Вы тут

Як жанчыне заставацца жанчынай? Ведае Алена Дзялендзік


Яна не вучыць, як выйсці замуж ці знайсці мільярдэра, а расказвае, як жанчыне заставацца жанчынай. Як быць самадастатковай і жаноцкай ва ўзаемаадносінах з мужчынамі. Алена Дзялендзік, стваральніца «Школы чароўнасці», — чалавек, які дапамагае іншым змяніць папярэднія схемы стасункаў са светам, калі яны не прыносяць чакаемых вынікаў. Пры гэтым Алена не вырашае за жанчыну, што ёй рабіць. Проста яе парады сапраўды «даходзяць» і «працуюць» на практыцы. Магчыма, таму, што праз многія праблемы ва ўзаемаадносінах яна прайшла сама. І здолела знайсці гэтую жаноцкасць — якая, аказваецца, сапраўды мяняе стаўленне моцнага полу да прыгожай паловы — спачатку ў самой сабе.


Таму, хто не хоча мяняць сваё жыццё, дапамагчы немагчыма

— Я звярнулася да яго так, як вы вучылі, і цяпер у нас у кабінеце ніводнае крэсла не хістаецца, — радасна дакладвае Кацярына, якая ледзьве не паўгода спрабавала ўгаварыць калегу на рабоце адрамантаваць офісную мэблю.

— А мяне ён нарэшце паклікаў на спатканне, — прызнаецца Ліза, якой доўгі час падабаўся сусед, але сваімі словамі яна заўжды так бянтэжыла мужчыну, што і не спадзявалася на больш цёплыя стасункі.

— Учора мы ўпершыню за тры гады разам павячэралі. Без тэлевізара, газет і бурчання, — ціха кажа Таццяна, шлюб якой, па яе словах, хістаецца, нібы ліст пад ветрам.

Гэта словы наведвальніц «Школы чароўнасці», якія на чарговых занятках дзяліліся, як спрабуюць рэалізаваць у жыцці тое, што вынеслі з трэнінгаў коўча. Коўч, на думку Алены, гэта спецыяліст, які стварае ўмовы для раскрыцця ўнутранага патэнцыялу кліента, што дазваляе яму самастойна вырашыць, у чым яго складанасці.

Алена не чытае лекцыі ў звычайным сэнсе. Яна пачынае сустрэчу з пытання «Навошта вы разам?», што адразу ж вымушае задумацца і пачаць корпацца ў сабе, перабіраць свае жаданні, эмоцыі, спадзяванні. «Трэнер упэўненасці», як яна яшчэ называе сябе, не вучыць, а, хутчэй, падштурхоўвае, накіроўвае вашы думкі.

Спачатку мне гэта падалося чымсьці чужародным. Не прымалі мая душа і склад характару тыя словы, якія варта казаць мужчынам: занадта салодкімі яны здаваліся, штучнымі. Тым не менш, слухаючы парады, саму гутарку, назіраючы за жанчынамі і іх рэакцыяй, я пачала прымяраць учынкі, дзеянні і сітуацыі, якія разбіралі на занятках, да свайго жыцця. І сапраўды, пэўныя моманты ўбачыла іншымі вачыма.

— Задача коўча — дазволіць чалавеку думаць па-рознаму, прыняць новыя ўмовы існавання, навучыцца з карысцю выходзіць з канфліктаў, якія вядуць да пагібелі адносін, — дзеліцца жанчына. — Каб успрымаць тое, што я кажу, трэба проста даспець да жадання мяне слухаць і разумець. Як правіла, гэта жанчыны, якія ўжо пачалі мяняць нешта ў сабе. Бо, як казаў Гіпакрат, таму, хто не хоча змяніць сваё жыццё, дапамагчы немагчыма.

Алена часта рэкамендуе жанчынам на групавых занятках аб'ядноўвацца ў пары, прычым так, каб яны былі розныя па характары і ўяўленнях аб жыцці.

— Гаворачы паміж сабой, мае кліенткі разумеюць, што ў іх амаль аднолькавыя складанасці, толькі на розных стадыях, або падобная сітуацыя была ў іх сваякоў. Дзелячыся ўражаннямі, яны ўжо дапамагаюць адна адной, ствараючы атмасферу вырашэння праблем, — упэўнена Алена. — Ужо потым можна далучацца мне і прапаноўваць умоўна-здаровую мадэль адносін. Пасля некалькіх агульных сустрэч жанчына гатовая засвоіць адну з маіх методык, а яшчэ — зразумець, што яна хоча памяняць у жыцці.

Пункт невяртання і асабістая каштоўнасць

Коўч праводзіць заняткі і курсамі, і праз адзінкавыя сустрэчы. Групавыя заняткі ў «Школе чароўнасці» могуць цягнуцца тры, чатыры а то і пяць гадзін, пакуль удзельніцы не разбяруць усе пытанні, якія трэба прагаварыць сёння. З таго памятнага трэнінгу я, напрыклад, выйшла праз тры з паловай гадзіны з рашэннем... перагледзець свой лексікон, а многія яшчэ заставаліся.

— Калі чалавек сапраўды настроены нешта мяняць, то праз тры месяцы ён убачыць першыя вынікі, праз паўгода яны замацуюцца, а праз год ён зможа дасягнуць 80 % таго, што хацеў. Яшчэ праз год ён дасягне 100 % сваіх спадзяванняў, і гэта пункт невяртання. Пасля вы ўжо будзеце падсвядома, на «аўтамаце» паводзіць сябе так, як практыкаваліся, гэта стане часткай вас, — гарантуе Алена.

