Вы тут

Новыя правілы для аўдытараў рыхтуюцца да другога чытання


Законапраект аб змяненні закона «Аб аўдытарскай дзейнасці» ў першым чытанні быў прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 6 снежня 2018 года. Асноўныя навацыі: увядзенне міжнародных стандартаў аўдытарскай дзейнасці, стварэнне Дзяржаўнага рэестра і Аўдытарскай палаты. Дакумент таксама канкрэтызуе меры адказнасці незалежных праверак і ўзмацняе кантроль за правядзеннем абавязковага аўдыту.


«Законапраект мае вялікае значэнне для галоўных бухгалтараў, для нацыянальнага аўдыту, — паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла ДАБРЫНІНА. — Перыяд паміж сесіямі быў выкарыстаны нашай камісіяй для падрыхтоўкі дакумента да другога чытання. Работа практычна завершана, але дэпутацкі корпус хвалююць пытанні, звязаныя з гарманізацыяй заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, функцыянаваннем Аўдытарскай палаты».

Для таго каб расставіць усе кропкі над і, парламенцкая камісія правяла круглы стол на базе цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь з удзелам членаў грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях аўдытарскай дзейнасці і Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

Дадзены законапраект накіраваны на павышэнне якасці і эфектыўнасці аўдыту, падкрэсліла парламентарый. Рынак аўдытарскіх паслуг пашыраецца ў рамках ЕАЭС і вельмі важна, каб законапраект забяспечыў доступ беларускіх аўдытараў да агульнага рынку паслуг. Выкарыстанне міжнародных стандартаў аўдыту дазволіць мець пацвярджэнне выканання міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці.

«Аўдытарская палата будзе каардынаваць дзейнасць і прадстаўляць інтарэсы сваіх членаў у дзяржорганах і арганізацыях, ажыццяўляць знешнюю ацэнку якасці работы аўдытарскіх арганізацый і аўдытараў — індывідуальных прадпрымальнікаў з магчымым прымяненнем да іх мер уздзеяння ў выглядзе папярэджання, штрафу, прыпынення членства і выключэння з ліку членаў Аўдытарскай палаты», — растлумачыў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый КІЙКО.

Аўдытарскую палату, надзеленую паўнамоцтвамі кантролю якасці за работай аўдытара, даўно ўжо трэба было стварыць у нашай краіне, лічыць дырэктар беларускай фірмы міжнароднай сеткі KРMG (паслугі ў сферы аўдыту, падаткаабкладання і кансультацыйныя паслугі) Ірына ВЕРАШЧАГІНА.

Міжнародныя стандарты аўдытарскай дзейнасці, якія ўводзяцца законапраектам, — самыя распаўсюджаныя ў гэтай сферы. Іх распрацоўвае міжнародная аўтарытэтная арганізацыя, у склад якой уваходзяць 175 членаў са 130 краін свету. «У нас таксама будзе прыняты адзіны стандарт па кантролі якасці, які прадугледжвае для пэўных кампаній дадатковую праверку іншым партнёрам. Акрамя таго, Міжнародная федэрацыя бухгалтараў выпускае Кодэкс этыкі. Апошні змяшчае новыя патрабаванні, напрыклад ратацыю аўдытарскага партнёра і дадатковага партнёра па кантролі якасці. Усё гэта будзе садзейнічаць незалежнасці аўдыту і якасці нашых паслуг», — упэўнена Ірына Верашчагіна.

Удзельнікі круглага стала выказвалі меркаванне пра тое, што законапраект дазволіць выраўняць рынак аўдытарскіх паслуг і вырашыць праблемы з цэнаўтварэннем. Да таго ж увядзенне міжнародных стандартаў аўдыту павысіць прэстыж прафесіі аўдытара і абароніць яго інтарэсы.

Доктар эканамічных навук Сяргей КАРАТАЕЎ, дырэктар аўдытарскай кампаніі «АўдытКонсульт», расказаў пра адмоўную практыку прымянення дзеючага закона ў гэтай сферы: «Закон закрануў праблему абавязковага аўдыту: быў павышаны крытэрый выручкі з 600 тысяч еўра да 5 мільёнаў, і ў выніку гэтага аўдытарская супольнасць страціла значныя аб'ёмы сваіх паслуг. Гэта прывяло да моцнага дэмпінгу: многія аўдытарскія кампаніі ў барацьбе за кліента сталі працаваць па вельмі нізкіх цэнах, і за гэту плату яны не выконваюць увесь неабходны для аўдыту парадак праверкі».

Праект абноўленага закона дазваляе істотна знізіць магчымасці для дэмпінгу з боку нядобрасумленных аўдытараў.

Законапраект плануецца разгледзець у другім чытанні на вясновай сесіі, гэта значыць у красавіку — маі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: Супраць дэмпінгу і дзеля якасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.