Вы тут

Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі»


У апошнія дні работы ХХVІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі». За галоўныя ўзнагароды ў 14 намінацыях пазмагаліся 158 выданняў ад 40 устаноў. У выніку галоўны прыз — у намінацыі «Трыумф» — атрымаў «Вялікі гістарычны атлас Беларусі», выпушчаны ў 4-х тамах «Белкартаграфіяй» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. І гэта нагода для гонару.


Праца над «Атласам» вялася на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Вучоныя, картографы, архівісты сумесна збіралі розныя ўнікальныя карты, якія ў выніку трапілі пад вокладку шматтомніка. У выданне ўключаны карты асобных рэгіёнаў, планы гарадоў, схемы ваенных сутыкненняў. Змешчана там і буйнамаштабная Генеральная карта, рэпрадукцыі старадаўніх картаў. Такім чынам, атлас яскрава паказвае нам пакручасты лёс нашай краіны і яе жыхароў ва ўсе эпохі.

Пераможцы былі вызначаны і ў іншых, таксама важных і ганаровых намінацыях. Выдавецкі дом «Звязда» прызнаны найлепшым у намінацыі «Эўрыка», дзе вызначалі самыя добра аздобленыя навуковыя і навукова-папулярныя выданні. Пераможцам выйшла кніга «У рытме імклівых гадоў... Нарысы гісторыі камсамола Беларусі». Серыя «100 вершаў» выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначана ў намінацыі «Сцяжынкамі роднага краю», прымеркаванай да Года малой радзімы. Пераможцам стаў зборнік «Зямля бацькоў святая». Дыпломам першай ступені ў гэтай намінацыі адзначаны альбом Уладзіслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой. І аm sееіng Bеlаrus lіkе thаt», які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда».

Ганаровы знак-сімвал «Залаты фаліянт» і дыплом пераможцы ў намінацыі «Літ-фармат» прысуджаны выдавецтву «Мастацкая літаратура» за кнігу Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Кнігі для самых маленькіх чытачоў былі прадстаўлены ў намінацыі «Разам з кнігай мы расцём». Тут пераможцам абранае выданне «Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка» выдавецтва «Медыял».

У намінацыі «Залатыя скрыжалі» вызначалі найлепшыя даведачныя і энцыклапедычныя выданні. Цалкам заканамерна, што пераможцам тут аказалася выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за падрыхтоўку і выданне персанальнай трохтомнай энцыклапедыі «Янка Купала».

«За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны» — перамогу ў намінацыі з такой назвай атрымала праца супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Першы Буквар: факсімільнае ўзнаўленне: да 400-годдзя выдання». Гэта прыгожа аздобленыя тры кнігі ў падарункавай скрынцы. У намінацыі «Духоўнасць» дыплом пераможцы ўручаны выдавецтву «Беларуская навука» за кнігу Вольгі Лабачэўскай «Мастацтва дзеля славы Божай: саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы».

У намінацыі «Арт-кніга» былі прадстаўлены найлепшыя выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяграфічныя. Найлепшым тут стала выданне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — «Веліч і слава Магілёўшчыны. Слава Беларусі і Расіі» Ігара Марзалюка. Фотаальбом «Беларусь. Пасланне свету» выдавецтва «Беловагруп» стаў найлепшым у намінацыі «Фотапогляд».

У спецыяльнай намінацыі «Садружнасць» — сумесных выдавецкіх праектаў найлепшай прызнана кніга Наталлі Ігнаценкі «Як транспарт дапамог сябрам Маскву спазнаць» («Беловагруп», Мінск і «МП-пресса», Масква). У спецыяльнай намінацыі «У люстэрку часу» дыплом пераможцы прысуджаны выданню «Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь. 2017» выдавецкага цэнтра «Марка» РУП «Белпошта». «Падручнікам новага стагоддзя» стала кніга выдавецтва «Аверсэв» «Буквар для дашкольнікаў».

Для найлепшых ілюстратараў, фатографаў і дызайнераў прадугледжана агульная намінацыя пад назвай «Майстэрства». Такім чынам, найлепшым ілюстратарам прызнаны Вячаслаў Валынец за кнігу «Казкі для гарэз» выдавецтва «Харвест». найлепшы фатограф — Міхась Раманюк за ўнёсак у беларускую нацыянальную мастацкую фотакультуру. Найлепшы дызайнер — Міхал Анемпадыстаў за ідэю, аўтарскую канцэпцыю, тэкст і мастацка-графічнае выкананне выдання «Колер Беларусі». Міхала Анемпадыстава ўжо год як няма з намі — гэта пасмяротнае прызнанне заслуг таленавітага творцы — узнагароду атрымлівала яго жонка Алена Дашкевіч.

Старшыня журы нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхась БАРАЗНА адзначае:

— Часам мяне запытваюць, чым гэты конкурс адрозніваецца ад папярэдняга? Адкажу, што сённяшні конкурс унікальны. Не ўсё золата блішчыць і не ўсё такім выглядае. Магчыма, калі мы глядзім на паліцу кніг-пераможцаў, то бязмежны талент выдаўцоў, літаратараў, мастакоў, дызайнераў бачыцца даволі сціплым. Але, паверце, як ніколі цікавыя кнігі ў гэтым сезоне. Яшчэ адна адметнасць у тым, што аднавіліся і актуалізаваліся многія прозвішчы, якія з'яўляюцца стаўпамі беларускага мастацтва кнігі. Нават невялічкая кніжыца, на якой надрукавана мілая, утульная, камерная праца Аркадзя Астаповіча, таксама стала актуальнай і сучаснай для многіх беларусаў. Мы бачым графічныя творы Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Міхала Анемпадыстава. Беларуская культура заўсёды злучала традыцыі і сучаснасць, эксперымент. І акурат сёлета ўдалося ўсё гэта спалучыць надзвычай выдатна.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне. 

Грамадства

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?

Чаму карты на беларускай мове — гэта стапрацэнтны эксклюзіў?

Першай грунтоўнай работай айчынных картографаў па-беларуску стаў Нацыянальны атлас, выпушчаны ў 2002 годзе.

Культура

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?

Што агульнага паміж творчасцю і «табурэткай»?

Дзе можна асвоіць літаратурнае майстэрства? Як становяцца пісьменнікамі?

Грамадства

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

Асноўная задача — захаваць біялагічную сям'ю

«Звязда» звярнулася па каментарыі аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта № 18 да старшынь профільных камісій абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.