Вы тут

Прэзідэнт: Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам ЕС


Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з еўрапейскім камісарам па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам.


«Я вітаю вас у Беларусі, вельмі рады з вамі сёння сустрэцца і абмеркаваць тыя праблемы, якія, магчыма, існуюць у нашых адносінах. Хоць слова „магчыма“, напэўна, не падыходзіць — гэтыя праблемы ў нас былі заўсёды і, напэўна, будуць, — прызнаў кіраўнік дзяржавы. — Але, як паказаў апошні час, усе праблемы не носяць хранічнага характару. Яны падлягаюць вырашэнню, і апошні час таксама сведчыць пра тое, што мы значна прасунуліся ў нашых адносінах, Беларусі з Еўрапейскім саюзам».

Беларускі лідар таксама адзначыў, што яго вельмі радуюць двухбаковыя ўзаемаадносіны ў гандлёва-эканамічнай сферы. Ён нагадаў, што Беларусь дыверсіфікуе знешні гандаль.

«Мы хацелі б, каб з Еўрапейскім саюзам мы мелі гандаль прыкладна 30-35 % ад усяго аб’ёму. 30 % у нас застанецца на Расію і 30 % — на астатнія краіны нашай планеты. Такая дыверсіфікацыя дапаможа нам спакойна сябе адчуваць у сферы вытворчасці і рэалізацыі тавараў, таму што краіна наша, як вы ведаеце, экспартна-арыентаваная, мы толькі палову выраблянага спажываем у Беларусі, усё астатняе прадаем», — сказаў Прэзідэнт.

На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што знешні гандаль мае сур’ёзнае значэнне для нашай дзяржавы, адыгрывае вялікую ролю, асабліва ў фарміраванні бюджэту краіны і прытоку валюты.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што адносіны Беларусі і Еўрасаюза — матэрыяльныя, дыпламатычныя і іншыя — грунтуюцца на пэўных прынцыпах і па пэўных напрамках. На іх развіццё служаць тыя праграмы і праекты, якія абодва бакі паслядоўна прымаюць і рэалізуюць.

Прэзідэнт падкрэсліў: у апошні час значна павялічылася фінансаванне падобных праектаў, і натуральна, што яны носяць узаемавыгадны характар.

«Давайце будзем рухацца ў гэтым кірунку, і я хачу вас запэўніць, што Беларусь у дачыненні да сваіх суседзяў заўсёды прытрымліваецца вельмі ўзважанай акуратнай палітыкі. Мы лічым, што суседзі ад госпада, іх не выбіраюць, таму з імі трэба будаваць добрыя адносіны, — нагадаў ён. — Мы, зыходзячы з гэтага, заўсёды будзем надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза, і за кірунак беларускі — амаль 1,5 тысячы кіламетраў — вы можаце не турбавацца. Вядома ж, мы хочам, каб падобныя пачуцці былі ўзаемнымі».

Таксама Аляксандр Лукашэнка заклікаў суразмоўцу да шчырай размовы і падкрэсліў, што пры наяўнасці пытанняў і заклапочанасцей у ЕС у адносінах да Беларусі гатовыя адказаць па ўсіх аспектах і, калі неабходна, прыняць адпаведныя рашэнні.

У адказ Гюнтэр Этынгер адзначыў, што знаходзіцца ў Мінску з учорашняга вечара і з вялікім задавальненнем наведвае Беларусь. Ён дадаў, што сёння маюцца быць перамовы на розных узроўнях.

«З задавальненнем успамінаю, як пяць гадоў таму меў магчымасць наведаць Мінск, Беларусь для ўдзелу на вялікай канферэнцыі па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза», — дадаў еўракамісар.

Цікава, што яго першае ўражанне пра Беларусь сыходзіць у 60-я гады мінулага стагоддзя. Менавіта тады ён займаўся фартэпіяна з беларускай выкладчыцай.


Еўрапейскі камісар па бюджэце і чалавечым рэсурсам Гюнтэр Этынгер распавёў журналістам падрабязнасці сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі.

Ён адзначыў, што два дні знаходзіцца ў Беларусі, каб абмеркаваць на розных узроўнях шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Еўракамісар дадаў, што якраз у бліжэйшы час Еўрапейскі саюз распрацоўвае бюджэтны план на наступныя 10 гадоў. Вельмі важная частка ў ім — гэта фінансаванне праектаў палітыкі суседства, у тым ліку — па лініі «Усходняга партнёрства» тых праектаў, якія непасрэдна будуць тычыцца Беларусі.

«У нас ёсць магчымасць, і мы бачым неабходнасць нарасціць аб’ём фінансавання гэтых праектаў, — пацвердзіў Гюнтэр Этынгер. — Мы дамовіліся стварыць свайго роду рабочую групу з экспертамі з Беларусі і Еўрапейскай камісіі ў Бруселі для таго, каб абмеркаваць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва, гэтых будучых праграм».

Адзін з важных напрамкаў, які ў тым ліку абмяркоўваўся на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, — трансмежавая транспартная інфраструктура. Еўракамісар звярнуў увагу на тое, што Беларусь мяжуе з шэрагам краін—членаў ЕС. Акрамя таго, наша дзяржава прадастаўляе транзітныя паслугі для патокаў з Еўрасаюза і Расіі. Такім чынам, дадаў ён, пашырэнне трансгранічнай транспартнай сеткі будзе адыгрываць вялікую ролю.

