Вы тут

Генерал з Левушоўшчыны Люцыян Сурынт


Жыццёвая дарога цяперашняга генерал-­маёра запасу Люцыяна Сурынта пачалася ў Маладзечанскім раёне і прайшла праз Афганістан, а таксама “гарачыя кропкі” Савецкага Саюза. На пачатку 90­-х ён быў першым камандуючым сіламі спецаперацый Узброеных Сіл Беларусі.


Генерал-маёр Люцыян Сурынт

Калі адзначалася 100-годдзе Разанскага гвардзейскага вышэйшага паветрана-дэсантнага ордэна Суворава двойчы Чырванасцяжнага каманднага вучылішча імя генерала арміі В. П. Маргелава, то ў адным з расійскіх выдавецтваў выйшла кніга “Дорогой чести и мужества”. (Не ўсе ведаюць: Васіль Маргелаў — этнічны беларус. Хоць нарадзіўся ён 27 снежня 1908 года ў Екацярынаславе (пазней — Днепрапятроўск, цяпер — украінскі горад Дніпро), стаў знакамітым военачальнікам у Расіі, аднак заўсёды памятаў пра Беларусь як зямлю продкаў. Ягоны бацька, Піліп Іванавіч, быў родам з Касцюковіч (цяпер гэта райцэнтр у Магілёўскай вобласці), маці, Агаф’я Сцяпанаўна, — з Бабруйскага павета. У пошуках лепшай долі сям’я пераехала ў Екацярынаслаў, а на пачатку 1914 года Маргелавы вярнуліся дадому. Якраз у Касцюковічах пасля заканчэння шасці класаў Васіль пачаў працоўную дзейнасць. У 1928-м добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію ды прайшоў шлях ад курсанта да генерала. — Рэд.). Згаданы зборнік нарысаў — пра гісторыю славутай установы, пра тых, хто выбраў у жыцці шлях абаронцаў Айчыны. І сярод іх — сотні ўраджэнцаў беларускай зямлі. Закончыўшы вучылішча, яны служылі на розных пасадах і праяўлялі высокі маральны дух, мужнасць і стойкасць, вернасць прысязе. Многія з іх прайшлі свінцовы агонь Афганістана, пазней — не спатыкнуліся і ў “гарачых кропках” былога Саюза ды іншых краін. Асобныя сталі генераламі, камандавалі палкамі, брыгадамі, злучэннямі Узброеных Сіл Беларусі, перадавалі свой досвед маладзейшым абаронцам Бацькаўшчыны.

У перыяд службы ў Мінабароны Беларусі, галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл, мне пашчасціла часта сустракацца з цяперашнім генерал-маёрам запасу Люцыянам Сурынтам. Сустрэчы, гутаркі з ім былі ў розных месцах і ўмовах: у вайсковых частках, яму падпарадкаваных, на вучэннях... Ды пра тое, што перажыў ён у ходзе баявых дзеянняў і пад час лакальных канфліктаў, чуць не даводзілася. Ён — з кагорты тых, хто свядома трапіў у вайсковую брую працавітым юнаком, зусім не ведаючы, што чакаюць яго наперадзе нялёгкія дарогі. Шмат чаго распавёў пазней: тры гадзіны гутарылі мы перад яго ад’ездам на рэабілітацыю пасля хваробы.

Ёсць пад Радашкавічамі, на Маладзечаншчыне, вёска Левушоўшчына (цяпер — Красненскі сельсавет. — Рэд.). Там і нарадзіўся будучы генерал, тады яшчэ ў Маладзечанскай вобласці Беларускай ССР, у шматдзетнай сям’і партызанаў, ветэранаў вайны Станіслава Іосіфавіча і Алены Дзям’янаўны. Нялёгка было бацькам-калгаснікам выхоўваць-гадаваць шасцёра дзяцей: дзень і ноч даводзілася працаваць — усім, па меры сіл. Маці, згадвае генерал, садзілася за стол толькі тады, калі ўсе паядуць. І было ў сям’і святое правіла: усе павінны ўмець рабіць любую працу па хатняй гаспадарцы, прычым пакорліва, паслухмяна і якасна. У школу ж Люцыян штодня ездзіў на электрычцы ў Аляхновічы: за 10 кіламетраў. Часам, прызнаецца, і ў Мінск заязджалі, ці замест школы “партызанілі ў лесе”. Вясковае жыццё з усімі яго турботамі шліфавала-выхоўвала хлопца працавітым, кемлівым, упартым і цягавітым. Яшчэ прымушала моладзь цягнуцца ўгару, не расслабляцца заўсёднае этычнае пытанне: а што скажуць людзі? Бо сорам жа будзе, калі ўчыніш нешта нядобрае, ці калі ў школе нахапаеш двоек.

