Вы тут

У Мінск прыбудзе Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі


Цяпер дыпламатычная місія гэтай краіны прадстаўлена ў Беларусі часовым павераным. Чакаецца, што падзея надасць новае дыханне ўзаемадзеянню дзвюх краін. Тым больш, развівацца ёсць куды. Кропак для росту досыць — гэта культура, мастацтва, турызм. Асабліва перспектыўнымі падчас сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры
дыпламат Хірокі Такунага назваў эканоміку, бізнес, сферу ІT і высокіх тэхналогій.


Ад аўтазапчастак да транспланталогіі

Тавараабарот дзвюх краін летась склаў 49 мільёнаў долараў. Японія пастаўляе ў Беларусь у асноўным абсталяванне — аўтамабільныя запчасткі, шыны, аптавалакно. Асноўныя складнікі беларускага экспарту —  калійныя ўгнаенні, медыцынскае абсталяванне, алюміній. Але, на жаль, айчынныя тавары амаль невядомыя ў Японіі.

— Мне б хацелася, каб Беларусь скарысталася магчымасцю прадставіць для Японіі і іншых азіяцкіх краін свае тавары і паслугі на сусветнай выстаўцы «Экспа-2025», — адзначыў Хірокі Такунага, паведаміўшы, што форум пройдзе ў горадзе Осака.

Цікавымі з'яўляюцца і інвестыцыйныя праекты. Пасол упэўнены: калі японскія бізнесмены на ўласныя вочы ўбачаць Беларусь, яны скарыстаюцца магчымасцю рэалізоўваць сумесныя праекты. Інтарэс для японскіх прадпрымальнікаў уяўляюць кампанія БелАЗ і Беларускі металургічны завод.

Хірокі Такунага звярнуў увагу, што ў Японіі вядомы высокі ўзровень беларускай медыцыны. Некаторыя японцы звяртаюцца ў нашы медцэнтры па дапамогу, напрыклад, для трансплантацыі печані.

Супрацоўнічае Японія з Беларуссю па праграме «Карані травы», асноўная мэта якой — дапамога людзям, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС. У асноўным, праекты ў рамках гэтай праграмы датычацца рамонту і закупкі тэхнікі для школ і медыцынскага абсталявання.

Культура і традыцыі

На будучым тыдні выкладчык Беларускай дзяржаўнай гімназіі-каледжа Клара Малышава будзе ўзнагароджана ордэнам Узыходзячага сонца за значны ўнёсак у выхаванне японскіх артыстаў балета. Гэта адзін з самых старажытных ордэнаў Японіі. На працягу многіх гадоў Клара Малышава курыравала адукацыю японскіх студэнтаў, сярод якіх былі будучыя прафесіянальныя артысты балета, кіраўнікі студый. Сёння студэнты харэаграфічнай гімназіі складаюць больш за 10 % ад агульнай колькасці японскіх грамадзян, якія пражываюць у Беларусі.

Сёлета Японію чакае значная культурная падзея — узыходжанне на прастол новага імператара. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрошаны на святочную цырымонію.

Як зацікавіць турыстаў?

Па словах спецыялістаў, асаблівы паказчык высокага ўзроўню турыстычнай сферы любой краіны — наяўнасць там японскіх вандроўнікаў.

Павышэнню колькасці ўзаемных візітаў паспрыяла спрашчэнне атрымання японскай візы і бязвізавы рэжым у Беларусі. Па звестках на 2017 год, нашу краіну наведала больш за 620 японцаў.

— Я стараюся прыкладаць намаганні (для папулярызацыі Беларусі. — Аўт.) са свайго боку. Важна, каб беларускія дыпламаты, прадстаўнікі бізнесу і студэнты па абмену таксама прыцягвалі ўвагу японцаў да прыгажосці сваёй краіны, — сказаў пасол. — Пры гэтым Беларусі неабходна ўзмацніць турыстычную інфраструктуру ў такіх момантах як транспартныя паслугі і пражыванне ў рэгіёнах. Таксама японскім турыстам было б зручней, калі б больш выкарыстоўвалася англійская мова.

Звязваюць Беларусь і Японію важныя спартыўныя падзеі. На Еўрапейскіх гульнях у Мінску ў некаторых відах спорту будуць разыграны пуцёўкі на Алімпіяду ў Токіа ў 2020 годзе. Цяпер сталіца Японіі актыўна рыхтуецца да галоўнай спартыўнай падзеі.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Ці зацвіце сакура ў Беларусі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».