Вы тут

Ці можна на ўроку выхаваць крытычнае мысленне і сацыяльную адказнасць?


«Каб прыгатаваць добрае надвор’е ўзімку, вам спатрэбіцца шмат блакітнага чыстага неба, якое можна купіць на фабрыцы надвор’я. На блакітнае неба пастаўце крыху маленькіх белых хмарак, якія ўваходзяць у камплект, каб бліскучыя сняжынкі заўсёды прыпраўлялі вашы шапкі і шалікі. Затым пастаўце ў халадзільнік некалькі шклянак снегу і праз пару гадзін рассыпайце яго сям-там невялікімі гурбамі па зямлі. А на дрэвы абавязкова пасыпце іней, каб пад вечар усе галіны бязгучна іскрыліся ад мяккага святла маладзіка, які таксама трэба своечасова выкаціць на ўжо пацямнеўшае неба. І не забывайцеся выразаць сняжынкі да наступнага дня. Прыемнага ўсім надвор’я!» Як вы думаеце, хто можа быць аўтарам гэтага тэксту?
Ці вось вам яшчэ адзін літаратурны міні-шэдэўр: «Калі сцёртае, здавалася б, мінулае вяртаецца з пахам засушанага рамонку, калі сцішана заходзячае сонца злёгку пазалочвае блакітнавата-шэры лес, калі сціраецца, а потым яшчэ больш выразнай становіцца мяжа паміж сёння і ўчора, тады саланаватыя вусны выдыхаюць: «Было калісьці...»


Дапамагчы дзецям прачнуцца

Алена КАЗЛОВА: "Мы не можам змяніць вучняў, але можам змяніць сябе".

Не сумняваюся, што многія зараз у галаве ліхаманкава перабіраюць прозвішчы маладых літаратараў, але робіце вы гэта дарэмна. І першы, і другі тэкст напісалі вучні настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Алены КАЗЛОВАЙ. У першым выпадку аўтар — вучаніца сёмага класа Наталля Краско, а ў другім — дзесяцікласніца Анастасія Качан.

Майстар-клас на Калядным педагагічным фестывалі Алены Казловай быў прысвечаны менавіта стварэнню вучнямі ўласных тэкстаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці.

— Васіль Сухамлінскі некалі сказаў, што «кожнае дзіця — паэт, і настаўніку неабходна ўвесці яго ў свет творчасці», а Леў Выгоцкі лічыў, што творчасць — норма дзіцячага развіцця. Таму наша задача — дапамагчы дзецям прачнуцца, — разважае настаўніца. — Мы не можам змяніць вучняў, якія ўжо нарадзіліся з тэлефонамі, не можам змяніць іх бацькоў, школьную праграму — усё гэта ад нас не залежыць, але мы можам змяніць сабе. Настаўнік, які не чытае, не зможа заахвоціць дзяцей да чытання. Настаўнік, які не стварае, не выхавае творчых асоб. Педагог, які адмоўчваецца на занятках для настаўнікаў, не зробіць дзяцей актыўным. Трэба ва ўсім быць прыкладам для вучняў!

Алена Казлова падзялілася з калегамі шэрагам прыёмаў, якія яна паспяхова выкарыстоўвае і якія дапамагаюць ёй уцягнуць вучняў у творчую дзейнасць.

— Напрыклад, у сёмым класе ёсць заданне — перакласці на беларускую мову любімы дамашні рэцэпт. Звычайна што робяць дзеці? Правільна, адкрываюць «Гугл». Але ж можна прапанаваць ім прыгатаваць штосьці незвычайнае. І якое шырокае поле для фантазіі адразу адкрываецца... Адна з маіх вучаніц, напрыклад, вырашыла падзяліцца «рэцэптам» добрага надвор’я.

Вельмі цікавая праца з эцюдамі-асацыяцыямі. Паняцце «эцюд» прымяняецца найперш да твораў на «вольную тэму». У эцюдах аўтар выказвае сваё стаўленне да пэўных праблем рэчаіснасці. Часта эцюд вырастае з аднаго слова (згаданага, прачытанага або нават з таго, што прыснілася) ці з выпадковай фразы. Я прапанавала дзецям напісаць эцюд на слова «калісьці» (чытайце вышэй. — Аўт.), і яны мяне вельмі парадавалі.
Можна даць, напрыклад, дзецям заданне — скласці тэкст са слоў на адну літару, напрыклад на тую, з якой пачынаецца ўласнае імя. А тлумачальны слоўнік будзе вам у дапамогу.