Такім ён быў курсантам

Заканчваючы школу, Люцыян марыў стаць афіцэрам-дэсантнікам, пачаў мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення ў адпаведную ВНУ. І вось ён у Разані, а ў вучылішчы адборачны конкурс — 14 чалавек на месца. І што цікава: закончыўшы звычайную школу з беларускай мовай навучання, ён паступіў. Дапамаглі добрая фізпадрыхтоўка, цягавітасць і сіла волі, рост 182 см, моцныя веды. Сабраўшы сілы ў кулак, вытрымаў і курс маладога байца ў Сяльцы, пра які памятае кожны выпускнік вучылішча. У ходзе заняткаў курсант Сурынт засвоіў на ўсё жыццё: у паветрана-дэсантнай справе важна ўсё, і нават найменшая недакладнасць можа мець трагічныя наступствы. Трэніравалі дух і цела марш-кідкі, кросы, лыжныя шматкіламетровыя забегі. У вучылішчы жартам казалі, што ў курсанта ёсць тры спосабы руху: бягом, страявым крокам ці з песняй, калі ж ён адзін — толькі бягом. У такі рытм жыцця беларус хутка ўцягнуўся, і праз чатыры гады, у 1975‑м, на дзяржэкзаменах пацвердзіў гатоўнасць камандаваць узводам.

Малады афіцэр быў накіраваны служыць у Беларусь: 357 гвардзейскі парашутна-дэсантны полк 103 гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі (ПДД) дыслакаваўся ў пасёлку Баравуха‑1 Полацкага раёна. Ён быў нежанаты, нікуды не спяшаўся, таму шмат паспяваў на службе: выконваў усё, што яму даручалася, многаму вучыў падначаленых, ды і сам нечаму давучваўся. Потым і ў асабістым жыцці адбыліся змены: ажаніўся з дзяўчынай Лідай. У хуткім часе стаў намеснікам камандзіра 7‑й парашутна-дэсантнай роты палка, і ўжо тады працаваў за ротнага, які рыхтаваўся да перамяшчэння па службе.

Люцыян Сурынт. Афганістан, 1981 г

Назаўсёды запомніў той дзень: субота, вечар 11 снежня 1979 года. Ён прыбыў з чарговага водпуску ў ваенны гарнізон і рыхтаваўся выйсці на службу. Дачцы Алесі — крыху больш за год. Гадзіны ў 22 прыбыў пасыльны: аб’яўлена “Трывога”. У палку афіцэр атрымаў распараджэнне: падрыхтаваць роту да маршу па чыгунцы, потым паветраным транспартам. Хоць для дэсантнікаў тое было звыклай справай, але ніхто й не чакаў, што яны доўга не вернуцца дадому, а нехта й ніколі… Люцыяну Сурынту жонка праз пасыльнага перадала невялікі багаж з неабходнай маёмасцю, якой ён і карыстаўся да першага водпуску, да кастрычніка 1980‑га. Чыгункаю вайскоўцаў (у старэйшага лейтэнанта Сурынта ў роце было 82 байцы) перакінулі ў Бранскую вобласць, далей разам з баявою тэхнікай самалётамі — у Арэнбургскую. Мароз, завея і суровы холад… Цярпліва чакалі на марозе, пакуль заправяцца самалёты. Далей быў аэрадром ва ўзбекістанскай Фергане, зноў самалёты АН‑12 узляцелі ў неба. І толькі за 20 хвілін да пасадкі стала вядома: месца чарговага прызямлення — Баграм у Афганістане.

