Вы тут

Тэорыя адноснасці, або Аб тым, што доктар прапісаў


Шмат сяброў — не бывае. Любімых кніг — таксама.  Трэба «...Цёркіна» перачытаць. Гэта ж як там?


Смерть есть смерть. Ее прихода

Все мы ждем по старине.

А в какое время года

Легче гибнуть на войне?

Актуальнае пытанне. Як і адказ:

...Если горько гибнуть летом,

Если осенью — не мед,

Если в зиму дрожь берет,

То весной, друзья, от этой

Подлой штуки — душу рвет.

А калі дадаць яшчэ, што тая вясна была пераможнай (!), што немцаў — пагналі і гэта ўжо беззваротна, што зараз жыць бы ды жыць, нешта сеяць, падымаць дзяцей...

Іх у таго партызана было пяцёра — чацвёра сынкоў і трохмесячная дачка. «Беражы іх», — жонцы сказаў, і гэта былі яго апошнія словы.

Цяжка даліся. А ўжо ёй наказ... Голад, вайна, падмогі ніякай — ні ад дзяржавы, ні ад радні. Да ўсяго тое найменшае дзіця — хворае і ніколі, кажуць, не будзе хадзіць...

Хапіла матулі напоўніцу. Ела — не ела, спала — не спала, але ж цягнула свой воз — нават не могучы: вельмі балела сэрца. І яно б трэба, здавалася, на нешта адважыцца, некуды ісці — шукаць паратунку. А дзе? Ну, здасца яна, ну, паедзе да дактароў. А далей што? У бальніцу ж не ляжаш — дзеці. Лекаў купіць таксама няма за што...

Вось нікуды і не ездзіла.

На вуліцы неяк сустрэла доктара, проста так, «для парадку», спытала, можа, параіць ёй што — ад сэрца?

Той бяду яе ведаў, трохі падумаў і пачаў здалёк:

— Вось у цябе, — сказаў, — ёсць суседзі — і справа, і злева. Першы — той досыць добра жыве, яго дзеці шмат чаго маюць. А вось другі, той, што злева, — гаротнік. У параўнанні з ім нават вы багацеі! Я праўду кажу?

— Праўду...

— Дык вось што нараю: ты старайся менш глядзець направа, на тое, як жыве багацейшы сусед. Глядзі — як бедны... Тады і сэрцу будзе лягчэй.

Не сказаць, што ўдава адразу тым словам паверыла, але ж неяк павесялела, а потым — паспрабавала, і ёй, як ні дзіўна, дапамагло! Хоць на шостым годзе жыцця ды стала хадзіць дачушка, выжылі і сынкі! Усе пяцёра яе дзяцей змалку працавалі і добра вучыліся ў школе, атрымалі вышэйшую адукацыю — выйшлі ў людзі. І — галоўнае — сярод іх засталіся, ніколі не зайздросцілі чужому багаццю, дзяліліся, хай апошнім, сваім: помнілі тое, што «доктар прапісаў».

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.