Вы тут

Чым год запомніўся


Актывісты абласной грамадскай арганізацыі “Саюз-інтэграцыя братэрскіх народаў” згадвалі пра тое, што паспелі зрабіць у 2018 годзе


Уладзімір Шугля

Вынікі працы за мінулы год падводзіліся на пасяджэнні праўлення суполкі. Асноўнае паведамленне рабіў Ганаровы генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Цюменьскай вобласці Уладзімір Шугля, ён жа й нязменны старшыня праўлення. Размова, як заўсёды, была цікавая, павучальная, з пазітыўным настроем.

Варта нагадаць, што Уладзімір Фёдаравіч — яшчэ й старшыня камісіі па развіцці грамадскай дыпламатыі ды працы з суайчыннікамі Грамадскай палаты Цюменьскай вобласці, а таксама член Грамадскай палаты Расіі V склікання. Ён узначальвае холдынгавую кампанію Гандлёвы дом “Мангазея”, на базе якой працуе консульства — на грамадскіх пачатках. Рознабаковыя дзейнасці ды ўласныя захапленні вядомага беларуса — на карысць беларускаму руху ў Цюмені: бо ён валодае цікавай інфармацыяй, якой з намі дзеліцца. Пасля сустрэч з ім заўсёды ёсць пра што паразважаць, асэнсаваць свае пачуцці ў дачыненні да Беларусі, Расіі, адметныя факты з плыні беларуска-расійскіх кантактаў.

2018‑ы быў напоўнены яркімі падзеямі, што спрыялі ўмацаванню сяброўскіх і гандлёвых сувязяў Цюменьскай вобласці з Беларуссю. Скажам, прайшла акруговая аграпрамысловая выстава “Тюмень-Агро 2018” і традыцыйная выстава-прэзентацыя прадпрыемстваў АПК, прымеркаваная да Дня работніка сельскай гаспадаркі. Як вынік — больш стала беларускіх прадуктаў, што рэалізуюцца праз сетку магазінаў Цюмені, Екацярынбурга, Кургана. Да таго ж у Магілёве прайшоў V Форум рэгіёнаў Расіі ды Беларусі, на якім падводзіліся вынікі супрацы, абмяркоўваліся праблемныя пытанні, заключаліся новыя дамовы.

У кастрычніку адбыўся візіт дэлегацыі грамадскіх дзеячаў Табольска ў Мінск. Госці прэзентавалі на філфаку Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка ўнікальнае факсімільнае выданне “Евангелие Фёдора Достоевского”, затым перадалі яго ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Выданне было перададзена і ў музей школы вёскі Дастоева, што ў Іванаўскім раёне Брэстчыны. Цікаваю была й сустрэча табалякоў з намеснікам Міністра культуры Беларусі.

Яшчэ адзін цікавы факт з гісторыі расійска-беларускага супрацоўніцтва. Летась у Цюменьскім кардыялагічным цэнтры працавалі лекары на чале з галоўным кардыёлагам з Мінска. І такая супраца медыкаў прадаўжаецца. У маі-2019 у Цюмені запланаваны сімпозіум, які пройдзе ў плыні Дзён беларускай кардыялогіі ў Расіі: будзем сустракаць вялікую дэлегацыю з Беларусі.

Прадаўжаюцца й сумесныя адукацыйныя праекты. Атрымаўшы муніцыпальны грант па праекце “Еўразійскае студэнцтва”, кіраўніцтва суполкі выправіла дэлегацыю (5 студэнтаў і школьнікаў на чале з дарадцам Генконсула Паўлам Смірновым) у Брэст. Сібіракі там сустракаліся з беларускімі равеснікамі, у тым ліку й з мінскай гімназіі №19, якія раней прыязджалі ў Цюмень, а таксама сакратаром ЦК Беларускага рэспубліканскага Саюза моладзі. Мацнеюць сяброўскія кантакты між школай №68, гімназіяй №83 Цюмені ды гімназіямі №19 і №1 адпаведна ў Мінску й Брэсце. “Усё гэта вельмі важна для абмену досведам працы, для дружбы моладзі Расіі ды Беларусі, — упэўнены Уладзімір Шугля. — Да таго ж, нагадаю, ужо й некалькі ВНУ Цюмені ды Беларусі на аснове падпісаных дагавораў супрацоўнічаюць”.

