Вы тут

Нейрахірург Арнольд Смеяновіч: Думай пра добрае


Ёсць шчаслівыя людзі сярод нас... Яны і ў 80 жывуць,  захапляючыся ўсім, што пашырае свядомасць, прымнажае радасць. І людзьмі ў тым ліку захапляюцца. Такі Арнольд Смеяновіч, таленавіты нейрахірург-аптыміст. Пазітыўнае стаўленне да жыцця ў яго пругкае, заразлівае настолькі, што пасля зносін з ім яшчэ раз сабе скажаш: і сапраўды, мы ў гэты свет прыходзім — для радасці.


З давалася б, ну што такога новага можна пабачыць у сваёй працы, якой аддаў 58 гадоў жыцця? Хворыя людзі, аперацыі, вучні, цякучка... Ды і ў самім жыцці ўжо многа чаго ўбачана, перажыта... Тым не менш цікавасць да яго ў Смеяновіча — свежая, непадробная. Можа, таму, меркавалі мы спачатку, што мае Арнольд Фёдаравіч справу з такім неспазнаным цудам, як мозг чалавека? Задалі пытанне суразмоўніку, ці знайшоў ён ключ да таямніцы мозга, а ён і не здзівіўся нават: маўляў, вашыя калегі не раз пра тое пыталіся.

— І сапраўды, гэта цуд! — адказаў. — Ключом, каб адкрыць яго таямніцу, я не валодаю, хоць і бачу амаль штодзень. Мозг — найвялікшая таямніца за сямю пячаткамі. Прычым не шэрае гэта рэчыва, як часам кажуць: ён — далікатна-крэмавага колеру, вельмі прыгожы. Магу толькі захапляцца прыродай, творцам, які яго стварыў.

І далей разважаў:

— Мозг — велізарны банк ведаў. Сусветная энцыклапедыя. Як усё ў ім працуе? Таямніца... На любы сігнал ад нерва, вачэй, вушэй у ім ствараецца «карцінка». Але як мы адрозніваем, што вунь, за акном (ківае ў бок акна) кошка сядзіць пад ружамі, а гэта вось мой рабочы стол, а пад шклом — фотаздымак бацькі, паглядзіце! Афіцэр Фёдар Смеяновіч. Загінуў у 1943-м, быў начальнікам штаба дэсантнай брыгады... Там, побач са здымкам, выслоўі вялікіх розумаў: я афарызмы часам выразаю для сябе... А вось на сцяне партрэт майго настаўніка Эфраіма Злотніка, з якога пачалося маё ўваходжанне ў нейрахірургію... Ну а гэта вы, мае госці... Неверагодна! Адно ведаю: мозг — вельмі магутная машына, ён мацнейшы за любы суперкамп'ютар! І як ён так хутка «круціцца» — не разумею! Адкуль у ім думкі бяруцца? Тэорыі, гіпотэзы, адкрыцці... Я часта прыводжу прыклады для тых, каго цікавяць таямніцы мозга. Лаўрэат дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР хірург Война-Ясянецкі, ён жа архіепіскап Лука, гаварыў: «Роля мозга зводзіцца да выдачы паведамлення» — і параўноўваў яго з тэлефоннай станцыяй. (Дарэчы, родавыя карані ў таго знакамітага хірурга і святара былі з Беларусі. — Аўт.) І акадэмік Наталля Бехцерава лічыла, што мозг чалавека здольны ствараць толькі найпрасцейшыя думкі, ён нічога не дадае да таго, што атрымлівае. А Джон Эклс, нобелеўскі лаўрэат па фізіялогіі ды медыцыне, наогул лічыў: мозг думкі не «вырабляе», а толькі ўспрымае іх звонку...

Цікава? Нам вельмі цікава было тую міні-лекцыю слухаць. І нават не факты здзіўлялі, а імпэт нашага візаві. Уражвала яго дапытлівасць, неабыякавасць, бо такое ж нячаста сустрэнеш у такім паважным узросте.

