліна – гэта натуральны, экалагічна чысты матэрыял. Лічыцца нават, што яна знішчае негатыўныя эмоцыі. 


Да майстроў ганчарнай справы спрадвеку прад'яўляліся строгія патрабаванні. Так, яны не павінны былі садзіцца за ганчарны круг з дрэннымі думкамі. Працуючы з глінай, майстар укладвае ў яе часцінку сваёй душы, і калі ён знаходзіцца ў дрэнным настроі, то посуд будзе мець нізкую якасць.

Посуд з натуральнай гліны без палівы (руск. “глазурь”) і прымешак запатрабаваны і сёння. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо гэтыя "жывыя" збаны, гаршкі і чайнікі, вырабленыя сучаснымі майстрамі па старадаўніх тэхналогіях, да гэтага часу не маюць годнай альтэрнатывы. Стравы, прыгатаваныя ў гліняным посудзе, атрымліваюцца асабліва сакавітымі і духмянымі, маюць ні з чым не параўнальны смак.

Самай галоўнай вартасцю глінянага посуду з'яўляецца бяспечнасць і натуральнасць яе саставу: гліна не змяшчае таксічных рэчываў і не ўступае ў хімічныя рэакцыі з ежай. Як правіла, малако, якое захоўваецца ў абпаленым гліняным посудзе, не кісне на працягу 3-4 дзён, варэнне – не плеснее, часнок і цыбуля – не гніюць, у муцэ і крупах не заводзяцца насякомыя, квас захоўвае прахалоду ўлетку, а кава і чай доўга застаюцца гарачымі.

Адзінае, што можна паставіць “у віну" глінянаму посуду, – яго адносная крохкасць. Да таго ж гэта не паходны варыянт посуду, ён дастаткова цяжкі, каб браць яго з сабой на пікнік або для перакусу на працу. Аднак гэта адзіны і цалкам даравальны мінус гліняных вырабаў.

З гісторыі глінянага посуду

Гліна выкарыстоўваецца чалавекам спрадвеку, доказам гэтаму служаць мноства знаходак з археалагічных раскопак. Спачатку гэта была неабпаленая гліна, з якой старажытныя людзі рабілі статуэткі і посуд. Прычым першапачаткова пры вырабе посуду гліну бралі не як асноўны матэрыял, а ў якасці злучальнага кампанента. Асноўным жа матэрыялам выступаў птушыны памёт, змешаны з аскепкамі шкарлупіны, кавалачкамі ракавін і пухам, – усё гэта без цяжкасці можна было знайсці ў птушыных гнёздах. Нашыя продкі былі ўпэўненыя, што менавіта гэтыя кампаненты валодаюць неабходнай пластычнасцю і клейкасцю, гліны ж у такім саставе было не больш за 30%.

Праз некалькі тысячагоддзяў людзі навучыліся пры дапамозе гліны змацоўваць такія непластычныя матэрыялы, як аскепкі камянёў і пясок, і толькі пасля гэтага пачалі выкарыстоўваць яе ў якасці асноўнага матэрыялу для вырабу посуду. Яшчэ пазней старажытныя майстры прыдумалі спосаб аддзяляць гліну ад шкодных прымесяў, гэта значыць, адмучваць яе. Цікава, што з таго часу метад ачысткі гліны практычна не змяніўся, і сучасныя ганчары паспяхова выкарыстоўваюць тэхналогіі, якія з'явіліся шмат тысяч гадоў таму.

Першы посуд з абпаленай гліны быў зроблены аселымі плямёнамі вострава Хонсю прыблізна ў 10700 годзе да нашай эры. Замест малюнкаў на такім посудзе можна ўбачыць адбіткі вяровак, таму сёння археолагі называюць гэтую культуру Дземон, што ў перакладзе азначае “вяровачны ўзор”. Што датычыцца качавых народаў, то ў старажытнасці яны практычна не выкарыстоўвалі гліняны посуд, паколькі ён мог лёгка разбіцца ў дарозе. Качэўнікі карысталіся драўляным ці плеценым посудам.

Адбіткі пальцаў, знойдзеныя на аскепках старажытных сасудаў, гавораць пра тое, што іх вырабам займаліся ў асноўным жанчыны. Прычым сакрэты ганчарнага рамяства на працягу многіх стагоддзяў перадаваліся ад маці да дачкі. І толькі з вынаходствам ганчарнага круга прафесія ганчара паступова перайшла ў катэгорыю пераважна мужчынскіх спецыяльнасцяў.

Віды глінянага посуду

Сёння да разраду глінянага посуду, які не ўтрымлівае ў сваім саставе ніякіх прымешак, адносіцца посуд з чорнай (задымленай) керамікі і посуд з тэракоты.

Тэракотавы посуд вырабляюць з чырвонай гліны, якая пасля абпалу можа мець светла-крэмавае, чырвона-карычневае або чорнае адценне. Посуд з тэракоты выдатна падыходзіць для прыгатавання страў у духоўках, печах і мікрахвалёўках.

Чорнаглянцаваны абварны гліняны посуд вырабляецца з задымленай керамікі і  падыходзіць для запякання ў духавых шафах рыбы, мяса і гародніны без дабаўлення алею. Ежа ў такім посудзе атрымліваецца лёгкай і хрумсткай.

Тут варта ўлічваць, што чым большую таўшчыню сценак будзе мець гліняны посуд, тым даўжэй будзе гатавацца страва. Аднак менавіта таўстасценны посуд з гліны здольны раўнамерна размяркоўваць і доўга ўтрымліваць цяпло, дзякуючы чаму ў працэсе гатавання прадукты захоўваюць карысныя рэчывы.

