Вы тут

Ігар Задарожны: Марылі, што ў нас будзе двое дзяцей


А цяпер трое сыноў пытаюцца, калі ў іх з'явіцца сястрычка

Шыкоўны барытон і сама элегантнасць — такі партрэт саліста Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча Ігара Задарожнага. Прызнаюся, мне ён нават часам здаваўся гэткім айсбергам на сцэне. А растапілі маё сэрца размовы музыкантаў аркестра пра траіх дзяцей Ігара, ды яшчэ прыцягнуў увагу сімпатычны хлопчык, які зусім па-даросламу працаваў з відэакамерай на канцэртах. Ігар і яго жонка Юля пагадзіліся падзяліцца сакрэтамі сямейнага шчасця, не чакаючы юбілеяў сумеснага жыцця.


— Як вы пазнаёміліся?

Ігар: — Студэнтам другога курса Беларускай акадэміі музыкі звярнуў увагу на прывабную першакурсніцу. Да таго ж яна вучылася на фартэпіянным аддзяленні. А вакалісты заўсёды прыглядаюцца да піяністаў, бо вельмі зручна, калі ў сям'і ёсць свой асабісты канцэртмайстар (усміхаецца). Калі пазнаёміліся, то хутка зразумелі, што ў нас шмат агульных інтарэсаў: музыка, харэаграфія і, вядома ж, жаданне адбыцца ў прафесіі, зарабляць, уладкоўваць сваё жыццё. Мы стварылі сумесны творчы калектыў: я, Юля, мая сястра — харэограф і мой тата — адміністратар. Пачалі адразу з замежных гастроляў: Германія, Данія, Нарвегія. Мы паспелі «ўскочыць у апошні вагон», калі на Захадзе яшчэ цікавіліся славянскім мастацтвам. Прычым гэта ўжо была не тая самая першая хваля, калі туды хлынулі матрошкі і сарафаны, а калі публіка стала значна больш пераборлівай.

— Дык вы добра зараблялі ў студэнцкія гады. А як трацілі грошы?

Ігар: — Тыя грошы мы, так бы мовіць, укладвалі ў сябе: хадзілі на канцэрты, у тэатры, вывучалі замежныя мовы, шылі новыя касцюмы для выступленняў, бралі ўрокі ў цыркавой студыі. Успамінаю, як прыходзілі ў акадэмію ў 6.30 раніцы, таму што толькі ў гэты час можна было браць урокі чачоткі.

Юля: — Гэта быў выдатны перыяд, калі работа сумяшчалася з падарожжамі.

— А як вы ставіцеся да сумеснага жыцця да вяселля?

Ігар: — Я — не супраць. Стварэнне сям'і — сур'ёзны крок, і лепш сем разоў адмераць. Таму хай не пуд, але пару лыжак солі добра было б разам з'есці перад шлюбам.

Юля: — Букетна-цукерачны перыяд — гэта цудоўна. Але жыццё значна больш складанае, і добра б разумець, як чалавек рэагуе на розныя жыццёвыя сітуацыі, якіх прытрымліваецца каштоўнасцяў. Калі ў гэты «пробны» перыяд людзі ставяцца адзін да аднаго з павагай, шчыра, тады і букетна-цукерачны перыяд можна расцягнуць на доўгія гады.

— На якім курсе згулялі вяселле?

Ігар: — Я быў на чацвёртым, Юля, адпаведна, — на трэцім. У акадэміі лаяльна ставіліся да сямейных пар, знаходзілі магчымасць выдзеліць у інтэрнаце асобны пакой. Гэта сур'ёзная падтрымка для маладой сям'і.

Юля: — Ігар родам з Брэста, а я — з Расіі, і, вядома, у чымсьці мы былі больш сталыя за нашых аднакурснікаў-мінчан, бо нам трэба было самім забяспечваць сябе, думаць, як замацавацца ў сталіцы, пабудаваць кватэру. Таму заўсёды даводзілася шмат працаваць. Дарэчы, пасля Акадэміі музыкі нас размеркавалі ў розныя калектывы.

— Кажуць, што артыстычныя сем'і не вельмі трывалыя...

Юля: — Усе думаюць, што ў артыстаў абавязкова павінна быць некалькі шлюбаў. Вядома, гэта сустракаецца. Але і сярод «звычайных» людзей ёсць пэўны працэнт з насычаным асабістым жыццём, проста гэта не абмяркоўваецца так публічна.

