Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. У школу — на парашуце


Вязу трох дачок у школу. Школа знаходзіцца ў глыбіні шматлікіх двароў, і пад'езд да яе вельмі нязручны: з раніцы пастаянныя заторы і адсутнасць парковачных месцаў. Кожны раз губляю тут ледзь не паўгадзіны толькі на тое, каб заехаць, неяк прыпаркавацца, а потым умудрыцца выехаць (прычым выехаць звычайна цяжэй за ўсё).


Сёння, стоячы ў чарговым заторы, кажу дзецям са злосцю:

— У вашу школу дзяцей трэба з верталётаў на парашутах скідваць.

Старэйшая дачка:

— Было б нядрэнна.

Я:

— Хочацца скокнуць з парашутам?

— Не. Проста, калі ўсе б скакалі, мы маглі б спакойна да школы пад'язджаць.

А і праўда, было б нядрэнна...

* * *

Пытаюся ў сына пасля першага вучэбнага тыдня:

— Ну і з кім цябе пасадзілі за парту?

— З адной дзяўчынкай.

— Добра, што з дзяўчынкай. (І добра, што з адной.)

— Чаму?

— Ну так пасадзілі б з якім-небудзь хуліганам.

— Дарэчы, тата, гэта дзяўчынка ўжо шэсць гадоў займаецца тайскім боксам. У яе кожны вечар трэніроўка, а на канікулах зборы.

Што я магу сказаць? Цяпер усё залежыць ад сына: калі будзе сябе добра паводзіць, то найбліжэйшыя два гады ён пад надзейнай аховай. А калі дрэнна... Лепш бы з хуліганам пасадзілі.

* * *

Гуляем у парку, далі малодшым дзецям невялікі пакет семак — галубоў пакарміць. Яны пабеглі шукаць галубоў. Хвілін праз дзесяць падыходзім да іх і назіраем наступную карціну: пакет з семкамі амаль поўны, галубы замерлі ў чаканні. А дзеці, не спяшаючыся, чысцяць семкі і кідаюць ім па адной.

Кажам дзецям:

— Вы навошта семкі чысціце?!

— А як яны самі пачысцяць, у іх жа рук няма.

Мне здаецца, такога здзеку з сябе галубы яшчэ не бачылі...

* * *

Званок на дамашні, Вера, як заўсёды, першая каля тэлефона. Чую, кажа некаму:

— Тут такога няма.

Пытаюся ў яе:

— Што, не туды трапілі?

— Так.

— А каго спыталі?

— Нейкага Паўла Валер'евіча.

Наогул, калі вы мне будзеце тэлефанаваць на дамашні, пытайцеся проста Паўла, а яшчэ лепш «тату», ну іх, гэтыя імёны па бацьку.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.