Вы тут

Больш за 60 тысяч чалавек наведалі Мінскую міжнародную кніжную выставу


ХХVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш (ММКВК), якая праходзіла пад дэвізам «Больш, чым кнігі», атрымалася не толькі заўважнай, але і надзвычай разнастайнай і шматбаковай падзеяй. Пяць дзён у рэжыме нон-стоп у межах форуму і літаратурнага сімпозіума «Пісьменнік і час» адбываліся прэзентацыі, сустрэчы і аўтограф-сесіі папулярных аўтараў, літаратурныя дыскусіі, круглыя сталы пісьменнікаў і выдаўцоў, творчыя майстар-класы і ўрокі замежнай мовы, флэшмобы, кінапаказы і тэатралізаваныя прадстаўленні, на якіх агулам пабывала больш як 61 тысяча гасцей.


Кожны мог выбраць тое, што яму больш даспадобы: ці праехацца ад Палаца спорту да выставачнага павільёна «БелЭкспа» на паэтычным аўтобусе пад вершы і бардаўскія песні як маладых, так і ўжо вядомых беларускіх аўтараў з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, ці сустрэцца і пагаварыць з любімым пісьменнікам непасрэдна на выстаўцы — так, сустрэча з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланай Алексіевіч выклікала сапраўдны аншлаг; ці ўзяць удзел у літаратурным квэсце або віктарыне па тым ці іншым творы; ці завітаць на шматлікія прэзентацыі кніжных навінак і, магчыма, адкрыць для сябе імёны новых цікавых літаратараў, ці, нарэшце, набыць — што немалаважна, па выдавецкім кошце, а ў апошні дзень работы выстаўкі і са зніжкамі — некалькі выданняў у дамашнюю бібліятэку.

Прычыніцца да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу сёлета было можна, нават не наведваючы выдавецкія экспазіцыі. Амаль паўтара дзясятка сталічных кавярняў, пабаў і рэстаранаў далучыліся да тэматычнага кніжнага гастрафэсту «Смак чытання», які быў зладжаны ўпершыню, і ўключылі ў меню стравы, згатаваныя сучаснымі кухарамі паводле літаратурных бестселераў розных краін. Асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў карысталіся калдуны з мясам і грыбамі паводле Уладзіміра Караткевіча («Дзікае паляванне караля Стаха»), верашчака з блінамі, на якую кулінараў натхніла «Новая зямля» Якуба Коласа, апісаныя ў «Знесеных ветрам» Маргарэт Мітчэл грачаныя аладкі з кляновым сіропам, пірог «па-хобіцку» паводле Джона Рональда Руэла Толкіна і нават знойдзеная ў кнізе «Дракула» Брэма Стокера «папрыка Гендл». І калі да кошту гастранамічных вынаходак у гурманаў былі пытанні, то да смаку — ніякіх там «паскудства, брат, і не пытайся», адны кампліменты...

Не сумна было ў сталічных кнігарнях, дзе адна за адной праходзілі кніжныя прэзентацыі і сустрэчы з аўтарамі, у тым ліку зладжаныя Выдавецкім домам «Звязда». Так, у «Кнігах&кніжачках» чыталі твор Генадзя Аўласенкі «Снегавік і вясна», у «КнігаПолісе» абмяркоўвалі «Уцёну ў Францыі» Яны Явіч. А паралельна на розных пляцоўках у павільёне «БелЭкспа» нашы калегі правялі адмысловую экалагічную віктарыну, прадставілі кнігі Віктара Ляскоўскага «Антошкава шчаня», Дзмітрыя Юртаева «Ні секунды цішыні», маляўнічае выданне «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца» і прысвечаны юбілею маладзёжнага руху выдавецкі праект «У рытме імклівых гадоў...». Часопіс «Маладосць» зладзіў для маладых літаратурных крытыкаў і тых, хто толькі марыць імі стаць, круглы стол з удзелам вопытных даследчыкаў літаратуры і майстар-клас са шкоднымі парадамі «Як не трэба пісаць рэцэнзіі», а таксама падвёў вынікі конкурсу «Слаўная кампанія: рэАNІMАцыя», прысвечанага пісьменнікам ХІХ стагоддзя...

