Вы тут

Як нараджаецца шкляная бутэлька?


Прэзідэнт Беларусі прапанаваў паступова адмаўляцца ад пластыкавай упакоўкі і пераходзіць на шкло. Пакуль толькі гэты матэрыял можна перапрацоўваць бясконца. «Звязда» «падгледзела» за працай Гродзенскага шклозавода і даведалася, як са старых бутэлек, што мы выкідаем у сіні кантэйнер альбо здаём у пункты прыёму, робяцца новыя.


Большая частка гэтай прадукцыі зроблена са шклабою.

Ці ведалі вы, што кожны з нас сёння прымае ўдзел у стварэнні новай бутэлькі, таму што большая яе частка складаецца са шклабою (60 %) — тых самых бутэлек і слоікаў, якія мы здаём на перапрацоўку. Начальнік састаўнога цэха шклозавода Міхаіл Паўлюкевіч падкрэслівае: за чатыры гады на прадпрыемстве пачалі выкарыстоўваць амаль у тры разы больш шклабою, яшчэ ў 2014 годзе ў новы прадукт яго дадавалі ўсяго каля 15—25 %.

— Раней мы столькі шкла не збіралі. А вось як пачалі заварваць смеццеправоды, паставілі спецыяльныя кантэйнеры, — вязуць да нас яго і вагонамі, і машынамі з усёй краіны, — адзначыў спецыяліст. — Вельмі шмат прыносяць таксама прыёмныя пункты.

Пра тое, што беларусы сапраўды пачалі лепш сартаваць шкло, гавораць і ў дзяржаўнай установе «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Паводле іх даных, у 2012 годзе было сабрана 59,1 тысячы тон сыравіны, а ў 2017-м ужо 181,3 тысячы тон — на 207 % больш. І з кожным годам лічба расце. Для параўнання: за 2018 год здалі на перапрацоўку ўжо 189,5 тысячы тон, розніца з мінулым годам складае 4,5 %.

На прадпрыемстве плануюць дасягнуць еўрапейскіх паказчыкаў і выкарыстоўваць 90 % шклабою. Але пакуль для гэтага на заводзе не хапае тэхнічных магчымасцяў.

— Нам ёсць да чаго імкнуцца, — гаворыць начальнік участка пракатнага цэха Дзмітрый Амельяновіч. — Хоць зрабіць новую бутэльку на сто працэнтаў са шклабою нельга: яна проста не «зварыцца». Абавязкова трэба дадаць шыхту — сумесь з пяску, соды і шчэбню.

Насамрэч, калі прыгледзецца, то выраб шкляной тары не вельмі адрозніваецца ад выпечкі той жа булкі — з-за падобнай паслядоўнасці дзеянняў. Спачатку трэба падрыхтаваць інгрэдыенты — на шклозаводзе ўсе яны захоўваюцца ў састаўным цэху.

— На першым паверсе сыравіна апрацоўваецца: сушыцца і крышыцца. Затым яна прасейваецца на другім паверсе і паступае ў спецыяльныя бункеры, дзе ўсе кампаненты ўзважваюцца, змешваюцца і пасля пры дапамозе загрузчыкаў ідуць у печ, — расказаў Міхаіл Паўлюкевіч. — Працэс аўтаматычны, але ўсё, што адбываецца, кантралюе састаўшчык шыхты.

Пясок для светлых бутэлек прыязджае на Гродзенскі шклозавод з Гомельскай вобласці, для цёмных — з Мікашэвіч і Брэста. Шчэбень прывозяць з Віцебска, а шклабой збіраюць з усёй краіны. Самы дарагі інгрэдыент для прадпрыемства — кальцыніраваная сода. Яе ў Беларусі няма, таму дастаўляюць з Расіі.

— Шклабой мы робім самі. Гэта для нас больш выгадна, чым закупляць гатовы. Памер шкляной крупы не павінен перавышаць 20—25 міліметраў — калі будзе больш ці менш, то заб'юцца рэгенератары, — расказвае спецыяліст. — Таксама мы набылі магнітныя сепаратары, якія прыцягваюць чорныя і каляровыя металы — апошнія здаём на перапрацоўку.

На прадпрыемстве шклабой робяць самі.

Пасля таго як усе інгрэдыенты перамешваюцца, іх адпраўляюць у печ з тэмпературай 1500 градусаў. Там яны расплаўляюцца ў шкламасу і пераходзяць у кропельны сілкавальнік. Сваю форму будучая бутэлька атрымлівае ў шклофармавальнай машыне пры дапамозе метаду двайнога выдзімання. А трываласць — у печы абпалу, дзе яе паступова ахалоджваюць. На якасць гатовую тару правяраюць інспекцыйнай машынай і візуальным аглядам.

Калі разам са шклянымі бутэлькамі і слоікамі ў сіні кантэйнер для адходаў трапіць, напрыклад, аконнае шкло — новы прадукт можа і не атрымацца. На прадпрыемстве гавораць, што такіх «чужынцаў» дапускаецца не больш за 5 %. І ў асноўным яны адсейваюцца яшчэ на стадыі прыёму. Аднак як толькі лішні інгрэдыент «праскоквае», уся партыя адбракоўваецца. Дарэчы, і такой некандыцыі даюць шанец на другое жыццё: яе выкарыстоўваюць у якасці шклабою для наступнай партыі бутэлек.

На шклозаводзе падкрэсліваюць, што яны «рукамі і нагамі за» ідэю Прэзідэнта пра пераход на шкляную тару. Аднак пакуль беларускія вытворцы могуць пакрыць толькі палову патрэбнасцяў рынку ў шкляной тары.

Кацярына ЦІТОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.