«Павел Пятровіч, па прозвішчы Піліпковіч, — патомны падарожнік. Пешшу прайшоў Павел Пятровіч паўсвету, падарожнічаў поездам, плаваў параходам... Пагуляў па паважаным Полацку, паглядзеў Паставы, пахадзіў па прыгожых Пінску, Пскове... Пераплываў Прыпяць. Пціч. Пахадзіў Павел Пятровіч па палях, па перадгор’ях. Пасля падарожжа прывёз падарункі, прысмакі, пачастункі. Паслухмянай пляменніцы, прыгажуні Палінцы, — празрысты парасон, пацеркі, пярсцёнак...» Гэта толькі невялікая частка творчай работы шасцікласніка Захара Шушарта, які вельмі натхніўся заданнем.

Працуюць вучні Алены Казловай і з вершаказам. Маецца на ўвазе паэтычная медытацыя, у аснове якой — роздум пра сутнасць нейкай рэчы, прадмета ці з’явы. У вершаказах падчас прасочваюцца самыя нечаканыя асацыятыўныя сувязі паміж асобнымі словамі і паняццямі на аснове іх гукавога падабенства. Гэта своеасаблівая гульня слоў, асацыяцый, жангліраванне паняццямі...

Дзевяцікласніца Дар’я Кулеш, напрыклад, прысвяціла сваю творчую работу прасу: «Прас — фарсун, бо вельмі прыкметная рэч. Ён можа прасаваць і тканіну, і паперу. Калі павольна яго рухаць, то ён адпрасуе кожную складачку, кожны загібчык. У хаце прас адчувае сябе вельмі паважна. Зрэдку паводзіць сабе як свавольнік, бо таксама мае сваю музыку і мову. Ён сіпіць і свішча, сыкае і стракоча. І яго цяжка супакоіць, пакуль не астыне. Яшчэ ў старажытныя часы ўсе карысталіся прасамі. І ў наш час у праса слава працавітага фарсуна».

— Дзецям абавязкова трэба паказаць прыклад тэксту, — тлумачыць Алена Казлова. — Вучыцца творчасці трэба ў творцаў, неабходна браць творы тых, каго вы любіце, і з імі ісці да вучняў. Мне з удзячнасцю дзеці казалі: «Вы адкрылі для мяне вершы Гілевіча» ці «Мне вельмі спадабаліся вершы Яўгеніі Янішчыц».

Вельмі добрая знаходка — акраверш. Калі дзеці не пішуць рыфмаваныя радкі, а такіх большасць, навучыце іх пісаць акравершы. Акравершы ёсць у Багдановіча, Дубоўкі, Барадуліна, Гілевіча, Золака.

Прагулка з сэнсам

Алена Казлова прызнаецца, што сапраўдную асалоду ёй прыносяць заняткі з матываванымі дзецьмі па-за школьнымі ўрокамі (дарэчы, яна падрыхтавала шмат пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. — Аўт.). Аднойчы пасля такіх заняткаў у чэрвені настаўніца запрасіла сваіх выхаванцаў выйсці ў школьны двор, каб расслабіцца, а там у гэты час радавалі вока півоні. «Я прапанавала: «Усоўваем свой нос у кветкі, нюхаем і спрабуем свае адчуванні з чымсьці параўнаць», — расказвае педагог. — Так з’явіўся тэкст Анастасіі Шалепінай «Зямныя аблокі».

Эла ЯКУБОЎСКАЯ: "Вучням падчас урока даводзіцца думаць, гаварыць, адказваць, дапаўняць адно аднаго, абменьвацца думкамі".