У  аснове фарфоравага посуду – таксама гліна. Вырабы з фарфору адрозніваюцца лёгкасцю форм і неверагоднай прыгажосцю. Звычайна з фарфору вырабляюць талеркі, сервізы, супніцы і іншы посуд для сервіроўкі стала. Між тым, фарфор, хоць і крохкі, але дастаткова ўстойлівы да высокіх тэмператур і мае здольнасць захоўваць страву цёплай або халоднай.

І, нарэшце, фаянсавы посуд: таксама вырабляецца з выкарыстаннем белай гліны, але значна таннейшы за фарфоравы. Фаянс не мае вытанчанасці фарфору і яго тэрмічных уласцівасцяў. Акрамя таго, ён лёгка ўбірае ў сябе пахі. Звычайна фаянсавы посуд прыцягвае ўвагу гаспадынь сваім невысокім коштам.

Як карыстацца гліняным посудам

Гліняны посуд прызначаны для прыгатавання ежы ў рускіх печах, газавых і электрычных духоўках, а некаторы прыдатны і для мікрахвалёвак. Тым не менш, такі посуд не пераносіць рэзкіх перападаў тэмператур, таму змяшчаць халодны гліняны посуд у разагрэтую духоўку нельга, інакш ён можа трэснуць.

Таксама настойліва не рэкамендуецца ставіць натуральныя гліняныя чыгункі і гаршкі на фаеркі (канфоркі), бо пры кантакце з адкрытым агнём яны, як правіла, трэскаюцца. Зрэшты, у гэтым правіле ёсць і выключэнні – руская гліняная патэльня латка і грузінская кеці, якія можна выкарыстоўваць для смажання. Аднак і з гэтымі вырабамі варта абыходзіцца вельмі далікатна, ставячы посуд спачатку на невялікі агонь, а потым паступова павялічваючы яго.

Калі ж вы вырашылі заварыць чай у гліняным посудзе, то спачатку некалькі разоў абліце яго знутры гарачай вадой і толькі пасля гэтага пакладзіце заварку і напоўніце кіпенем. Дарэчы, кітайцы шырока выкарыстоўваюць у сваім побыце гліняныя чайнікі і вераць, што яны здольныя падаўжаць жыццё. Акрамя таго, яны ўпэўненыя, што посуд з гліны любіць, калі яго “кормяць” чаем, і ў старым чайніку чай будзе смачнейшы, чым у новым. Таму не дзіўна, што ў Кітаі гліняны чайнік, які ўжо быў ва ўжытку, з'яўляецца не проста каштоўным посудам, але і прыстойным падарункам да свята.

Трэба прызнаць, што сцверджанні кітайцаў небеспадстаўныя і на практыцы ўстаноўлена, што смак, водар і карысныя ўласцівасці зялёнай гарбаты лепш за ўсё раскрываюцца пры заварванні ў посудзе з чырвонай гліны, паколькі гэты порысты матэрыял здольны прапускаць паветра, але пры гэтым добра захоўвае цяпло. Тут варта дадаць, што з-за порыстай структуры гліняны посуд добра ўбірае ўсе пахі, смакі і тлушчы, таму для прыгатавання кожнай канкрэтнай стравы неабходна завесці асобны посуд з гліны. У адваротным выпадку вы рызыкуеце атрымаць мяса са смакам рыбы, чай з водарам кавы і г. д. Калі ж такой магчымасці няма, то можна кожны раз перад прыгатаваннем новай стравы праграваць пусты гліняны посуд у духавой шафе для знішчэння старонніх смакаў і пахаў.

Догляд глінянага посуду

Як ужо гаварылася, посуд з гліны добра ўбірае тлушчы, якія не так проста змыць з яго сценак. Не надта забруджаны гліняны посуд рэкамендуецца мыць цёплай вадой з мінімальнай колькасцю мыла або харчовай соды. Іншыя мыйныя сродкі лепш не выкарыстоўваць, паколькі яны могуць застацца ў порах посуду і пры награванні выдзяляць у ежу шкодныя рэчывы.

Моцна забруджаны гліняны посуд можна ачысціць ад тлушчу па старадаўнім рэцэпце: для гэтага напоўніце посуд халоднай вадой, дабаўце туды трохі воцату, накрыйце, змясціце ў халодную духоўку і, паступова павялічваючы тэмпературу, нагрэйце посуд, але не даводзьце вадкасць да бурнага кіпення. Праз паўгадзіны выньце яго з духоўкі, дайце астыць, прамыйце слабым мыльным растворам і старанна прапалашчыце. Таксама для выдалення тлушчу гліняны посуд можна пацерці пяском або попелам.

Пасля мыцця гліняны посуд трэба старанна выцерці і прасушыць на паветры (лепш на сонцы), не накрываючы накрыўкай. Захоўваюць посуд з гліны ў сухім месцы адкрытым.

Напрыканцы хацелася б звярнуць вашую ўвагу на тое, што не варта спяшацца выкідваць сапсаваны гліняны посуд, бо яму яшчэ можна даць шанц на існаванне. Напрыклад, не моцна пашкоджаны гліняны гаршчок можна выкарыстоўваць у якасці вазона або кантэйнера для раслін у садзе. Дарэчы, прадпрымальныя старажытныя егіпцяне ўмудраліся выкарыстоўваць нават аскепкі глінянага посуду ў якасці таннага заменніка папірусу – яны вялі на іх падлікі і пісалі пасланні.

Аліна БЯЛОВА

                                                                                                                                                                                                                                                                              

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».