— Мама, глядзі, вось такая самая кніжка, як ты нам абяцала! — звініць патрабавальны галасок каля стэнда з дзіцячай літаратурай. Мінчанка Яўгенія Капыцька, якая вывучае асартымент разам з двума сынамі, задавальняе просьбу маленькіх кнігалюбаў і расказвае, што ўжо гадоў пяць не прапускае ніводнай кніжнай выстаўкі і ніколі не сыходзіць з пустымі рукамі: «Вось і сёння амаль на сто рублёў накупілі: дзіцячыя энцыклапедыі, некалькі перакладных мастацкіх кніг, прыгожае выданне Караткевіча, вучэбныя дапаможнікі... Каб набыць тое самае ў крамах, давялося б патраціць больш часу і грошай, а на Мінскай кніжнай выстаўцы заўжды хапае цікавых навінак».

Пенсіянерка Галіна Трафімава гаворыць, што прыйшла мэтанакіравана «на Рэзніка», які прадстаўляў сваю новую дзіцячую кнігу «Цяпа не хоча быць клоўнам», але пасля сустрэчы з любімым паэтам-песеннікам зацікавілася наступнай прэзентацыяй, паслухала яшчэ музычную праграму ад дэлегацыі Казахстана, абышла стэнды выдавецтваў з розных краін — і не пашкадавала: «Набыла сабе кнігу пра айца Іаана Крэсцьянкіна, нават не ўтрымалася, колькі старонак «праглынула» тут жа, седзячы за столікам, а ўнучцы купіла дапаможнік па ментальнай арыфметыцы, ведаю, што дзеці даўно такі шукалі».

Пагаджаюцца з тым, што хапае на што паглядзець і што пачытаць, і самі ўдзельнікі выстаўкі. Так, прадстаўнікі расійскага выдавецтва «Маладая гвардыя», якое пасля заключэння прамога дагавора з «Белкнігай» атрымала магчымасць рэалізаваць у нашай краіне свае выданні наўпрост (а значыць, зрабіць іх больш даступнымі для чытачоў), не толькі адзначылі высокую цікавасць беларусаў да сваіх кніг і аўтараў, але, у сваю чаргу, былі прыемна ўражаныя некаторымі беларускімі выдавецкімі праектамі і нагледзелі для сябе новых патэнцыйных беларускіх аўтараў. Наогул жа на стэндзе Расійскай Федэрацыі, якая стала цэнтральным экспанентам выстаўкі, урад Масквы прадставіў больш як 500 найменняў кніг і новыя творчыя праекты.

«Сёлета выстаўка стала рэкорднай як па колькасці праведзеных у межах форуму мерапрыемстваў, так і па колькасці наведвальнікаў — больш чым 61 тысяча чалавек, і прадстаўнікоў краін-удзельніц, іх 37, прычым упершыню прадставілі свае асобныя стэнды Азербайджан, Украіна, Казахстан, Ізраіль, Польшча, Грэцыя і Кітай. У рабоце ММКВК узяў удзел 441 экспанент, з іх 164 замежныя», — рэзюмаваў старшыня Савета кніжных выставак і кірмашоў, што ладзяцца ў дзяржавах — удзельніцах СНД, генеральны дырэктар выдавецкага і кнігагандлёвага ТАА «Макбел» Дзмітрый Макараў. Дыпломы арганізатараў атрымалі, дарэчы, выдавецтва «Аверсэв» — за найлепшую тэматычную экспазіцыю, а таксама Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа.

Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі адзначыў, што межы выставачнага павільёна ўжо відавочна сталі цесныя для такога маштабнага форуму, а таму цалкам правільна, што ён праходзіў сёлета на розных пляцоўках: «Усе гэтыя творчыя сустрэчы, насычаныя і цікавыя дыскусіі, я спадзяюся, паслужаць таму, каб наша наступная выстаўка была яшчэ больш маштабнай і напоўненай разнастайнымі мерапрыемствамі».

ХХVІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш стала часткай гісторыі, але мы чакаем старых і новых удзельнікаў праз год, і незалежна ад таго, хто прыедзе першы, а хто дваццаць сёмы раз, у Мінску гасцям заўжды рады і з задавальненнем прымуць новых аўтараў, выдаўцоў і новыя добрыя кнігі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Андрэя САЗОНАВА і Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.