Вы тут

«Мудрамер». Чорна-белае. белае. і крыху чорнага


Хто вызначае геніяльнасць чалавека? І ці магчыма яе ўвогуле вызначыць? Як пабудавана сістэма прыняцця рашэнняў у грамадстве? І хто тыя людзі, якія ўвесь час вырашаюць? Што робіць з чалавекам сістэма? І чаму нам так боязна глядзець на сябе і на свет навокал? Столькі пытанняў — і адна п’еса. Нядзіва, што «Мудрамер» Мікалая Матукоўскага актуальны і сёння. Прэм’ера адбылася ў Купалаўскім тэатры ў 1987 годзе. Цяпер свой варыянт «Мудрамера» прапанаваў Аляксандр Гарцуеў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. І актуальнасць нікуды не падзелася.


Вынаходнік Мурашка (Валянцін Салаўёў) прыдумаў незвычайны прыбор — дурамер, ці мудрамер, як яго назваў міністр узгадненняў Вяршыла (Андрэй Дабравольскі). Пры дапамозе такой прылады можна вызначыць ступень чалавечай дурасці. Як і ў 1987 годзе, так і сёння мудрамер выклікае неадназначную рэакцыю. Яго баішся, бо за адну секунду можаш ператварыцца з разумнага ў дурня. Ім і захапляешся, як прыкладам чалавечага генія. Аднак ці можа існаваць машына, якая дакладна скажа, хто перад ім: дурань, таленаваты чалавек ці ўвогуле геніяльны? Сёння грамадства паўсюль прапаноўвае сістэмы стандартаў. І пакуль цэнтралізаванае тэсціраванне вымярае наш розум, тэлебачанне, рэклама і сацыяльныя сеткі вызначаюць нашу паспяховасць, пытанне вартасці мудрамера не страчвае актуальнасці.

Актуальнай застаецца і яшчэ адна праблема, якую аналізуе Матукоўскі, а следам за ім — і Гарцуеў: як чалавеку жыць у сістэме і не стаць яе часткай. Як Мурашка ні б’ецца галавой аб папяровыя сцены кабінетаў, усё ж не разбурае іх. Фінальная вікторыя — гэта ўсяго толькі вікторыя маленькага мураша, якому прапаноўваюць месца чарговай шрубкі. І ты яшчэ павінен быць шчаслівым і ўдзячным лёсу за такі шанц. Папяровыя дый адміністрацыйныя перашкоды нікуды не падзеліся з савецкіх часоў, а таму і зварот да «Мудрамера» не здзіўляе. Гэта нейкі кампраміс — і рэверанс у бок масавага гледача, і добры варыянт для сур’ёзнай тэатральнай размовы. У РТБД яго вырашылі ў чорна-белых колерах, прычым не з аднолькавай інтэнсіўнасцю адценняў.

Чорна-белае

Гіпербалізаваных памераў стол, тэлефон, пячатка на сцэне адразу настройваюць на неабходны лад. Спектакль зроблены вялікімі, насычанымі мазкамі. Такімі ж вялізнымі, нават выпуклымі атрымаліся і яго героі. Па меншай меры, вонкава. Расфарбаваная Нюра з губкамі-банцікамі (Марыя Пятровіч). Шалёны, шумны, неўрастэнічнага выгляду Залівака (Уладзіслаў Ноздрын). Хлюпік-Міралюбаў (Максім Шышко) і сухая, з мінай на твары Папсуева (Алена Баярава). Нягледзячы на гэтую вонкавую адназначнасць, акцёры ствараюць вобразы па-сапраўднаму шматгранных персанажаў. Прыемная неспадзяванка ад спектакля.

Бо сама п’еса абмяжоўвае герояў, прапаноўвае ім стаць функцыямі. Гэта закладзена ў іх імёны і дзеянні. Папсуева павінна псаваць і забараняць, Міралюбаў — шукаць кампрамісы, Вяршыла — вяршыць, а вынаходнік мудрамера Мурашка — быць мурашом, якога можна пры любым выпадку адштурхнуць убок. Мы ж бачым герояў неадназначных: ні чорных і ні белых.