Яе задача — паказаць жанчыне самадастатковасць жыцця, яе ўласныя каштоўнасці.

— Калі за пяць-сем гадоў шлюбу жанчына не знайшла ўласную самакаштоўнасць і не навучылася дарыць яе свайму мужчыну, то малаверагодна, што нешта зменіцца і з іншым. Жанчына ўвойдзе ў новыя адносіны па старым сцэнарыі, выпрацаваным ёю ж. І этапнасць развіцця стасункаў будзе ранейшай, — кажа Алена. — Некаторыя лічаць, што прасаванне кашуль, зборы дзяцей у школу, вызваленне мужу часу для яго спраў — і ёсць каштоўнасць. Аднак тыя ж дзеянні зможа выконваць і нехта іншы. Ваша каштоўнасць павінна быць унікальнай і асаблівай.

Чароўнай пілюлі няма

— Каб данесці да мужчыны свае жаночыя патрэбы, з ім трэба гаварыць на яго мове, узаемадзейнічаць. Падыходзіць да яго з жаночай мовай нельга — ён вас не зразумее. Першапачаткова ў жанчын ёсць неабходнасць у стасунках, а ў мужчын — у справе, дзе яны рэалізуюць сябе, і ім не трэба адносіны, — тлумачыць Алена. — Падбіраючы правільныя альтэрнатыўныя словы-сінонімы, мы вучымся гаварыць з мужчынам так, каб і падбадзёрыць яго, і самім атрымаць прыемны вынік.

Яшчэ гадоў колькі таму, прызнаецца Алена, яна сама гаварыла той жа мовай, карысталася тым жа слэнгам, думала, як і тыя, хто цяпер прыходзіць да яе.

— Большасць маіх кліентак хочуць атрымаць параду, як выправіць мужчыну. Аднак корань рашэння праблемы ў самой жанчыне. Яна павінна змяніць механізм перадачы інфармацыі. На сустрэчах я стараюся стварыць такія ўмовы, каб рашэнне нарадзілася ў жанчыны ўнутры, а не прыйшло звонку, ад мяне, інакш яна будзе шукаць чароўную пілюлю, якой няма.

Прыроднае настаўніцтва

Алена з мужам равеснікі, ажаніліся па каханні, хутка будзе 20 гадоў, як яны разам, з іх 16 — у шлюбе. Аднак тое, праз што ёй давялося прайсці, каб захаваць стасункі, яна будзе памятаць заўжды. Кажа, што і сваёй клубнай дзейнасцю пачала займацца, каб не забывацца на атрыманы галоўны жыццёвы ўрок.

— Прыводзячы жанчынам на занятках як прыклад уласныя праблемы, расказваючы, як вучылася іх вырашаць, я яшчэ больш удасканальваю сваё майстэрства. Так што гэта карысна не толькі ім, але і мне, бо я не забываюся, якой хачу быць у сям'і.

Да вяселля Алена ўжо сутыкалася з негатыўным прыкладам стасункаў у сям'і сваіх бацькоў і сваякоў, таму ёй цяжка было пазбегнуць такога вопыту.

— Я не ўяўляла, як выглядае нармальнае сямейнае жыццё. Мела тры дыпломы, абараніла дысертацыю. Рэалізавалася знешне, аднак унутры засталіся жаданні дзяўчынкі, якія не спраўджваліся. І праз сем-восем гадоў у нас з мужам з'явілася неразуменне. Фактычна я стала для яго настаўніцай, заняла пазіцыю дамінавання: лепш ведала, як зрабіць, ацэньвала дзеянні, недастаткова дзякавала яму за падтрымку. У выніку паміж намі вырасла эмацыянальная дыстанцыя, — успамінае Алена. — Тады я зразумела, што і самая адукаваная жанчына можа быць адзінокай, нават калі яна ў шлюбе. Я адчайна захацела, каб у мяне было інакш, і вырашыла нанова закахаць у сябе мужа, вярнуць давер у адносіны, выратаваць іх.

Працу над сабой яна суправаджала і работай над сваім моўным слоўнікам, паступова мяняючы лексікон:

— Я вучылася быць жаноцкай на ўласных памылках, мяняючы паводзіны. Працавала над сваёй прыроднай патрэбай у настаўніцтве, што праяўляецца ў жанчын нават не ў жаданні выхоўваць, а ў апецы, якую часта з дзяцей мы пераносім на мужчын. І ў гэтым памылка: яны не выносяць апекі і абгрунтавана супраціўляюцца.

Зрабіўшы ўсё, каб захаваць сваю сям'ю, Алена пачала дапамагаць іншым жанчынам.

У стваральніцы «Школы чароўнасці» ёсць асаблівы фармат сустрэч: падарожжа з Аленай Дзялендзік па Беларусі. На сваёй машыне невялікай кампаніяй жанчыны ездзяць па краіне: любуюцца архітэктурай, наведваюць музеі, жывуць пад адным дахам. І ўвесь час удзельніцы назіраюць, як Алена гаворыць, як сядзіць, як робіць заказ у кафэ...

— Аднойчы мы ўжо вярталіся дадому, і мне па гучнай сувязі пазваніў муж, каб спытацца, ці буду я есці рыбу. Я адказала: «Гэта якраз тое, што я вельмі хацела! Канешне, буду». Дзяўчаты, пачуўшы гэта, заўважылі: «Ты адказала так, як нас вучыш». А як жа яшчэ? Я адказваю так, бо так жыву і адчуваю. Так я акрыляю мужчыну рабіць яшчэ лепш, — кажа Алена.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.