Удумацца толькі: за 58 гадоў практыкі Арнольд Фёдаравіч ажыццявіў аперацыі на мозгу каля 10 000 пацыентаў. І напэўна, калі яны прыходзілі ў сябе з надзеяй, што ўсё дрэннае засталося ў мінулым, доктар Смеяновіч чытаў радасць у іх вачах. І казаў: радуйцеся кожнай хвіліне — цяпер вы можаце не хвалявацца... Ён і сам кожны раз радуецца, калі ёсць станоўчы вынік у найскладанейшых аперацый, якіх за год праводзіць, як правіла, каля 250. Дарэчы, нікому, хто звяртаецца да яго па дапамогу, прызнаўся, не адмаўляе.

Арнольд Смеяновіч — гэта цэлая эпоха ў нейрахірургіі, як кажуць у падобных выпадках. Ды сам аксакал, праўда, ад такога параўнання адмахваецца. Усё прасцей, кажа. Ну, працуе ў медыцыне з 1963 года. Прычым яшчэ ў Дрыбінскай сельскай бальніцы, куды разам з жонкай Тамарай Іванаўнай пасля Мінскага медінстытута размеркаваўся, усвядоміў, як трэба трымаць клятву Гіпакрата. І што гэта за стан душы такі, калі ты вельмі неабходны людзям, якія забыліся пра радасць жыцця з-за праблем са здароўем. І падтрымаць іх трэба, і ўпэўненасць усяліць ва ўдалым зыходзе аперацыі, і мець мужнасць прыняць жорсткую рэальнасць, боль і слёзы, калі ты не змог, як ні стараўся, апраўдаць чужыя надзеі...

Досвед працы ў сельскай бальніцы на Магілёўшчыне, лічыць Арнольд Смеяновіч, незаменны, і людзей, якім там за тры гады спатрэбіўся, было вельмі шмат. А дарогу жыцця ён прайшоў вялікую, і не заўсёды, вядома, усё на ёй было лёгка і проста. І душа, здаралася, балела, і здавалася часам: жыццё рушыцца... Але і тое праходзіла, як бывае ў жыцці, калі за паласой крыўдаў і расчараванняў надыходзіць момант, калі ўсё ладзіцца. Важнае адкрыццё такое ён зрабіў яшчэ ў маладосці. А потым, назіраючы рытмы жыцця ў фармаце «плюс-мінус», навучыўся пераносіць яго цяжкасці. Відаць, таму ў спакойным, дабрадушным абліччы Арнольда Фёдаравіча глыбінны мацярык ягонай радасці праглядаецца.

З біяграфіі.

Арнольд Смеяновіч — прафесар, загадчык нейрахірургічнага аддзела ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры неўралогіі і нейрахірургіі.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, заслужаны дзеяч навукі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Ганаровы член Асацыяцыі нейрахірургаў Расіі. У 1997—2005 гадах быў дырэктарам НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Аўтар 25 вынаходак і патэнтаў, мае больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. Сярод шматлікіх узнагарод ёсць і ордэн Айчыны ІІІ ступені.

Да гэтага дня высокае майстэрства гэтага нейрахірурга ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры неўралогіі і нейрахірургіі, абсталяваным самай сучаснай апаратурай еўрапейскага ўзроўню, — запатрабаванае. Практычна ніводная складаная аперацыя на мозгу без прафесара Смеяновіча не абыходзіцца. І праца яго па заслугах ацэнена.

І дзеці ў іх з Тамарай Іванаўнай — медыкі. Сын, Віталь Арнольдавіч, ужо таксама вядомы нейрахірург, загадвае аддзяленнем нейрахірургіі і неўралогіі № 1 ў РНПЦ. А дачка Вольга — стаматолаг, на кіраўнічай пасадзе. І каштоўныя складнікі сямейнага шчасця — трое ўнукаў і ўнучка — радуюць дзядулю і бабулю. Больш за тое: старэйшы, Стас, вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце. І нават праўнучка ўжо сямейны клан упрыгожыла.

Чамусьці мы (потым разважалі) забыліся распытаць у Арнольда Фёдаравіча: можа, чытаў і ён кнігу пра дзяўчынку Паліяну, гераіню аднайменнага амерыканскага бестселера Элінор Портэр? Любімай гульнёй Паліяны, што б у жыцці ні здаралася, была «гульня ў радасць». Вось такім універсальным «гаджэтам» яна карысталася, каб адчуваць сябе шчаслівай.