«Воблакі... Яны, апаленыя сонцам, маркотна плывуць па Нябесным акіяне. Нічога сёння ім не перашкаджае... Півоні — далёкія сваякі Воблакаў. Яны вельмі падобныя да іх: неакуратная форма салодкіх вяршкоў, якая змяняецца праз некалькі гадзін (у воблакаў гэта адбываецца хутчэй, бо ў межах Нябеснага акіяна другія прамежкі часу), аднолькавы колер (але Півоні для нас здаюцца ярчэйшымі, таму што на Воблакі мы глядзім праз тоўшчу Нябеснага акіяна). Але ў нечым яны адрозніваюцца. Па-першае, Воблакі могуць плыць па Нябесным акіяне, таму Півоні глядзяць на іх кожны дзень. Яны задзіраюць свае бутоны так высока, нібы зараз адарвуцца і паляцяць да іх, да сваякоў-воблакаў... Але ў Півоняў ёсць адна самая галоўная асаблівасць: яны пахнуць... Зараз можна выйсці ў сад і панюхаць Зямное Воблака. Пах Півоні не атрымаецца дасканала апісаць. У ім адчуваецца нотка толькі што скошанай травы, свежай расы». Але, самае галоўнае, іх паху не сустрэнеш больш нідзе ў цэлым свеце і ніводная зямная мова не можа прапець галоўную нотку гэтага водару. Антуан дэ Сент-Экзюперы гаварыў: «Ніколі не трэба слухаць, што кажуць кветкі. Трэба проста глядзець на іх і дыхаць іх водарам. І я, стоячы побач з квітнеючай Півоняй, згаджуся, бо яе незямны водар і нябесны выгляд адрывае ад усяго навакольнага свету...»

Творы выхаванцаў Алены Казловай неаднойчы друкаваліся ў часопісе для падлеткаў «Бярозка». «Я вершаў, на жаль ці на шчасце, не пішу, а мае дзеці пішуць, — жартуе яна. — Мне вельмі падабаецца «глянец для падлеткаў» (як пазіцыянуе сабе «Бярозка»). Гэта проста класны часопіс, які прыемна трымаць у руках і цікава чытаць. Выдатная творчая пляцоўка для пачаткоўцаў.

Акцэнт на супрацоўніцтва

«Пазнанне праз супрацоўніцтва, або Старое па-новаму» — так гучала назва майстар-класа, які правялі на Калядным фестывалі педагагічнага майстэрства настаўнікі фізікі з Жодзіна Эла ЯКУБОЎСКАЯ (гімназія № 1) і Аляксандр ЯКУБОЎСКІ (сярэдняя школа № 9). Яны пазнаёмілі калег з прыёмамі кааператыўнага навучання (сінгапурскай методыкай).

— Каго мы сёння вучым і выхоўваем? Гэта чалавек, які будзе жыць у ХХІ стагоддзі. Якія ўменні і навыкі яму патрабуюцца? Камунікатыўнасць, творчасць і дапытлівасць, уменне працаваць з інфармацыяй, крытычнае і сістэмнае мысленне, уменне фармуляваць і вырашаць праблемы, скіраванасць на самаразвіццё, сацыяльная адказнасць. Калі казаць пра фізіку і астраномію, якімі метадамі мы павінны іх выкладаць, каб развіваць усе гэтыя кампетэнцыі? Далёка не ўсе з нашых навучэнцаў будуць рашаць пасля школы задачы па фізіцы, але ўсе павінны разумець, як дзейнічаюць базавыя фізічныя законы. Таму размова ідзе пра развіццё ўніверсальных здольнасцяў і ўменняў, — падкрэслівае Эла Якубоўская. — Наша задача — навучыць дзіця думаць, а не навучыць таму, што менавіта яму думаць.

На майстар-класе ў Алены Казловай і настаўнікі паглыбіліся ў творчасць.

Пры кааператыўным навучанні ствараюцца не проста групы, а каманды, у якія ўключаюцца навучэнцы з рознай паспяховасцю. Кожны з іх працуе на агульны вынік і падзяляе агульныя абавязкі па дасягненні мэты. У кожнага члена каманды свая роля, якую яму прызначае настаўнік, але яна не менш значная, чым у суседа. Збоку можа паказацца, што ў класе адбываецца поўны хаос, але насамрэч на ўроку дзейнічаюць строгія правілы. Між іншым, дзецям вельмі падабаюцца элементы сінгапурскай методыкі.

Трэба заўважыць, што ва ўсіх міжнародных параўнальных даследаваннях (РІRLS, TІMSS, РІSА) стабільна лідзіруюць сінгапурскія школьнікі: яны паказваюць найлепшыя вынікі ў свеце па матэматыцы і прыродазнаўчых навуках. У іх самы высокі ўзровень функцыянальнай адукаванасці. Міжнародныя эксперты лічаць, што сінгапурская сістэма адукацыі ў найбольшай ступені адпавядае патрабаванням, якія прад’яўляе да выпускнікоў школ так званая эканоміка ведаў.