Калі размова на пасяджэнні зайшла пра Саюзную дзяржаву, Уладзімір Фёдаравіч падкрэсліў: развал Савецкага Саюза перш за ўсё прайшоў па душах людзей. Прычым адгалоскі ёсць і па гэты час. А падзеі на Украіне — сведчанне таго, што трэба з павагай ставіцца да гісторыі народаў, якія калісьці яднала Расія, а затым Савецкі Саюз. На бытавым, культурным узроўні, лічыць Уладзімір Шугля, Саюзная дзяржава Расіі ды Беларусі адбылася. Па многіх сацыяльных напрамках створаны роўныя ўмовы: яўных ўшчамленняў правоў грамадзян няма. Аднак, удакладніў Генконсул, “у гандлёва-эканамічным плане патрэбна адзіная палітыка цэнаўтварэння і падаткаабкладання, тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, вырашэння пытанняў уласнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы. Ёсць адрозненні ў сферы зямельнай уласнасці. Акрамя таго, па гэты час няма Саюзнага канстытуцыйнага акту, а гэта галоўнае”. Нагадаў ён і словы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на нядаўняй сустрэчы з губернатарам Новасібірскай вобласці: “Аказваючы падтрымку Беларусі, Расія перш за ўсё падтрымлівае сябе”. На жаль, тое пакуль разумеюць далёка не ўсе.

Уладзімір Шугля — гэта і паэт-філосаф. Ён, скажам, вывеў такую формулу лёсу: “Лёс ёсць гены, выхаванне й абставіны, прычым галоўнае — выхаванне, бо чым больш выхаваны чалавек, тым менш уплыву аказваюць на яго неспрыяльныя акалічнасці. У немалой ступені на лёс уплывае й характар”. За паэтычны зборнік “Четвертое измерение” ён адзначаны ў Беларусі літаратурнай прэміяй “Залаты Купідон” (2014). У 2018‑м ушанаваны дыпломам Лаўрэата літаратурнай прэміі Свету, заняўшы першае месца за падборку вершаў, апублікаваную ў анталогіі “Литературная Евразия”, стаў фіналістам прэміі “Поэт года” ў намінацыі “Лирика”. Так што й вершы таксама гучалі на пасяджэнні праўлення суполкі.

Факсімільнае выданне “Евангелие Фёдора Достоевского” перададзена ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мы ведаем, што Уладзімір Шугля паглыблена вывучае гісторыю. Што цікавае даведваецца — імкнецца падзяліцца з намі: ёсць ужо такая традыцыя. На гэты раз ён раздаў тэксты для хатніх чытанняў і разважанняў. Сярод іх матэрыялы пра тое, што дапятроўская Масква будавалася ў многім сіламі беларусаў. Скажам, вядома: Сцяпан Палубес з Мсціслава ды Ігнат Максімаў з Копысі стварылі кафлю (изразцы) знакамітага Круціцкага церама. Палубес займаўся таксама дэкараваннем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Ізмайлаве. Кожны атрымаў і раздрукоўку брашуры Валерыя Ярмоленкі “Белорусы и Русский Север” (Мінск, 2009). Уладзімір Фёдаравіч з гонарам распавёў пра беларускую Мангазею на поўначы Цюменьскай вобласці, у гонар якой і сваю фірму назваў. Зачытаў радкі пра тое, што “прадстаўнікі беларускага народа зрабілі вялікі ўнёсак у культурнае й гаспадарчае асваенне Сібіры, прымаючы актыўны ўдзел у будаўніцтве гарадоў і астрогаў. Шляхта папаўняла шэрагі ваеннай адміністрацыі, якая “рабіла палітыку” ў Сібіры”. І сам Уладзімір Шугля ніколі не забывае продкаў.

У ходзе размовы на пасяджэнні праўлення суполкі Уладзімір Шугля падкрэсліў: усе беларускія суполкі нашага рэгіёну з моманту стварэння працуюць у адной звязцы. Усе — актыўныя ўдзельнікі розных імпрэзаў: міжнацыянальных фестываляў, конкурсаў, выстаў. Галоўны ж кірунак грамадскай працы беларускіх суполак — зберажэнне беларускай культуры, спрыянне міжнацыянальнай стабільнасці. Многія беларусы-сібіракі сталі кіраўнікамі розных дзяржаўных і грамадскіх структур. У прыватнасці, Уладзімір Фёдаравіч адзначыў пазітыўную працу Цюменьскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства «Аўтаномія Беларусь»”, якую цяпер узначальвае Марыя Піскун.