Фота: sb.by

Зрэшты, адна справа — чытаць, іншая — зрабіць філасофію радасці мелодыяй свайго жыцця... Выказвалі версіі: адкуль у гэтым чалавеку столькі цікавасці да жыцця, столькі пазітыву? Зноў гены? І прыйшлі да высновы: пэўна ж, такім ён нарадзіўся на сваёй Пухавіччыне... Бо і сам пацвярджае: пазітыўнае стаўленне да жыцця ў яго — ад сям'і, ад мамы, Галіны Лукінічны, добрай і мудрай. Усё будзе добра, гаворыць ён, толькі пры ўмове, калі ты будзеш думаць пра добрае. Чым больш чалавек незадаволены жыццём, чым больш думае пра дрэннае — тым болей шанцаў, што такім ягонае жыццё і будзе. Таму лепш старацца радавацца, а не мучыцца. А яшчэ — дабро людзям рабіць. І не сумнявацца, што жыццё — гэта падарунак Творцы.

Можа, у гэтым і ёсць: таямніца радасці? Мозга? Быцця?..

Дарэчы, самому Арнольду Смеяновічу пашчасціла застацца ў жывых тады, калі, здавалася, гэта было немагчыма. Ішла Вялікая Айчынная вайна. У акупаванай немцамі вёсцы Пухавічы стаяла шмат ваеннай тэхнікі. Арыку было тады шэсць гадоў, калі з сябруком з суседняе хаты яны вырашылі пракаціцца на прычэпе ваеннай машыны. Ды, падбягаючы, зачапіўся хлапчук за нешта, не разлічыўшы сілы, і ўпаў — проста пад колы. Яго колам адразу і пераехала. Выратаваў Арыка нямецкі лекар-хірург. Вось тады — Арнольд Фёдаравіч добра памятае — бабуля і напрарочыла: быць табе хірургам, калі цябе хірург выратаваў. А ён жа — лётчыкам стаць марыў. Аднак долю сваю, як кажуць беларусы, на кані не аб'едзеш: на медкамісіі зрок падвёў — і лінія лёсу прывяла яго ў хірургі.

І яшчэ, згадвае Арнольд Фёдаравіч, быў з ім у дзяцінстве другі, таксама смяротна небяспечны выпадак. У Пухавічах да вайны жыло шмат яўрэйскіх сем'яў. Калі ж прыйшлі гітлераўцы, то яўрэяў паўсюль вынішчалі. Аднойчы і пухавіцкіх сагналі ды павялі па вуліцы, а бабуля з унукам Арыкам выскачылі з хаты — паглядзець, што там робіцца. Дык іх таксама немцы загналі ў натоўп: бабуля ж і ўнук былі смуглыя. Пэўна, не абмінуць бы ім расстрэлу, калі б не жанчыны, якія стаялі побач. Яны і выцягнулі Арнольда з бабуляй з натоўпу. А бядотнікаў тых усіх, як потым чутка пайшла, расстралялі. Вось так і распарадзіўся лёс Арнольда Смеяновіча: жывым яму быць — і ратаваць іншых ад смерці. Што ён і робіць. Паколькі ведае: жыццё нам дадзена — для радасці. І тое ўвасабляе. А радасць высвечваецца ў яго мімічных зморшчынах вакол вачэй. І ў хуткай, зацікаўленай рэакцыі на любое пытанне. І ў шчырых адказах, якія могуць гучаць зусім па-дзіцячы, адкрыта: «Ды я не ведаю» ці «А хто ж яго ведае»...

Ён быў з намі ўвесь з сябе — вельмі натуральны, сапраўдны. Не спрабаваў выглядаць, здавацца нейкім іншым, чым ёсць. Таму, як нам падаецца, і не можа ён не падабацца. Ужо адной прысутнасцю сваёй гэты Доктар — лечыць. Як моцны генератар здаровай энергетыкі.

Валянціна Ждановіч, Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».