Вы тут

З юбілеем, БЭЗ!


30 гадоў таму на паўночным усходзе Эстоніі, у павеце Іда-Вірумаа было створана Беларуска-эстонскае згуртаванне


Амбасадар Беларусі ў Эстоніі Вячаслаў Качанаў і ўдзельнікі гурта “БЭЗ”. Йыхві, верасень 2018. Фота Віктара Байкачова.

Юбілейная дата для грамадскай суполкі — заўсёды нагода згадаць, як яна ўтварылася, развіваецца. Вось і я хачу расказаць пра землякоў-беларусаў з Йыхві ды Кохтла-Ярве: геаграфічна гарады — побач. Якраз там, у павеце Іда-Вірумаа, у 1989-м было створана Таварыства беларускай культуры БЭЗ. Пад гэтай кветкавай абрэвіятурай і расцвітае Беларуска-эстонскае Згуртаванне. Дарэчы, і эмблема суполкі — галінка квітнеючага бэзу. Першым БЭЗ узначаліў Уладзімір Дзехцярук, сам паэт, аўтар зборніка вершаў на беларускай мове “Сярод белых эстонскіх начэй”.

Наша Нарвскае беларускае таварыства “Сябры” — на 10 гадоў маладзейшае за БЭЗ, і “ад нараджэння” мы з ім працуем разам. За велізарную аргдапамогу ў станаўленні “Сяброў” мы вельмі ўдзячны Маргарыце Астраумавай — гэта была другая кіраўніца БЭЗа, прычым шмат гадоў. Нават і не падлічыць, колькі правялі мы сумесных імпрэзаў! Мэты ж у нас — адны: наладжваць сяброўскія зносіны між супляменнікамі, вывучаць і пашыраць беларускую культуру ў Эстоніі. Кіраўнікі абедзвюх суполак — у складзе Круглага стала нацыянальна-культурных арганізацый Іда-Вірумаа пры Мінкультуры Эстоніі. Мы разам і ў такіх маштабных імпрэзах, як, скажам, штогадовы фестываль нацменшасцяў Эстоніі “Творчы кацёл народных культур” (“Rahvuskultuurіde loomepada”). Фестываль нацыянальнай кухні, закладка Гаю Народаў у Нарве, праект “Наш агульны дом” да 100-годдзя Эстоніі — гэта няпоўны пералік нашых сумесных з БЭЗам спраў толькі ў апошні час.

Дзявяты год на чале БЭЗа — Зінаіда Клыга, якая ад пачатку ўтварэння была ў суполцы намесніцай старшыняў. Бадай што ўсе 30 гадоў яна кіруе й ансамблем беларускай песні “БЭЗ”, які не раз выступаў і ў нас у Нарве. Мы з душэўнай цеплынёю згадваем штогадовыя студзеньскія “Каляды”, якія праводзяцца БЭЗам у Йыхві, прычым і “Сябры” не раз там гасцявалі. Неаднаразова БЭЗ праводзіў і фестывалі “Родныя напевы” ды “Усмешка па-беларуску” — з удзелам творчых гуртоў з Беларусі. Ды апошнім часам ёсць праблемы з атрыманнем бясплатных віз у Эстонію для самадзейных калектываў з Беларусі. Таму нават прыезд на юбілей БЭЗа беларускіх гасцей — пад пытаннем. Але гэта, вядома ж, асобная тэма.

Напярэдадні юбілею, які будзе адзначацца ў канцы сакавіка, ад імя нарвскіх беларусаў віншую ўсіх сяброў БЭЗа, нашых вялікіх сяброў Маргарыту Астраумаву, Зінаіду Клыгу — з 30-годдзем суполкі. Гэта вялікае, знакавае свята для ўсіх беларусаў Эстоніі. А таксама й прыгожая старонка ў гісторыі самой нашай маці-Беларусі, з якою мы ўвесь час адчуваем непарыўную сувязь. Як бацькі ганарацца, што недзе ў далёкім свеце іх дзеці “выйшлі ў людзі” — так і Беларусь можа ганарыцца, што ёсць у беларускай дыяспары такія суполкі, што сістэмна, прыгожа, натхнёна працуюць на карысць Бацькаўшчыны.

Хочацца яшчэ павіншаваць Зінаіду Клыгу, якая, дарэчы, з’яўляецца і сяброўкай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, з высокай эстонскай дзяржаўнай узнагародай. Яе шматгадовая дзейнасць адзначана Ордэнам Белай Зоркі V ступені. Мяркуецца, што ў хуткім часе ўзнагароду ёй уручыць сама Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд.

Жадаю нашым сябрам з БЭЗу вялікіх творчых поспехаў, новых цікавых імпрэзаў, і, несумненна, усямернай падтрымкі дзейнасці: з боку гарадскіх уладаў, Міністэрства культуры Эстоніі. Усім — здароўя і даўгалецця.

Людміла Аннус, кіраўніца Нарвскага беларускага таварыства “Сябры”

Ад рэдакцыі. Уменне выбудоўваць шчырыя, душэўныя, сяброўскія стасункі з іншымі суполкамі суайчыннікаў — не менш важнае сёння, чым сама праца беларускіх суполак у замежжы. Таму мы вельмі радуемся, калі ў нашай пошце з’яўляюцца такія допісы — калі сябры пішуць пра добрых сяброў. На вялікі жаль, у буйных гарадах на постсавецкай прасторы часам утвараюцца па дзве, тры, чатыры беларускія суполкі. Здавалася б, працы хопіць усім! Аднак замест гэтага пачынаюцца размежаванні, спрэчкі, звады, высвятленне адносінаў... Так і хочацца ўсклікнуць: людзі добрыя, то можа б вы лепш і не казалі пра сваю беларускасць — бо сорам жа ўсім нам за такое.

Далучаемся да віншаванняў юбілярам. Маем надзею, што каштоўны досвед сяброўства эстонскіх “Сяброў” і БЭЗа будзе, як добрая рашчына, пашырацца на ўвесь беларускі рух у замежжы. Каб наш Беларускі Каравай толькі радасцю поўніў сэрцы людзей, каб наш Беларускі Мацярык — мацнеў і прыгажэў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».