— У аснове сістэмы, па якой праходзяць заняткі ў сінгапурскіх школах, ляжыць менавіта кааператыўнае навучанне — камунікатыўнасць і супрацоўніцтва вучняў плюс строга зададзены алгарытм урока, — тлумачыць Аляксандр Якубоўскі. — Сінгапурская методыка навучання ўяўляе сабой набор тэзісаў і формул (у рускім перакладзе іх называюць «структурамі»). Кожная структура (а ўсяго іх 250) мае жорсткія рамкі і ўласную назву. Злучаць іх адну з адной можна ў любой паслядоўнасці, урок будуецца як з кубікаў канструктара «Лега». На наступным уроку педагог рассыпае канструкцыю і збірае яе ўжо іншымі спосабамі.

Уменне слухаць іншых

Пры сінгапурскай сістэме школьныя сталы аб’ядноўваюцца па два, за імі рассаджваюцца чацвёра школьнікаў. Ёсць партнёры па твары і партнёры па плячы. «Партнёр па твары» — гэта той, хто сядзіць насупраць цябе. «Партнёр па плячы» — той, хто сядзіць побач. «Увага! Слухаем партнёраў
па плячы, — аб’яўляе педагог. — А цяпер паслухаем меркаванне партнёраў па твары». У цэнтры ўрока — самі дзеці, а не настаўнік. Апошні становіцца мадэратарам дыскусіі і забяспечвае зваротную сувязь. Яму так прасцей праверыць пройдзены матэрыял і знайсці час для тлумачэння новага. Адзін з прыёмаў — Hіgh fіvе (сігнал цішыні). Калі настаўнік падымае руку, без крыкаў і рэпрэсіўных мер ён прыцягвае ўвагу ўсяго класа — усе імгненна замаўкаюць.

— Вучням падчас урока даводзіцца думаць, гаварыць, адказваць, дапаўняць адно аднаго, абменьвацца думкамі, — расказвае Эла Якубоўская. — Адзін з прыёмаў: школьнікі запісваюць свае адказы на маленькіх лістках. Па сігнале настаўніка яны бяруць іх і разбягаюцца па класе. Вучні становяцца тварам адно да аднаго і падымаюць руку. Дзеці зачытваюць адно аднаму адказы, потым знаходзяць сабе новыя пары і дзеляцца сваімі адказамі з імі. Уменне слухаць іншых — вельмі важнае ў жыцці. Плюс у дзяцей вельмі добра развіваюцца камунікатыўныя кампетэнцыі і вусная мова. А яшчэ сінгапурская методыка добра падыходзіць для таго, каб захапіць вучобай больш слабых вучняў, тым больш што яна мае гульнявыя складнікі.

Аляксандр ЯКУБОЎСКІ: "Адзін з прыёмаў — Hіgh fіve (сігнал цішыні). Калі настаўнік падымае руку, усе імгненна замаўкаюць".

У кааператыўнага навучання ўвогуле шмат пераваг: на ўроку задзейнічаны ўвесь клас, павялічваецца разнастайнасць формаў і сродкаў, якія стымулююць творчую актыўнасць школьнікаў, павышаецца іх навучальная і пазнавальная матывацыя, зніжаецца ўзровень трывожнасці ў навучэнцаў, знікае страх аказацца некампетэнтным у рашэнні якіх-небудзь задач, развіваецца крытычнае мысленне і крэатыўнасць. Групавая праца быццам бы і не новая для нашай школы, але педагогі раней ніколі не дабіваліся таго, каб кожны член групы, адказваючы, уносіў у адказ нешта сваё. У сінгапурскай сістэме ўсе вучні раўнапраўныя, кожны павінен даць свой кароткі адказ.

Але ёсць і пэўныя цяжкасці: рабоце ў камандзе трэба спачатку навучыць. Для некаторых дзяцей падзел на групы — балючы працэс. Да таго ж і ад настаўніка патрабуюцца пэўныя намаганні па каардынацыі груп. Каб арганізаваць работу навучэнцаў па сінгапурскай методыцы, навучыць іх дзейнічаць у новай для іх вучэбнай сітуацыі, педагог сам павінен не толькі добра валодаць дадзенай тэхналогіяй, але і думаць зусім інакш. Інакш паглядзець на сваю ролю...

«Хачу заўважыць, што кааператыўнае навучанне — толькі адзін з відаў арганізацыі самастойнай дзейнасці навучэнцаў, — падкрэслівае Эла Якубоўская, — і ў настаўніка заўсёды ёсць выбар сродкаў для арганізацыі ўрока».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Тэрыторыя для творчасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.