Вы тут

На пярэднім краі


Трагедыя, якая адбылася на гэтым тыдні ў Стоўбцах, не пакінула раўнадушным нікога. Шмат напісана і сказана з гэтай нагоды, зноў усе задаюць гэтыя вечныя нашы пытанні «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?». І калі варыянтаў адказаў на першае вялікае мноства, дык на другое адказу бадай што і няма. Так, схамянуліся ўсе, паехалі па школах чарговыя праверкі. Але ці будзе ад гэтага толк? Ці проста чарговы раз настаўнік адчуе сябе зацкаванай авечкай, у якую можа пагардліва тыкаць пальцам хто заўгодна: грозны правяральшчык з раёна, пажарнік, санстанцыя, абураная мамка, якой пакрыўджанае дзіця наскардзілася на несправядлівасць... Прычым усё гэта бачаць вучні, усё гэта робіцца на іх вачах.


Прэзідэнт правільна сказаў: у школу трэба ісці як у храм. Калі кіравацца гэтай абсалютна зразумелай нармальнаму чалавеку аналогіяй, настаўнік у гэтым храме павінен быць на ўзроўні святара. І адчуваць сябе на належным узроўні — у плане адказнасці, у плане прафесійнай і чалавечай годнасці. Але такога адчування не можа быць у прынцыпе без элементарнай павагі ад іншых і да самога чалавека, і да той справы, якую ён робіць. Вось гэтага апошнім часам у нашых настаўнікаў і няма. І ў школу яны ідуць не як у храм, а як на перадавую, на якой яны абсалютна безабаронныя. Перад чым — перад звычайным людскім хамствам або перад нажом у руках вучня — няважна.

Прычына ў гэтай неабароненасці адна — непавага да настаўніка і да той працы, якую ён робіць. І справа тут не ў невялікіх зарплатах, якія часта ўвязваюць з прэстыжнасцю, — мая мама, працуючы ў школе на паўтары стаўкі, у савецкі час зарабляла менш, чым вясковыя даяркі, але гэта ніякім чынам не ўплывала на яе непарушны аўтарытэт. Проста ў нашай свядомасці нешта шчоўкнула, і настаўнік з носьбіта патрэбных ведаў, якімі ён мае ласку з нашымі дзецьмі дзяліцца, за што мы мусім быць яму як мінімум удзячныя, — і так яно было спрадвеку, і гэта правільна! — ператварыўся ў нашым разуменні ў служку, які проста ПАВІНЕН вучыць нашых дзетак, бо яму за гэта плацяць. Аб настаўніка можна выцерці ногі, яго можна абразіць — і нічога за гэта не будзе, бо ён зноў прыйдзе на ўрок, а дзеткі будуць пасмейвацца і глядзець як на афіцыянта, які перад імі, панамі, стараецца з усіх сіл, каб яны прынесеную страву пакаштавалі і каб яна ім хоць трохі спадабалася. А крый божа гэтаму служку абурыцца ці зрабіць заўвагу — тут жа можна набраць па тэлефоне мамку ці бацьку, і тыя ўжо прыляцяць на ўсіх парах і, у большасці выпадкаў нават не стараючыся разабрацца, будуць крычаць аб правах дзіцяці і пагражаць судом і ўсімі магчымымі пакараннямі на бедную настаўніцкую галаву.