Ігар: — Мне здаецца, наадварот добра, калі разам збіраюцца творчыя людзі. Нам лягчэй зразумець адно аднаго. На рэпетыцыю трэба прыходзіць падрыхтаваным. Уявіце, што жонка — піяністка, а муж — інжынер, і ў яго могуць выклікаць незадавальненне яе хатнія практыкаванні.

— А як наконт творчай рэўнасці?

Юля: — У нас розныя спецыяльнасці (усміхаецца).

Ігар: — Мне гэта пачуццё наогул незнаёмае, я лічу яго непрадукцыйным. У Акадэміі музыкі са мной вучыліся Пеця Ялфімаў і Ілья Сільчукоў. Зараз часам мы ўдзельнічаем у адных канцэртах. І, ведаеце, мне прыемна радавацца за таварышаў: выдатна спяваюць, публіка шыкоўна прымае. Такія эмоцыі робяць чалавека мацнейшым, настройваюць на стварэнне, а зайздрасць і злосць, наадварот, аслабляюць, вядуць да дэградацыі.

— Абмяркоўвалі да вяселля, колькі ў вас будзе дзяцей?

Ігар: — Марылі, што ў нас будзе мінімум двое. Аптымальным здавалася трое. Вядома, мы гэта абмяркоўвалі. Цяпер, калі дзяцей трое, плюс сабака і папугай, — гэта класна, што нас так шмат!

Юля: — Хлопчыкі заўважылі, што розніца паміж з'яўленнем кожнага з іх на свет — чатыры гады. Так атрымалася, што апошні раз у гэты прамежак часу ў нас з'явіўся сабака, якога мне, дарэчы, хлопцы падарылі на дзень нараджэння. Дзеці кажуць: «Мама, Джонік у нас год жыве, а калі сястрычка будзе?» Нічога не загадваем: час пакажа, можа, і будзе сястрычка.

— А праўда, што цяжка гадаваць першае дзіця, а потым чым больш, тым лягчэй?

Юля: — Лягчэй у тым сэнсе, што ўжо з'явіўся вопыт. Многія кажуць, што першае дзіця гадавалі паводле правілаў, другое — паводле інтуіцыі. Гэта што датычыцца нейкіх бытавых пытанняў. У астатнім жа кожнае дзіця — асоба, і патрэбны індывідуальны падыход.

— Ігар, як у вас атрымліваецца сумяшчаць работу саліста Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя Жыновіча і ўласны праект «Стиляги.by»? Я маю на ўвазе не час, а розныя кірункі творчасці.

— Аркестр — гэта творчая праца для душы. Наш галоўны дырыжор, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Антонавіч Казінец, вельмі патрабавальны ў прафесійным плане, адначасова стварыў камфортную атмасферу ў калектыве. Гэтак жа было і ў Акадэміі музыкі (а я вучыўся ў перыяд рэктарства Міхаіла Антонавіча). У нас выдатная публіка, і мы атрымліваем сапраўдную асалоду ад выступленняў.

Бэнд «Стиляги.by» — творчы праект, які прыносіць велізарнае задавальненне. Даводзіцца выступаць у асноўным на карпаратывах, што патрабуе асаблівага ўмення будаваць адносіны з рознымі людзьмі, пэўным чынам падладжвацца пад заказчыка. Але мне гэта няцяжка, бо маю вялікі вопыт арганізатара і вядучага святочных мерапрыемстваў. На шчасце, у нас ужо ёсць пастаянныя кліенты, якія высока цэняць творчасць нашага калектыву.

— Юля, зараз вы «працуеце» мамай?

— На сямейным савеце мы вырашылі, што так будзе лепш. Займаюся каардынацыяй заняткаў дзяцей, іх развіццём і адукацыяй. Ніколі не хацела ператварыцца ў гэткую класічную хатнюю гаспадыню, для якой галоўнае — гатаванне-ўборка. Акрамя музыкі, захапляюся фатаграфіяй. Нярэдка прымаю ўдзел у творчых праектах мужа. Так што на святочных мерапрыемствах, на канцэртах у Ігара ёсць асабісты фатограф, а яшчэ і відэааператар — наш сын Цімафей. Вось такі сямейны падрад. Я лічу, для жанчыны вельмі важна быць самастойнай і ўмець зарабляць. І абавязкова развівацца ў інтэлектуальным і прафесійным плане. На мой погляд, дзеці гэтаму ніяк не перашкаджаюць, а часта нават спрыяюць!

