Вы тут

Як 12-гадовая дзяўчынка з Міншчыны аднаўляецца пасля найцяжэйшага ДТЗ


Трэба не адчайвацца, а шукаць у сабе сілы, упэўнены яе родныя

Тры гады таму 9-гадовую Кацю Іванову, якая вярталася са школы з суседняй вёскі Крупіца Мінскага раёна, збіў аўтамабіль. Кома, клінічная смерць, сем аперацый, у тым ліку выдаленая нырка, і пагроза ампутацыі нагі — і ніякіх прагнозаў на будучыню. Аднак гэта гісторыя не пра жыццёвую несправядлівасць і адчай, якіх тут таксама хапіла, а пра надзею, стойкасць і перамогу над самім лёсам. Каця не толькі выйшла з комы, але і насуперак дыягназам нанова навучылася хадзіць, размаўляць, чытаць і пісаць і нават вярнулася да вучобы...


Марына Коўчур, мама Каці, сустракае нас каля дома ў вёсцы Самуэлева, Каця весела махае рукой праз акно. Стары барак — частка былой панскай сядзібы. Пакоі ў ім атрымаў муж Марыны ад мясцовага ААТ «Рапс», дзе ён працуе. Вось ужо некалькі гадоў сям'я, калі з'яўляюцца вольныя сродкі, робіць рамонт. Пакуль удалося замяніць пячное ацяпленне на паравое (дым з печы асядаў у лёгкіх, што для Каці супрацьпаказана), вокны і дзверы, а таксама абсталяваць душ і прыбіральню. Наперадзе яшчэ шмат работ, але асноўнае, на што ідзе ўвесь невялікі бюджэт сям'і, — аднаўленне Каці.

Тры месяцы комы

Той дзень, 21 верасня 2015 года, Марына Коўчур памятае ва ўсіх яго жудасных падрабязнасцях.

— Каця з сябрамі вярталася са школы з суседняй вёскі Крупіца. Аўтобус спыніўся, выйшла пяць-шэсць чалавек — школьнікі і двое дарослых. Сталі пераходзіць дарогу. Дзяўчынка, якая ішла за руку з Кацяй, інтуітыўна зрабіла крок назад, які выратаваў ёй жыццё, а Каця не паспела... Было дзве гадзіны дня, я толькі прыйшла з працы. Прыбегла Каціна сяброўка: «Цёця Марына, Кацю машына збіла». Мы з мужам паехалі туды. Каця ляжала на дарозе, кроў з носа, вушэй, у яе была дрэнная згусальнасць... А «хуткая» заблудзіла. У выніку прыехала іншая брыгада, на той момант Каця ўжо ўпала ў кому. Давезці яе змаглі толькі да найбліжэйшай бальніцы ў Мінску — хуткай дапамогі, хоць спачатку планавалі даставіць у Бараўляны.

З гэтага моманту на шляху трапляліся неабыякавыя людзі. Медыкі і кіроўца «хуткай» — адны з іх. Па дарозе ў Каці спынілася сэрца, але ўрачам удалося яго запусціць. Пакуль медыкі змагаліся за жыццё дзяўчынкі, кіроўца аб'язджаў спадарожныя машыны па абочынах і газонах — нягледзячы на сігналы, карэту «хуткай» не спяшаліся прапускаць, — а паралельна звязваўся з бальніцай хуткай дапамогі.

— Я чула, як ён прасіў прыняць нас і тлумачыў, што не давязе дзіця да Бараўлян. Я тады не паспела яму нічога сказаць, але і сёння вельмі ўдзячная гэтаму чалавеку за неабыякавасць, — кажа Марына Коўчур.

У бальніцы хуткай дапамогі Кацю чакалі чатыры брыгады медыкаў і неадкладныя аперацыі. Дзяўчынцы выдалілі правую нырку, у яе дыягнаставалі разрыў печані і моцнае ўнутранае кровацячэнне, пералом асновы чэрапа, зрушэнне грудной клеткі, раздрабленне сцягна. На працягу месяца дзяўчынка балансавала на мяжы, толькі калі стан больш-менш стабілізаваўся, з'явілася магчымасць перавезці яе ў профільную медыцынскую ўстанову — РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Але Каця па-ранейшаму была ў коме.