Вы, напэўна, чулі пра гісторыю з дырэктарам адной з пінскіх школ, якая нарабіла шуму на пачатку навучальнага года. З ганка яго школы яшчэ на летніх канікулах панадзіліся катацца юныя скейтбардысты. Усё б нічога, але пачаўся навучальны год, і хлопцы на скейтах (дарэчы, вучні іншай школы) сталі рэальнай пагрозай для тых жа першакласнікаў, якіх яны проста маглі збіць з ног і пакалечыць. Дырэктар даў распараджэнне тэхперсаналу, каб тыя папрасілі спартсменаў сысці са школьнага двара. Вы думаеце, тыя паслухаліся дарослых? Яны наадварот, сталі іх, як сёння кажуць, троліць і давялі да таго, што людзі прыйшлі да дырэктара з просьбай абараніць іх ад малалетніх хамаў. Той выйшаў на ганак, паспрабаваў паўшчуваць хуліганаў, але тыя толькі смяяліся. На добры толк, трэба было б вызваць міліцыю, і няхай бы з імі разбіралася інспекцыя па справах непаўналетніх. Але ж хацелася па-чалавечы. Таму дырэктар проста ўзяў неслухаў за каркі, каб завесці ў школу, выклікаць іх бацькоў і пагаварыць. І трэба ж было хлопцам сутыкнуцца. У аднаго аказалася рассечаная губа. Што тут пачалося! Людзі, якія бачылі ўсё гэта, расказвалі, што адзін з малых тут жа пачаў тэлефанаваць маці і крычаць: «Мамачка, мяне тут забіваюць!» Прыляцела мамка, нарабіла гвалту, пацягнула дзіця ў траўмапункт, напісала заяву ў міліцыю, хоць дырэктар і папрасіў прабачэння і губу тую пацярпеламу адразу ёдам памазалі. Пачаўся разбор, дырэктар трапіў у бальніцу, вучні, настаўнікі і бацькі арганізавалі нават флэшмоб у яго абарону...

Чым усё скончылася? Месяц назад дырэктар звольніўся па ўласным жаданні. Бяда не ў гэтым — добры педагог работу знойдзе, і нават не ў тым, што школа пазбавілася талковага (інакш бы так не абаранялі) кіраўніка. Бяда ў тым, што выйграла тут маці і яе нявыхаваны сын. Яна будзе лічыць, што мела рацыю выключна ва ўсім, і наўрад ці зробіць нейкія высновы пра тое, як выхоўваць дзіця. Сын (а яшчэ і яго аднагодкі, якія ўсё гэта назіралі) з дадзенай сітуацыі вынес, што настаўнік — ніхто, што яго можна абразіць, яго можна не слухацца, і за гэта НІЧОГА не будзе. А настаўнік на нармальную чалавечую рэакцыю НЕ МАЕ ПРАВА, бо яму па статусе не паложана...

Успамінаю аднаго фізрука з гадоў свайго школьнага дзяцінства. Ён на эмоцыях даў па твары дзесяцікласніку, здароваму боўдзілу, за тое, што той яго дэманстратыўна паслаў — прамым тэкстам. Той паскардзіўся бацьку, а бацька прыйшоў у школу і... падзякаваў фізруку за тое, што дапамог у выхаванні. Можа, гэта і тады было незаконна, але гэта было — нармальна, па законах чалавечых. Яшчэ адна карцінка з дзяцінства — ноччу на ганку стаіць п'яны дзядзька Адам, барабаніць у шыбу і крычыць на маму: «Дзе мая Тонька?! Ты класная кіраўніца, ты павінна ведаць, дзе яна шляецца!» (Тонька была ўжо ў дзясятым класе і загуляла недзе з кавалерам.) Назаўтра, працверазеўшы, дзядзька прыйшоў да мамы прасіць прабачэння. Бо накрычаў на настаўніцу, якая вучыць яго бесталковую Тоньку, якой сам не можа даць рады, бо гэта ж — настаўніца, на яе НЕЛЬГА крычаць... Вы можаце ўявіць падобнае развіццё сітуацыі сёння?

Калі ў нашым разуменні так усё перакрывілася не ў той бок? Можа, у пачатку шалёных 90-х, калі нейкі ўмоўны Пеця Сідараў, двоечнік і гультай, прыехаў да ўмоўнай Марыі Іванаўны, сваёй былой настаўніцы, на крутой тачцы і, накручваючы на палец залаты ланцуг, пагардліва спытаў: «Ну што, і які толк з вашай навукі?» Але ж сёння, дзякуй богу, ужо не дзевяностыя, адукаванасць і адукацыя цяпер тоесныя жыццёваму поспеху і паспяховасці. І ў кожнага самага геніяльнага прадпрымальніка ці праграміста на пачатку зорнай кар'еры былі людзі, якія навучылі яго чытаць, пісаць, лічыць, разумець, што такое ён сам і зямля, на якой ён жыве. Цяпер гэтыя людзі вучаць наступнае пакаленне будучых геніяў. Дык хто каму робіць ласку?

У школу — як у храм. Пакуль застаецца толькі маліцца за нас усіх, каб калі-небудзь спраўдзілася менавіта так.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.