Вы тут

Беларуская птушка заваёўвае кітайскі рынак


Беларускі экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання летась узрос на 5,3 % у параўнанні з 2017 годам і склаў 5235 мільёнаў долараў ЗША.


Мінулы год быў удалым для вытворцаў мясных прадуктаў (цэны былі вышэйшымі за пазалеташнія) і больш складаным для «малочнікаў». Але, як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей БАГДАНАЎ, гэта не перашкодзіла мясной і малочнай прадукцыі прынесці краіне больш за тры мільярды долараў.

Галоўным спажыўцом застаецца наша ўсходняя суседка: у 2018 годзе ў Расію пастаўлена 79 % беларускіх сыравіны і прадуктаў, што ўсё ж на 6,3 % менш, чым у папярэднім.

Аграпрамысловы комплекс дыверсіфікуе экспарт, захоўвае стратэгічныя пазіцыі і набывае новых прыхільнікаў. «Беларускае», а значыць, «якаснае». Гэты факт пацверджаны чэргамі ў замежных крамах і пустымі складамі ў Беларусі, але ён жа дадае і адказнасці прамыслоўцам.

Летась беларускія аграрыі гандлявалі на рынках 95 краін свету. Заклік «Купляйце беларускае!» дарэчны нават у Кітаі. Сёння 51 малочнае прадпрыемства, два мясакамбінаты і пяць птушкафабрык маюць сертыфікаты на экспарт у КНР.

Аляксей Багданаў падкрэсліў, што гэта заслуга кіраўніцтва краіны, вытворцаў і перапрацоўшчыкаў, а таксама эканамічных кірункаў абедзвюх краін. Бо ў той час, як Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні экспарту, Кітай імкнецца да пашырэння імпарту.

Пастаўкі ў Кітай у 2018 годзе павялічыліся ў 4,4 раза і склалі 82,4 мільёна долараў ЗША. «Малочных» у гэтай суме — 60,5 мільёна (186,5 тысячы тон). Такім чынам, экспарт малочнай прадукцыі ў грашовым выражэнні ўзрос у дзевяць разоў, а ў натуральным — у 13. Сярод дасягненняў мінулага года Аляксей Багданаў назваў і старт паставак мяса птушкі. Стратэгічная задача — сертыфікацыя на права паставак субпрадуктаў, якія карыстаюцца поспехам у Кітаі.

У краіны Афрыкі пастаўлена прадукцыі ў пяць разоў больш (8,7 мільёна долараў), дзвюх Амерык — на 48 % (9,1 мільёна). Асноўныя спажыўцы — ЗША і Венесуэла. Усяго экспарт у краіны далёкага замежжа ў мінулым годзе ўзрос на 66,7 % і склаў 519 мільёнаў долараў, у краіны Азіі і Акеаніі — у 2,2 раза (151,4 мільёна долараў).

Здаецца, прасцей і зручней арыентавацца на еўрапейскі рынак, але, калі мытная пошліна, напрыклад, на малочную прадукцыю, складае 50 %, зручнасць гэта неапраўданая. Разам з тым экспарт у краіны ЕС летась узрос на 66,6 % і склаў 233,5 мільёна долараў ЗША.

Беларусь мае намер наладзіць яшчэ больш сур'ёзнае супрацоўніцтва з краінамі СНД, Азіі і Акеаніі, Персідскага заліва, Афрыкі, ЕС і Амерыкі.

У міністэрстве сёлета ставяць мэту павялічыць экспарт да 5,7 мільярда долараў ЗША. У прыватнасці, на расійскі рынак плануецца паставіць 3710 тысяч тон малака і малочнай прадукцыі, 320 тысяч тон мяса і мясной прадукцыі.

Да таго ж Беларусь настойліва прапануе пазбавіцца ад прадукцыі з заменнікамі малочнага тлушчу ва ўзаемным гандлі Саюзнай дзяржавы. Наяўнасць «пальмавага» тлушчу ці сапраўднага — гэта пытанне даверу, а на ім заснаваны выбар пакупнікоў. Малако павінна быць «сумленным», упэўнены Аляксей Багданаў.

Акцэнт у АПК робіцца не толькі на павелічэнні аб'ёмаў, але і на вытворчасці тавараў з максімальнай дабаўленай вартасцю. Як паведаміў Аляксей Багданаў, пакуль што надвор'е дазваляе спадзявацца на добры ўраджай, а значыць, і на лепшую кармавую базу. І калі ўсё пойдзе па плане, Беларусь здолее павялічыць прысутнасць на рынках і бліжніх суседзяў, і далёкіх сяброў.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.