Акрамя таго, еўракамісар нагадаў, што ў гэтым годзе 10 гадоў спаўняецца ініцыятыве «Усходняе партнёрства». Яна ў тым ліку служыць і для развіцця адносінаў Беларусі і ЕС. «Цяпер мы думаем над тым, каб сфармуляваць прыярытэты для будучага развіцця адносін, у тым ліку — распрацаваць шэраг вельмі прагматычных, практыкаарыентаваных праектаў па прынцыпе „win — win“, гэта значыць праектаў, якія будуць насіць узаемавыгадны характар, будуць мець станоўчае значэнне і для Беларусі, і для Еўрасаюза. Перш за ўсё, гэта тычыцца сферы эканомікі», — падкрэсліў ён.

Гюнтэр Этынгер падкрэсліў, што важнай тэмай застаецца ядзерная бяспека, захаванне міжнародных стандартаў у гэтай сферы. «Мы спадзяемся, што ў бліжэйшы час усе гэтыя пытанні будуць урэгуляваныя», — сказаў еўракамісар.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў апошнія гады Беларусі і Еўрапейскаму саюзу ўдалося дасягнуць значных поспехаў і прасоўвання ў двухбаковым дыялогу, у частцы нармалізацыі гэтага дыялогу, ўзаемнай адкрытасці. Гюнтэр Этынгер выказаў упэўненасць у тым, што абодва бакі зацікаўлены ў працягу гэтай тэндэнцыі.

На яго думку, вельмі пераканаўчай выглядае пазіцыя нашай краіны і Прэзідэнта з пункту гледжання стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, імкнення Беларусі быць гарантам міру ў гэтай частцы планеты. Ён адзначыў намаганні, якія прыкладае наша краіна для хутчэйшага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту.
«Хачу дадаць, што незалежнасць Беларусі, самастойнасць, суверэнітэт вашай краіны як суседа і Еўрапейскага саюза, і Расіі — гэта наша сумесная адказнасць і гэта наш абавязак, — падкрэсліў еўракамісар. — Геаграфічная сітуацыя не зменіцца ніколі: Мінск заўсёды будзе знаходзіцца паміж Масквой і Брусэлем, таму задача складаецца ў тым, каб выкарыстаць гэтую сітуацыю для таго, каб людзі атрымлівалі перавагі ад гэтага суседства, а не адчувалі нейкія цяжкасці».

Гюнтэр Этынгер таксама дадаў, што новае пакаленне — тыя, каму цяпер 15–20 гадоў — хочуць свабоды перамяшчэння, хочуць жыць у тых гарадах, якія іх прыцягваюць. Моладзь хоча падарожнічаць па нашым кантыненце. Задача складаецца ў тым, каб забяспечыць гэтую свабоду і бяспеку, упэўнены ён.

У тэму

У адпаведнасці з прынятай ў 2016 годзе пры падтрымцы ЕС новай Стратэгіяй Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця для Беларусі, Банк паўнавартасна працуе з беларускім дзяржсектарам, тады як раней фінансаваліся толькі прыватныя праекты. У жніўні 2017 года ўступіла ў сілу Рамачнае пагадненне Беларусь — Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ). У 2018 з ЕІБ заключаны першыя крэдытныя пагадненні па праектах на суму звыш 160 млн еўра.

Беларусь і ЕС вядуць перамовы па сумесных «Прыярытэтах партнёрства» да 2020 года ў чатырох сферах: дзяржаўнае кіраванне; эканоміка і рынкавыя магчымасці; транспарт, энергаэфектыўнасць і барацьба са зменамі клімату; кантакты паміж людзьмі. Падпісанне дакумента з’яўляецца ўмовай доступу Беларусі да шэрагу новых фінансавых механізмаў ЕС.

Дзейнічае Каардынацыйная група Беларусь — ЕС у якасці органа прасоўвання двухбаковага супрацоўніцтва і сумеснаы дыялог па правах чалавека. У кастрычніку 2016 года Беларусь, ЕС і сем яго краін-членаў падпісалі Дэкларацыю аб Партнёрстве дзеля мабільнасці, узгоднены пералік праектаў у яе рамках.

У 2018 годзе пачалася рэалізацыя праекта будаўніцтва цэнтраў утрымання нелегальных мігрантаў на суму 7 млн еўра.
Вядуцца перамовы з ЕС аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі.

Еўрасаюз з’яўляецца другім па значнасці рынкам для беларускага экспарту. У 2018 тавараабарот Беларусь — ЕС склаў 17,3 млрд долараў (павелічэнне на 19,6 % да 2017).

Экспарт у ЕС склаў 10,2 млрд долараў (на 29,9 % больш, чым у 2017), імпарт — 7,1 млрд долараў (на 7,4 % больш, чым у 2017).

Сальда дасягнула 3 млрд долараў (у 2017 — 1,2 млрд долараў). Доля ЕС у агульным экспарце Беларусі — 30,2 % (26,8 % у 2017).

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.