Пад час сяброўскай размовы на пасяджэнні Мікалай Сапега, які ўзначальвае Заводаукаўскі філіял і кіруе Рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “НКА «Аўтаномія Беларусь»” падзякаваў Генконсулу за разумныя сацыяльна-палітычныя кансультацыі. Мікалай Васілевіч удакладніў, што цяпер публікацыі ў СМІ не заўсёды аб’ектыўныя, і такая інфармацыйная дапамога вельмі важная, калі абмяркоўваюцца спрэчныя пытанні.

На пасяджэнні быў заслуханы й мой праект міжнароднага турмаршруту “Дорогами предков‑самоходов: из Беларуси в Западную Сибирь”. Пры тым Уладзімір Фёдаравіч нагадаў, што беларускія журналісты Іван і Валянціна Ждановічы, тэлежурналісты, навукоўцы з Мінска хадзілі ўжо “сцежкамі беларусаў на Цюменьскай зямлі”. Цяпер жа варта падумаць, як зацікавіць такімі падарожжамі іншых і як багатую гісторыю заходнесібірскіх беларусаў інтэграваць у вялікую Гісторыю Беларусаў Свету.

Традыцыйна пасля такіх пасяджэнняў мы разыходзіцца не спяшаемся: ёсць яшчэ пра што пагаварыць. Вось і на гэты раз пілі гарбату, віншавалі Уладзіміра Фёдаравіча з надыходзячым днём нараджэння (бо 30 студзеня яго ў Цюмені ўжо не было). І цёпла, душэўна зносіцца сябрам суполкі ў гэты зімовы час.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Ад рэдакцыі. Мы гатовы інфармацыйна падтрымаць міжнародны турпраект “Дорогами предков‑самоходов: из Беларуси в Западную Сибирь”. Калі ж браць шырэй, то даўно ж, як кажуць, жыццё падказвае: трэба стварыць інтэрнэт-рэсурс “Беларусы ў Сібіры”. Бо нашых суродзічаў на прасторах Сібіры — сотні тысяч! Аднак у такой справе, безумоўна, патрэбная каардынацыя сіл і сродкаў. Мы нядаўна пісалі, што Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці паспяхова паўдзельнічала ў конкурсе грамадска важных ініцыятыў ды атрымала перамогу. І немалыя грошы на працу па тэме “Мае продкі — з Беларусі” будуць выдзелены суполцы з Фонду прэзідэнцкіх грантаў. Як пісала нам кіраўніца суполкі Любоў Адаскевіч, распачалася праца з Краязнаўчым музеем ды архівамі Томскай вобласці, плануецца выданне электроннага даведніка. Згадвалі мы й пра выставу “Сибиряки вольные и невольные” ў Томскім абласным краязнаўчым музеі імя М. Шацілава, прычым у праекта ёсць старонка ў інтэрнэце: з вялікай колькасцю беларускіх адрасоў, лёсаў, прозвішчаў.

Беларусы ў Сібіры — “неабдымная” тэма, як і сама Сібір! З розных бакоў розныя людзі яе даследуюць — то варта было б і алічбоўваць напрацаванае, збіраць базу дадзеных. І ствараць яе — на сучасным узроўні. Паколькі ж у беларускіх ІТ-спецыялістаў ёсць напрацоўкі ў гэтым кірунку, то чаму б імі не скарыстацца? Скажам, у кампаніі Сакрамент ІТ ёсць досвед працы з базамі дадзеных, стварэння мультымедыйных кніг, падручнікаў. А калі б далучыліся да гэтай працы беларусы Іркуцка, Новасібірска, Кургана… Маем надзею, што і Пасольства Беларусі ў Расіі з разуменнем паставіцца да такіх прапановаў, ініцыятыў, асабліва з улікам таго, што сібірскія рэгіёны ўсё больш актыўна супрацоўнічаюць з Беларуссю.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?