Вы тут

На Берлінале паказалі фільм пра голад ва Украіне


Сёлетні Берлінале паказвае публіцы больш за чатырыста фільмаў: каля білетных кас у чаканні іх адкрыцця людзі дзяжураць з крэсламі, так што адразу бачна, дзе сапраўдная любоў да кіно. Хаця прагледзець усе чатырыста, вядома ж, немагчыма, на гэты момант самай ва ўсіх сэнсах масштабнай карцінай Берлінскага кінафестывалю падаецца «Гарэт Джонс» вядомай польскай рэжысёркі Агнешкі Холанд. Пра голад ва Украінскай ССР, трупы на вуліцах і вымерлыя вёскі, якія на свае вочы ўбачыў брытанскі журналіст, пакуль Савецкі Саюз ствараў свой пазітыўны імідж. Сусветная прэм’ера аднаго з самых чаканых фільмаў Берлінале, удзельніка асноўнага конкурсу фестывалю адбылася ўчора, 10 лютага.


Тут непарушнасць Сталіна, узыход Гітлера, медыйная магутнасць Уільяма Хёрста – пачатак 1930-х з іх непакоем, змрочнасцю і сакрэтамі. Тое яшчэ «guilty pleasure» – з аднаго боку агідны і балючы для былога СССР перыяд гісторыі -- не адкрывай, бо заб’е, з другога патаемна прыцягальны. Недарэмна (нават надзвычай апраўдана) адным з герояў фільма становіцца з плоці і крыві Джордж Оруэл з яго «Скотным дваром» і «вялікім братам».

Усе затуманеныя карцінкі сталі чыстымі і няўмольнымі – не літаратурай, не прыглушанымі галасамі з мінулага, не вар’яцкімі домысламі, а праўдай з шэрым наваколлем, халодным канструктывізмам, спевам пра голад, худымі клячамі, кантрастам белага снегу і чорных вясковых хат. А ты саромеешся абсалютна ўсяго, што тут датычна Савецкага Саюза адбываецца.

Па сюжэце, заснаваным на рэальных падзеях, малады журналіст Гарэт Джонс, які зрабіў інтэрв’ю з усё больш папулярным палітыкам Адольфам Гітлерам, марыць задаць свае пытанні і Іосіфу Сталіну. Для гэтага ён атрымлівае тыднёвую візу і едзе ў Маскву, дзе апынаецца ў фешэнебельным гатэлі, на кайфовай вечарыне з наркотыкамі і голымі жанчынамі, на багатым абедзе з ікрой. А ў выніку ў цягніку ва Украіну журналіст разумее, што да яго прыставілі суправаджэнне, і збягае ў іншую рэальнасць, якую паказваць яму, канешне, ніхто не планаваў.

Скокнуўшы ў паралельны цягнік, Джонс аказаўся ў эшэлоне, поўным галодных людзей, пасля чаго яму давялося напоўніцу не толькі пабачыць скошанае адсутнасцю правізіі насельніцтва, але і пагаладаць самому. Як маўчаць вёскі, як завываюць песні, як адзін на аднаго грузяць памерлых, як дзічэюць людзі і як дзеці ядуць свайго брата – усё гэта аказалася перад вачыма западнага журналіста і ўласна гледача «Гарэта Джонса».

Агнешка Холанд паказала, што антыутопія была не толькі мастацкім перабольшваннем Джорджа Оруэла, а рэальна існуючай сістэмай – неадэкватным, перавернутым з ног на галаву светам, у якім разуменне нармальнага незваротна зрушылася, назвалася дарослай палітыкай і апраўдала гэтым смерці мільёнаў. Выпадак Гарэта Джонса, апроч таго, што адкрыў схаванае, паказаў, наколькі разыходзяцца інтарэсы вялікіх людзей з інтарэсамі людзей звычайных (прычым паўсюль: умоўны захад не хацеў даваць ход інфармацыі Джонса, каб не псаваць адносіны з Масквой) і наколькі катастрафічна гэта праявілася ў СССР пачатку 1930-х.

Шэдэўральна проста і прыгожа – праз прыглушаныя колеры, буйны снег, рухомую экспрэсіўную камеру, кантрасты, суровую халоднасць і аднаго маладога журналіста – фільм расказаў гісторыю, дзе граніц у трагедыі, болю, агіды няма. Прычым кантрасты не толькі чорнага і белага ў прамым сэнсе, а і Захаду/Усходу, Савецкага Саюза ў прапагандзе і Савецкага Саюза рэальнага.

Прэм’ера «Гарэта Джонса» падаспела да яшчэ свежага рашэння сената ЗША прызнаць Галадамор генацыдам украінцаў: пакуль дыскусія ўзноўлена і падагрэта кантэкстам, польская рэжысёрка не баіцца зразумелымі прыёмамі выказаць сваю пазіцыю.

Але што найбольш узрушальна – дык безумоўная сувязь гістарычнага фільма з сённяшнім днём. Асацыяцыі б’юць па галаве ўсведамленнем таго, што ўсяму гэтаму ёсць месца ў сённяшнім жыцці, вельмі блізка ад нас. Раптоўна памерлы журналіст Пол Клеб, дзякуючы якому ў фільме Гарэт Джонс зразумеў, дзе хаваецца адзін з сакрэтаў СССР, адсылае да Пола Хлебнікава, забітага ў 2004 годзе, а ў цэлым усе нітачкі, што вядуць з 1930-х у сённяшні дзень, – вельмі тонкая, але зразумелая канструкцыя.

«Гарэт Джонс»– нешта большае за кіно. Як у самой карціне, так і ў рэальнасці: праўда трымаецца на плячах такіх адзіночак, як малады і смелы брытанскі журналіст альбо масштабная польская рэжасёрка Агнешка Холанд.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.