Вы тут

Кнігі збліжаюць людзей


XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — гэта сапраўднае свята як для чытачоў, так і для кнігавыдаўцоў, гандляроў, калекцыянераў і проста аматараў рукатворнай прыгажосці


Разрэзалі стужку — і атрымаліся памятныя кніжныя закладкі

Што б такое выбраць пачытаць? Быццам і простае пытанне, ды вельмі цяжка вызначыцца, калі трапляеш у прастору ММКВК. Кніжак — вельмі шмат і розных: маленькіх і вялікіх, танюткіх і тоўстых. Прыглядваюся — і прозвішчы аўтараў кніг на стэндах краін замежжа большаю часткаю незнаёмыя, бо жывуць яны недзе “там”, пішуць аб жыцці з “тымі” клопатамі-турботамі. Ды губляцца не трэба: калі ты не можаш знайсці сваю кнігу, то яна сама знойдзе цябе. Патрапіць на вочы й прыцягне ўвагу сваёй незвычайнай назвай, ці акажацца побач з цікавым суразмоўцам, ці стане падарункам у руках новага сябра. Прынамсі, да такой высновы прыйшла я, наведаўшы выставу-кірмаш, дзе людзей было, пэўна, не менш, чым кніжак.

Прывітанне кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам выставы й міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час” агучыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк. Выставу адкрылі, перарэзаўшы стужку з беларускім арнаментам (файныя ж атрымаліся закладкі!), Уладзімір Жаўняк, Міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расіі Рыгор Рапота, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным і культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. Дарэчы, такую ж стужачку мог сабе павязаць на руку кожны сведка тае святочнай падзеі.

А цэнтральным экспанентам на выставе стала Расія. Дэлегацыя з братняй краіны прывезла каля 500 кніг вядучых выдавецтваў, зладзіла нямала сустрэч з расійскімі папулярнымі літаратарамі. Нямала гаварылі пра ўзаемаабагачэнне культур народаў, рускага й беларускага, і якім бачаць свет нашы пісьменнікі. А Уладзімір Грыгор’еў, намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па друку й масавых камунікацыях, абвясціў: Расія таксама запрашае Беларусь на Маскоўскую кніжную выставу — у якасці цэнтральнага экспанента.

А колькі ўсяго цікавага было на нацыянальным стэндзе Беларусі! Расійскім гасцям, бачыла, вельмі спадабаўся аўтарскі праект калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”: паштоўкі, кнігі, фатаграфіі, дакументы на старабеларускай мове. Уразіў іх і друкарскі станок, рэканструяваны паводле выяваў XVІ стагоддзя. Побач — і надрукаваныя на ім копіі старонак Бібліі Францыска Скарыны. Наведнікі знаёміліся і з экспазіцыяй, прысвечанай Адаму Міцкевічу і Яну Булгаку. Многіх зацікавілі беларускія нацыянальныя строі, выданні пра іх.

Паэт, галоўны рэдактар “Литературной газеты“ Максім Замшаў пераклаў на рускую мову санеты Янкі Купалы і чытаў іх на сустрэчы з чытачамі ў Мінску

Усяго на XXVІ Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш прыехала 439 экспанентаў з 35 краін. Сярод замежных гасцей — Швецыя, Германія, Грэцыя, Францыя, Фінляндыя, Славакія, Сербія, Румынія, Рэспубліка Карэя, Італія, Польшча, Егіпет, Венгрыя, Балгарыя, Кітай, Турцыя ды іншыя. Кожная краіна прадставіла на сваім стэндзе літаратуру сваіх знакамітых пісьменнікаў. На румынскім, напрыклад, можна было коратка пазнаёміцца з творчасцю такіх пісьменнікаў, як Мірча Кэртэрэску, Міхай Эмінэску, Марын Сарэску, Крысціян Тэадарэску, пагартаўшы невялічкую кніжачку з іх творамі, перакладзенымі, дарэчы, на беларускую мову. А пра чэшскую літаратуру ў Беларусі напісала газета “СZECH”. Фінляндыя таксама дала магчымасць недасведчанаму чытачу хутка зарыентавацца ў сваёй белетрыстыцы, паэзіі, коміксах і дзіцячай літаратуры: з дапамогай невялікага буклета. Мне цікава было даведацца, што фінскія пісьменнікі пішуць на трох мовах — фінскай, шведскай і саамскай. І колькасць кніжак, якія друкуюцца ў краіне, даволі вялікая: фіны вельмі любяць чытаць. Любоў да чытання ў сем’ях прывіваецца там з ранняга дзяцінства: паводле статыстыкі больш за 70 працэнтаў бацькоў чытаюць дзецям услых. Вось, падумалася, як трэба супрацьстаяць інтэрнэт-агрэсіі ў дачыненні да юных чытачоў. Хоць сярод экспанентаў не значылася Палесціна, ды ўсё ж яе Амбасада ў Беларусі пастаралася прадставіць культуру далёкай краіны праз вершы самага значнага сучаснага арабскага паэта Махмуда Дарвіша: іх можна было прачытаць па-руску. Свае кнігі выставіла й бібліятэка Інстытута імя Гётэ ў Мінску, Польскі інстытут у Мінску ды іншыя.

Упершыню ў сталіцы была зладжана экспазіцыя мастацкіх кніг пісьменнікаў дзяржаў-удзельніц СНД “Чытаем разам — спазнаём адзін аднаго”… На ёй былі прадстаўлены 56 кніг з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Малдовы, Таджыкістана й Туркменістана. Дарэчы, 2019‑ы на прасторы СНД абвешчаны Годам кнігі. Адметна й тое, што пад час міжнароднай выставы-кірмашу ў Мінску на праспекце Пераможцаў, 51/1 урачыста адкрылася новая кнігарня “Дружба”. І там прайшла ўжо, у прыватнасці, прэзентацыя кніжных серый у межах праекта “Беларусь і Кітай: масты дружбы”. Гэта, нагадаю, сумесны праект выдавецтва “Мастацкая літаратура” з пекінскім “Выдавецтвам па выкладанні й даследаванні замежных моў”.

Факсімільны Буквар 1618 года — каштоўны сувенір

Упершыню выстава пад дэвізам “Больш чым кнігі” праводзілася як на плошчах выставачнага комплексу, так і ў кнігарнях, бібліятэках, музеях, былі арганізаваны літэкскурсіі, паэтычныя маршруты, тэматычныя семінары й аўтограф-сесіі, праводзіўся гастрафэст.

Ганна Лагун

Фота: Іван Ждановіч і Андрэй Сазонаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.