Па-сапраўднаму нечаканым і адначасова прыемным стала з'яўленне ў месцах свайго рэгулярнага гнездавання першых шэрых гусей і шэрых жураўлёў. Як паведамляюць супрацоўнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», ужо 10 лютага адзінкавыя пары гэтых прыгожых птушак былі адзначаныя каля ўрочышча Зляціна на паўднёва-заходняй ускраіне Белавежскай пушчы. Гэта нядзіўна, бо апошнімі гадамі расце колькасць жураўлёў на зімоўцы на ўсходзе суседняй Польшчы. Акрамя таго, у папярэднія зімы былі адзінкавыя факты зімоўкі гусей і жураўлёў на тэрыторыі нацыянальнага парку.
А крыху пазней, 13 лютага, на захадзе нашай краіны былі заўважаны першыя сёлета палявыя жаваранкі, за якімі, без сумнення, хутка прыляцяць і іншыя віды птушак, якія ў нас не зімавалі. І хаця гэта падзея адбылася сёлета амаль на 20 дзён раней, чым летась, гэта не «рэкордны» прылёт — у 2016-м першых жаваранкаў бачылі ў нашай краіне ўжо 9 лютага. Іншых нашых блізкіх мігрантаў (якія зімуюць у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе) пакуль не відаць, але таксама на Бераставіччыне арнітолагі зафіксавалі вялікую чараду лебедзяў-клікуноў, якія яўна не зімавалі тут у такой колькасці. Цікава, што яшчэ тыдзень таму спецыялісты адзначылі тры асобныя пары гэтых птушак, якія, перш чым прыступіць да размнажэння, павінны «пакінуць без догляду» сваіх птушанят з мінулага года.
У гнездавой калоніі каля мястэчка Вялікія Эйсманты (Бераставіцкі раён) гракі актыўна збіралі матэрыял і папраўлялі свае гнёзды. Паводле апошніх уяўленняў, у нас зімуюць як «нашы» птушкі, якія потым у нас жа і гняздуюцца, і птушкі з больш паўночна-ўсходніх рэгіёнаў, напрыклад Расіі. Частка ж беларускіх гракоў ляціць на зімоўку ў Чэхію і Германію. Аднак, нягледзячы на яўны надыход вясны, пра які птушкі даведваюцца не толькі дзякуючы адлізе, але і праз паступовае павелічэнне светлай часткі сутак, зіма не збіраецца канчаткова адступаць. Час ад часу ідзе мокры снег.
Як адрэагуюць на гэта наступныя «мігранты», даведаемся ўжо ў найбліжэйшыя дні, бо звычайна птушкі ўмеюць нашмат лепш за сіноптыкаў прагназаваць надвор'е.
Сяргей КУРКАЧ
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтае пытанне яшчэ ніколі не стаяла так востра.
Век жыві — век вучыся.
На што здольная абноўленая версія кабінета?
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.