Асабліва прыемна назіраць за вобразам Вяршылы. Здаецца, выканаць гэтую ролю лепш, чым грувасткі, каларытны Андрэй Дабравольскі, не здолеў бы ні адзін акцёр РТБД. Міністр узгадненняў Дабравольскага не страчвае чалавечнасці і жывой зацікаўленасці. Ён гатовы слухаць і верыць, больш за тое, ён гатовы пераадольваць самога сябе. Працуючы ў сістэме, ён сам яшчэ не стаў ёй. Мурашка Валянціна Салаўёва таксама выклікае розныя эмоцыі. Яго і паважаеш (як генія, які адстойвае сваё вынаходніцтва), і не (бо ён баязлівец, гатовы выслухаць любыя варыяцыі свайго імя).

Яшчэ адзін шматслойны вобраз стварыла народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, якая выканала ролю Бабулі. У версіі «Мудрамера» 1987 года Бабуляй была Стэфанія Станюта. Прыма Купалаўскага тэатра тады зрабіла сапраўдны цуд з другараднай ролі. Сёння яшчэ адна наша тэатральная прыма паўтарыла гэты поспех. На днях актрыса адсвяткавала юбілей і сваёй роляй паказала, што ўзрост ніяк не перашкаджае таленту. Дарэчы, чаму мудрамер адзначыў талент простай Бабулі? Напэўна, таму, што талент часцей тоіцца за простымі рэчамі?

Белае. І крыху чорнага

Дзіўна, але ж героі, якія падштурхоўваюць да роздумаў і правакуюць розныя рэакцыі гледачоў, суіснуюць разам з амаль што аднатоннай гумарыстычнай атмасферай спектакля. Вядома, «Мудрамер» — гэта камедыя, да таго ж камедыя сітуацый. Чакаць ад яго дэталёвага аналізу праблем грамадства і быцця было б смешна. Але ж і бачыць адзіны гумар надакучвае. Камедыйныя сітуацыі змяняюцца ў прэм’еры хутчэй, чым малюнкі ў калейдаскопе. Сам сюжэт падштурхоўвае стваральнікаў спектакля да гэтага. Мудрамер, які можа абвясціць чалавека дурнем (ці нават поўным дурнем!) і выканаць у яго славу туш, проста ідэальны для стварэння камедыйных сітуацый.

Некаторыя з іх трапляюць у цэль. Жарт пра раздзельны збор смецця са згадваннем вядомай рэкламы пра янота запомняць усе. Як і сцэны, дзе Міралюбаў і Папсуева застаюцца сам-насам з мудрамерам. Але побач з гэтым шмат сцэн, якія, здавалася б, і патрабуюць ад гледача адваротнай сувязі ў выглядзе хаця б сціплага смяшку, аднак не: нам не смешна.

Стваральнікі спектакля спрабуюць размяжоўваць сур’ёзнае і несур’ёзнае пры дапамозе музычных уставак. Такі прыём працуе, але ж эфект ад яго захоўваецца да першага жарту. Самая ўдалая спроба прэм’еры выйсці за межы проста камедыі — гэта відэапраекцыя. Рэжысёры любяць выкарыстоўваць яе, і часцей за ўсё гэта апраўдана. У «Мудрамеры» мы бачым выявы людзей, аднак у скажоным выглядзе. Такое адчуванне, што глядзіш зламаны тэлевізар на паўторы і рэжыме паскоранага перамотвання адначасова. Вось якія мы, зламаныя сістэмай і іншымі людзьмі. Мы не жывём, мы сапсаваныя…

Гэтыя завіслыя ў часе людзі будуць не раз яшчэ ўспамінацца пасля спектакля. І заўсёды з непрыемнай дрыготай. Глядзець на рэальнасць цяжка. Асабліва калі ты ўяляў яе зусім інакш.

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.