Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Форум дзелавога супрацоўніцтва — 2019 прайшоў у Салігорску

Гэта першае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Салігорскі райвыканкам, паведамляе раённая газета «Шахцёр».

Фота: shahter.by

Нефармальны бізнес-форум дазволіў пазнаёміць прадстаўнікоў дванаццаці дыпламатычных місій, якія акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь, і гандлёвых прадстаўніцтваў з культурай, прадпрыемствамі, асаблівасцямі эканамічнага развіцця раёна.

Арганізатары спадзяюцца, што першы станоўчы вопыт правядзення форуму будзе распаўсюджаны на іншыя рэгіёны Мінскай вобласці. Мэта мерапрыемства — узаемнае супрацоўніцтва, укладанне інвестыцый, стварэнне новых сумесных праектаў. Госці ацанілі якасць і разнастайнасць на выстаўцы прадукцыі прадпрыемстваў Салігорскага раёна. Пасля афіцыйнай часткі прадстаўнікі бізнесу правялі дзелавыя перагаворы з патэнцыйнымі партнёрамі. Цікавасць была праяўлена падчас дэгустацыі, а таксама падчас прэзентацыі прадпрыемстваў.

Старшыня камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама Сяргей ЖАЛЯЗНЯК:

— Сённяшні форум — гэта першае мерапрыемства, якое праводзіцца ў рамках дзелавога супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі дзеля таго, каб паказаць свой патэнцыял. Хачу адзначыць, што Мінская вобласць сёння экспартуе сваю прадукцыю больш чым у 150 краін свету. Мы пастаўляем на экспарт больш за 900 пазіцый. Міншчына заключыла пагадненні з рэгіёнамі 80 краін блізкага і далёкага замежжа. Форум паказаў на прыкладзе аднаго з самых перадавых рэгіёнаў, як сёння развіваецца Рэспубліка Беларусь, вызначыў перспектыўныя напрамкі для прасоўвання прадукцыі за межы нашай дзяржавы.


Пытанне да дэпутата

На прамой лініі — старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў

Як паведамілі «МС» у Мінскім абласным Савеце дэпутатаў, у суботу, 16 лютага, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Віктараўна Якубіцкая правядзе прамую тэлефонную лінію. Задаць свае пытанні кіраўніку прадстаўнічай улады сталічнага рэгіёна можна з 9.00 да 12.00 па тэлефоне
8 (017) 500-41-60.


Грыбное месца

На Міншчыне нядаўна з'явілася першая вытворчасць па вырошчванні шампіньёнаў

Запусціла яе кампанія «Аграсэрвіс-6», якая дынамічна развіваецца, піша раённая газета «Прысталічча». Свежая прадукцыя, вырашчаная на якаснай сыравіне, хутка знайшла свайго пакупніка не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Фота: prіstalіca.by

Штодня вытворцы атрымліваюць каля трох тон смачных далікатэсаў. А пры выхадзе на поўную вытворчую магутнасць штомесячны ўраджай дасягне 200 тон.

Грыбныя «плантацыі» размяшчаюцца недалёка ад Мінска — у аграгарадку Сеніца. Тут у дванаццаці кліматычных камерах растуць шампіньёны.

Якасны кампост для вырошчвання грыбоў — залог высокай рэнтабельнасці бізнесу. Субстрат з грыбным міцэліем кампанія купляе ў Польшчы. Кантэйнеры з грунтам размяшчаюць у некалькі радоў у сем паверхаў. Пры вырошчванні шампіньёнаў не выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні і іншыя хімічныя рэчывы — толькі вада для актыўнага росту грыбоў. Калі добра завільгатніць грунт, пік ураджаю не за гарамі.

— Ураджай у значнай ступені залежыць ад якасці пажыўнай базы, таму эканоміць на субстраце нельга, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці ТАА «Аграсэрвіс-6» Андрэй Равуцкі. — З так званай першай хвалі атрымліваецца сабраць каля пяці тон шампіньёнаў. Далей работа з грунтам не канчаецца: багаты паліў, фаза росту і зноў — збор ўраджаю. На гэты раз ён не перавышае трох тон (60 % ад першай хвалі). Неабходнасць запуску трэцяй хвалі залежыць ад нашых патрэб і загружанасці цэхаў. Як правіла, яна прыносіць 20—25 % ад першага збору.

Сёння ў штаце 60 чалавек, але ў перспектыве колькасць спецыялістаў плануюць павялічыць да 110.


Крокі на шляху развіцця

У Астрашыцкім Гарадку адкрылі пасля рэканструкцыі амбулаторыю

Цяпер спецыялісты медустановы змогуць абслугоўваць не менш за 60 пацыентаў у дзень. Сама амбулаторыя разлічана на 6,5 тысячы чалавек, піша «Прысталічча».