— Гады тры таму, напэўна, упершыню ўбачыла, што спярша канцэрт аркестра імя Жыновіча здымаў на відэа Ігар, а потым яго месца заняў абаяльны малы, які, здаецца, выклікаў захапленне ўсёй філарманічнай залы.

Ігар: — Дзеці растуць у творчым асяроддзі, і ў іх ёсць жаданне ва ўсім удзельнічаць. Мы бачым іх цікавасць і даём магчымасць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці. Старэйшы сын, а Цімафею цяпер 13 гадоў, валодае высокім інтэлектам, і нават пачуццё гумару ў яго больш дарослае. Напачатку ён дапамагаў мне ў відэаздымках, а затым асвоіў гукарэжысуру. Уявіце, хлопчыку ўжо даводзілася агучваць выступленні розных творчых калектываў, кавер-бэндаў, і спраўляўся ён са сваёй задачай на высокім узроўні. З ім нават дарослыя кансультуюцца! Думаем, адыграла сваю ролю тое, што ён пастаянна знаходзіцца ў музычным асяроддзі — і дома, і на канцэртах. Зараз Цімафей, акрамя звычайнай школы, займаецца ў музычнай як піяніст і кларнетыст, танцуе ў «Чабарку» і марыць іграць на барабанах. Яшчэ я параіў яму браць урокі вакалу. Нават калі ён сам не будзе спяваць, гэтыя веды для яго карысныя як для гукарэжысёра.

— Ігар, але вы ж і самі маглі навучыць яго спяваць?

— Я магу штосьці параіць, але асноўнае навучанне павінен весці старонні чалавек. Бацькі-музыканты мяне зразумеюць.

— А ў школе ён паспявае вучыцца?

Юля: — Вядома, прычым добра вучыцца, як і сярэдні сын Мацвей. Ігар жартуе: «Вось мы ў чарговы раз пайшлі ў школу!». Так, даводзіцца дапамагаць дзецям рыхтаваць урокі, асвойваць новыя школьныя праграмы. Я ў сям'і адказваю за дакладныя і прыродазнаўчыя навукі, Ігар — за гуманітарныя.

Ігар: — Інтарэсы Цімафея часта мяняюцца. Яго захапленне відэа падхапіў і Мацвей. Яму, дарэчы, падабаецца спяваць, і ён з задавальненнем выступае на сцэне.

— А што цікава пяцігадоваму Святаславу?

Ігар: — Грымучая сумесь! Вельмі музыкальны хлопец. Ходзіць у садок, займаецца ў ліцэі пры Акадэміі музыкі. Вядома, непаседа ў сваім пяшчотным узросце, але ўжо цягнецца за старэйшымі. Напрыклад, імкнецца іграць на ўсіх музычных інструментах, якія ёсць дома, просіць фотакамеру, спрабуе здымаць відэа.

— Як фарміруецца ваш сямейны бюджэт і як размяркоўваецца?

Ігар: — Усё заробленае ідзе ў агульны «кацёл». Траты абмяркоўваем разам. Ёсць абавязковыя плацяжы: камуналка, падаткі, расходы на прадукты, адзенне, лячэнне, а таксама выдаткі, звязаныя з рэалізацыяй творчых ідэй, з развіццём і адукацыяй дзяцей. Мы тлумачым хлопцам, што іх сённяшняя вучоба — гэта ўклад у будучыню: чым больш яны будуць ведаць і ўмець, тым больш паспяхова складзецца іх кар'ера, а значыць, і фінансавы дабрабыт.

— Растуць прадаўжальнікі дынастыі...

Юля: — Мы спадзяёмся. Ва ўсякім разе, цяпер дзеці самі цягнуцца да творчасці, і ўсе гэтыя нагрузкі для іх у радасць. Але жыццё імкліва мяняецца, і невядома, што ім будзе падабацца потым. Можа, яны выберуць іншыя прафесіі, але творчы багаж ніколі не будзе лішні.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з архіва сям'і Задарожных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?