26 снежня, здзейсніўшы шматкіламетровы марш у горнай мясцовасці, яго рота ды іншыя падраздзяленні палка размясціліся ля Кабульскага аэрапорта. Практычна ў голым полі. Спалі на зямлі на тэнтах, вада і дровы — дэфіцыт. На першым часе рота ахоўвала ў Кабуле вузел сувязі савецкага галоўнага ваеннага саветніка Мінабароны Афганістана. Пастаўленую задачу дэсантнікі выканалі, а старшы лейтэнант Сурынт датэрмінова атрымаў званне капітана, медаль “За баявыя заслугі”. Потым яму давялося ўдзельнічаць і ў баявых аперацыях. Вельмі перажываў афіцэр, прымаў блізка да сэрца, калі часам зверху паступалі загады, якія проста немагчыма было выканаць без людскіх страт. Здаралася, ішлі блакітныя берэты на ворагаў, у горы, не маючы дакладных разведданых і часу для падрыхтоўкі. Але асабісты склад батальёна верыў афіцэру, падначаленыя ведалі: капітан Сурынт шмат разоў правярае гатоўнасць кожнага афіцэра да баявых дзеянняў, удакладняе ўсе падрабязнасці аперацый. Пазней ён шмат разоў казаў, што кожны ягоны салдат варты як мінімум медаля “За баявыя заслугі”.

У верасні 80‑га капітана Сурынта прызначылі намеснікам камандзіра 1 парашутнага-дэсантнага батальёна яго палка. Падраздзяленне прыкрывала ўчастак мяжы з Пакістанам, кіламетраў 40–50, адсочваліся маршруты перамяшчэння людзей, паставак зброі, боепрыпасаў з Пакістана, спыняліся дзеянні бандфарміраванняў. Штаб — пад Асадабадам, роты й падраздзяленні выконвалі баявыя задачы ў правінцыях Кунар, Лагман, пад Джэлалабадам, Баграмам і ў іншых месцах. Мой субяседнік згадвае, як у адной з аперацый пры пад’ёме на круты горны хрыбет абставіны склаліся так, што трэба было кідком яго захапіць — інакш не было шанцаў выжыць. І трэба было падняцца ўсім адначасова, з крыкам “Ура!”. Марудзіць нельга: “духі” на хрыбет лезуць з процілеглага боку, іх агонь узмацняецца. У выніку з вуснаў капітана Сурынта прагучала нешта невыразна-мацюкальнае (але, як потым казалі, гучнае і ўражлівае), і ўсе раптам падняліся і з крыкам “Ура!” кінуліся на той хрыбет. “Духі” завагаліся, пакінулі выгадную, ужо захопленую імі пазіцыю. Доўжылася тое — імгненні, а загінула 9 нашых воінаў, трое з іх афіцэры. Так ён упершыню пабываў у баі, у якім за кароткі час такія страты — і толькі двое параненых (звычайна бывала па тры на аднаго загінулага). Калі дэсантнікі грэбень захапілі, мяцежнікі яшчэ лезлі на яго, ды ў гарах гаспадар становішча той, хто знаходзіцца вышэй. У тым баі ён адчуў сапраўдную рашучасць і сапраўдны гераізм таварышаў, гатоўнасць аддаць сваё жыццё, ратуючы іншых. Наперадзе, метрах у 10–15 ад капітана камандзір узвода, старшы лейтэнант Саша Палагін раптам спыніўся, выпрастаўся ў поўны рост і, шырока ўсміхаючыся, павярнуўся ў яго бок, прамовіў: “Таварыш капітан, у сэрца…” — і ўпаў. Кінуўся да камандзіра яго падначалены — і таксама быў забіты: відаць, тым жа стралком…

