Вы тут

Ганна Атрошчанка. «Зайчык і завея»


Зайчыка, які спаў пад кудлатым кусцікам, разбудзіла Завея. Яна моцна штурханула яго пад бок і гарэзліва засмяялася. Убачыўшы, як спалоханы бяляк расплюшчыў вочкі, пабегала далей, шчодра, бы з таго рэшата, рассыпаючы навокал снег. У адзін момант усё знікла пад бялюткай коўдрай. Адзін толькі Зайка чамусьці заставаўся шэранькім. Не на жарт спалохаўся, лісліва просіць Завею:


— Калі ласка, цётачка, дапамажы пафарбаваць шубку! Інакш — мяне зараз убачыць воўк альбо паляўнічыя. Яны тут часта ходзяць з сабакамі і стрэльбамі.

Завея, азірнуўшыся на шэранькі камячок, які затаіўся каля кусціка, запыталася:

— А чаму ты не падрыхтаваўся да зімы, а? Мусіць, улетку толькі лынды біў, гойсаў тут ды спаў? І не купіў у краме новае адзенне. Забыўся? Ці не было часу займацца асабістымі справамі?

Зайчык, працёршы вочкі мяккай лапкай, жаласліва адказаў:

— Не думаў, што так хутка прыйдзе зіма. Учора было яшчэ цёпла. І сонейка зіхацела ў нябёсах, а вось сёння...

І горка заплакаў. Ды так, што затрэсліся ягоныя доўгія вушы. Завея прыпынілася каля шэрага і са спагадай прамовіла:

— Няхай будзе так! Сёння я яшчэ добрая. Дапамагу пафарбаваць тваю шубку. Толькі ведай адно: кончыкі вушэй застануцца чорненькімі. Зрабіць колер іншым не змагу. Няма ў мяне такой моцнай фарбы!

Завея шпарка разбеглася дый накінула на спалоханага Зайчыка свой покрыў. Крыху патрусіла над ягонай галавой, і ён адразу зрабіўся бялюткім. Узрадаваўся, сардэчна падзякаваў сваёй выратавальніцы за хуткую дапамогу. Але тая папярэдзіла:

— Ведай: калі прыйдзе вясна, не забудзь змяніць колер сваёй шубкі. У гэтай справе ўжо сам гаспадар. І дапамагчы ніяк не змагу...

— Не забуду! — паабяцаў Зайка. — Я тады старанна пакачаюся па зямліцы, каб хуценька скінуць белы ўбор. І мне будзе добра, і птушкам мая поўсць спатрэбіцца для гняздзечка.

Завея, памахаўшы на развітанне белым крылом, знікла за паваротам. Нібыта яе ніколі і не было. А Зайчык, вясёлы і задаволены, хуценька паскакаў па лузе ў бок лесу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».