Фота: prіstalіca.by

Намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч адзначыў, што гэта першы крок у рэалізацыі канцэпцыі развіцця Астрашыцкага Гарадка:

— Хутка тут адкрыецца лазня для мясцовых жыхароў і навакольных населеных пунктаў. З'явяцца камфартабельныя жылыя дамы, у планах — рамонт гідразбудаванняў.

Старшыня Мінскага раённага Савета дэпутатаў Юлія Бялянкіна звярнула ўвагу на тое, што адкрыццё медустановы такога рангу — знакавая падзея не толькі для Астрашыцкага Гарадка, але і для ўсяго Мінскага раёна:

— Для любога населенага пункта, асабліва ў сельскай мясцовасці, важныя наяўнасць паліклінікі і магчымасць для кожнага атрымаць першасную кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Таму адкрыццё амбулаторыі — доўгачаканая і радасная падзея.

У абноўленай паліклініцы будуць размяшчацца тры кабінеты ўрачоў агульнага прыёму, кабінет прыёму здаровага дзіцяці, прышчэпачны і працэдурны. Таксама ў рэгістратуры можна будзе запісацца і на прыём да фельчара, стаматолага, акушэра і ўрача-тэрапеўта. З навінак — увядзенне талоннай сістэмы. З'явілася і сучаснае медыцынскае абсталяванне: электракардыёграф, прыстасаванні для збору аналізаў, акушэрскае крэсла. Загадчык Астрашыцка-Гарадоцкай амбулаторыі Юлія Лупач паведаміла, што наяўнасць камп'ютараў з доступам у інтэрнэт дазволіць весці электронны дакументаабарот.

— Сучасны рамонт, добрая мэбля і абсталяванне — пацыентам будзе камфортна, — адзначае яна. — Хочацца падзякаваць усім, хто мае дачыненне да такога свята.

Наперадзе ў калектыва амбулаторыі прыемныя клопаты, звязаныя з наваселлем. Зараз дапамогу пацыентам будуць аказваць у сучаснай медустанове на сучасным узроўні.


Новая крама і рабочыя месцы

Працягваецца будаўніцтва вялікага гандлёвага аб'екта «Санта» ў Капылі.

Фота: kopyl.by

Аб'ект прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Санта рытэйл» па вуліцы Трактарнай у райцэнтры з кожным днём усё больш выразна набывае сваё аблічча. Як паведамляе раённая газета «Слава працы», хуткасць будаўніцтва аб'екта сапраўды вялікая: за непрацяглы час ўзведзены сцены і дах. Работы працягваюцца.

Дарэчы, гэты гандлёвы аб'ект агульнай плошчай больш за 400 квадратных метраў дазволіць забяспечыць тэмп росту рознічнага тавараабароту і стварыць новыя рабочыя месцы.


33 шматдзетныя сям'і атрымалі ключы ад кватэр

Адны ўжо паволі асвойваюцца ў новым доме па вуліцы Міру, што ў Крупках, і іншыя — у прыемных пошуках мэблі ды неабходных прадметаў інтэр'ера. Але ўсе без выключэння радуюцца таму, што набылі ўласнае жыллё.

Фота: krupkі.by

Журналісты раённай газеты «Крупскі веснік» адправіліся да навасёлаў. Калі коратка казаць аб іх уражаннях: шыкоўна! Усюды — блочная сістэма, у жыхароў дзвюх кватэр ёсць магчымасць паставіць на агульныя ўваходныя дзверы замок. Прасторныя пакоі. Кватэры, як той казаў, здадзены пад ключ — засяляйся і жыві. Прыгожыя шпалеры, ламінат, сучасныя ўваходныя і міжпакаёвыя дзверы, шклопакеты і зашклёныя лоджыі. У чатырохпакаёўках кватэрах — па два санвузлы, ванны пакой немалых памераў. І яшчэ адзін нюанс — прасторнае фае ў пад'ездзе.

Шумлівым кагалам, з пірагом і гарбатай у новую 3-пакаёвую кватэру ўбегла сям'я Захаравых. Дзяўчаткі па-гаспадарску асвойваюць пакоі.

— Тут будзе дзіцячы? — пытаюцца журналісты.

— Не, гэта гасцёўня. Хадзем, мы пакажам вам наш пакой. Зараз мама падыдзе. Яна дома з брацікам, ён яшчэ маленькі, яму ўсяго толькі дзесяць месяцаў.

Гаспадыню муж і дзеці сустрэлі кветкамі.

— Кватэру мы атрымалі нечакана, — расказваюць Андрэй і Надзея. — Калі гэты дом пачаў будавацца, у нас толькі-толькі нарадзілася трэцяе дзіця. Звярнуліся ў аддзел ЖКГ райвыканкама. Нам сказалі: «Збірайце ўсе неабходныя дакументы». Дзякуючы ўказу Прэзідэнта 95 % кошту жылля нам субсідавала дзяржава. Астатнюю суму ўжо заплацілі. І вось мы — гаспадары сваёй кватэры! Вядома ж, шчаслівыя. Калі будзем засяляцца? Як толькі купім мэблю.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?