У лютым 82‑га капітану Люцыяну Сурынту ўручылі першы ордэн Чырвонай зоркі. А ў сакавіку афіцэр прыбыў у Кастраму: быў прызначаны намеснікам камандзіра 1 батальёна 331 гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка 106 гвардзейскай ПДД. Другі ордэн Чырвонай зоркі атрымаў перад строем палка. У тым жа годзе беларус паступіў у Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе — закончыў яе ў 1985‑м з адзнакай. Пасля служыў начальнікам штаба 328 гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка 104 гвардзейскай ВДД у Кіравабадзе. (Горад у Азербайджане, з 1989 года — Гянджа. — Рэд.). У тых мясцінах было неспакойна: выспявалі, разгараліся міжнацыянальныя канфлікты, у СССР успыхвалі так званыя “гарачыя кропкі”. На вачах афіцэра пакутавалі, гінулі мірныя людзі, мясцовыя жыхары шукалі абарону й прыкрыццё ў ваенных. Не па чутках ведае Люцыян Станіслававіч, што адбывалася ў Сумгаіце, Ерэване, Сцепанакерце, Баку… У красавіку 1989‑га, калі ў сталіцы Грузіі абвастралася палітычная абстаноўка, былі масавыя выступленні насельніцтва (на мітынг сабралася да 8–10 тысяч чалавек), ён знаходзіўся з асабовым складам у цэнтры падзей: на праспекце Шата Руставелі ў Тбілісі. Мітынг быў ачэплены міліцыяй і войскамі. Зрэшты, пра тыя падзеі сказана й напісана нямала. Аднак, сведчыць Люцыян Сурынт, ні абразы, ні прамыя пагрозы й агідныя выказванні ў адрас дэсантнікаў не змаглі справакаваць іх на ўзброенае ўмяшанне ў канфлікт. Яны, бяззбройныя, цвёрда стаялі на праспекце, падтрымлівалі сваёй прысутнасцю парадак і спакой.

Вывад савецкіх войск з Афганістана

Нешта падобнае ўжо было і ў Літве, дзе ён камандаваў 285 вучэбным парашутна-дэсантным палком аб’яднанага вучэбнага цэнтра ПДВ у Гайжунаі. (Вёска ў Іанаўскім раёне, непадалёк ад яе ў пару СССР знаходзіўся ваенны аэрадром і буйны вучэбны цэнтр ПДВ. — Рэд.). Усё часцей тады нацыянальныя кадры ў савецкіх рэспубліках уваходзілі ў супрацьстаянне з саюзнымі ўладамі. І камандзірам вайсковых падраздзяленняў даводзілася рабіць усё, каб выключыць канфлікты паміж насельніцтвам і вайскоўцамі.

У снежні 1991‑га палкоўнік Сурынт прыбыў у Беларусь: прыняў 38‑ю гвардзейскую асобную паветрана-дэсантную брыгаду. А становішча ў арміі пасля распаду СССР і яго Узброеных Сіл было вельмі складаным. Некаторыя афіцэры гублялі веру ў неабходнасць служыць Радзіме, ім з сем’ямі цяжка было выжываць і матэрыяльна. Маральна-псіхалагічная абстаноўка ў брыгадзе выклікала крайнюю заклапочанасць. Камбрыга хвалявала вялікая колькасць злачынстваў. Сяржанты й салдаты, прызваныя з іншых рэспублік былога СССР, імкнуліся самастойна збегчы дадому. Стварэнне беларускіх Узброеных Сіл, прыняцце прысягі беларускаму народу шмат у чым вызначылі перспектывы ваеннай службы для афіцэраў. Палкоўнік Сурынт у незалежнай Беларусі стаў першым камандзірам утвораных у 1995 годзе мабільных сіл, першым камандуючым сіламі спецаперацый, створаных на іх базе ў 2007‑м. Свой камандзірскі, баявы досвед ён да апошніх дзён службы ў войску перадаваў афіцэрскаму складу ўсіх звёнаў. Мне з вуснаў многіх таварышаў генерала па службе прыходзілася неаднаразова чуць пра яго прынцыповасць, ён не дапускаў фармалізму ў падрыхтоўцы войскаў. Без сумневаў адстойваў свой пункт гледжання, нават калі тое не надта падабалася вышэйстаячаму кіраўніцтву. Рашучы й даступны, валявы й мэтанакіраваны, ён і сёння застаецца верным дэсантнаму братэрству.

На жыццёвым прыкладзе Люцыяна Станіслававіча і яго жонкі Лідзіі Андрэеўны выхавана дачка Алеся. Яна — палкоўнік, служыць у Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі. А яе сын Глеб — выхаванец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

7 студзеня 2019 года Люцыяну Сурынту споўнілася 65. У кнізе ўспамінаў “Верны дэсантнаму братэрству” ён апавядае пра жыццёвы шлях: ад школьных і курсанцкіх гадоў да камандуючага сіламі спецаперацый Узброеных Сіл. У кнізе шмат імёнаў і прозвішчаў тых, з кім яму давялося служыць. Аўтар нагадвае сённяшнім камандзірам пра іх адказнасць як за жыцці падначаленых, так і за лёс незалежнай Бацькаўшчыны.

Леанід Прышчэпа, палкоўнік у адстаўцы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.