— Мяне толькі аднойчы пусцілі ў рэанімацыю. Нягледзячы на тое, што мая мама настройвала трымаць сябе ў руках, там я змагла прабыць не больш за хвіліну, — успамінае Марына. — Ці давалі прагнозы ўрачы? Аднойчы ў РНПЦ неўралогіі мне сказалі: «З такой траўмай, як у Каці, мужчына-спартсмен пражыве не больш за месяц, а ў вас пайшоў ужо другі...»

Потым былі дзіцячая абласная бальніца ў Бараўлянах, а затым — Беларускі дзіцячы хоспіс. Марына суткамі не адыходзіла ад ложка дачкі. У хоспісе яе навучылі абслугоўваць чалавека ў коме — ставіць катэтары, зонд, карміць праз яго, адпампоўваць макроту — Каця дыхала праз трубку ў горле.

Калі дзяўчынка знаходзілася ў хоспісе, абвастрылася яшчэ адна праблема — з раздробленай правай нагой. У нейкі момант нават паўстала пытанне яе ампутацыі. Марына не пагаджалася. І яе падтрымала дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса Ганна Гарчакова. Яна знайшла хірурга з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, які рызыкнуў зрабіць Каці аперацыю. Андрэй Дземянцоў сабраў нагу літаральна па кавалачках.

— Дзякуючы Андрэю Барысавічу, які дагэтуль нам дапамагае, Каця пачала хадзіць, — кажа жанчына.

Толькі перад Новым годам, больш чым праз тры месяцы пасля здарэння, Кацю прывезлі дадому. І праз пару тыдняў здарыўся літаральна цуд — дзяўчынка выйшла з комы. Але яшчэ амаль год яна не ўставала з ложка. Марына магла адлучыцца ад дачкі толькі ў выключных выпадках — калі, напрыклад, патрабавалася яе прысутнасць на следчым эксперыменце.

Крымінальная справа

Сухія радкі зводкі ДАІ сведчаць, што каля дзвюх гадзін дня 21 верасня 2015 года кіроўца рэйсавага аўтобуса МАЗ высадзіў дзяцей каля павароту на вёску Самуэлева, 9-гадовую дзяўчынку збіў сустрэчны красовер Hоndа С-RV.

Трэба адзначыць, што 66-гадовы кіроўца аўтамабіля пасля заняў своеасаблівую пазіцыю: вінаваціў кіроўцу аўтобуса, дарослых аднасяльчан, якія выйшлі на прыпынку разам з дзецьмі, настаўнікаў і нават бацькоў дзяўчынкі. А сябе называў чалавекам, які выпадкова апынуўся не ў той час не ў тым месцы.

— Калі Каця знаходзілася ў коме ў хоспісе, мне патэлефанаваў следчы і паведаміў, што справа закрытая — няма саставу злачынства. Я толькі і здолела спытаць: «Як? Вы бачылі, у якім стане мая дачка?» — успамінае Марына.

У выніку траўмы прызналі цяжкімі, матэрыялы справы пачаў разглядаць Следчы камітэт. Падчас следчага эксперымента ўстановяць, што кіроўца «хонды» меў тэхнічную магчымасць бачыць дзяцей на ўзбочыне за 11,8 секунды, аднак не прыняў мер для зніжэння хуткасці, а на асфальце не знойдзена слядоў экстраннага тармажэння.

— Да апошняга ён судзіўся з намі, дайшоў да Вярхоўнага Суда, — кажа Марына. — Мы былі настолькі выматаныя, што не хацелі ніякіх кампенсацый, я не магла дачакацца, калі гэтую справу закрыюць.

У чэрвені 2016 года суд прыгаварыў кіроўцу да двух гадоў пазбаўлення волі і абавязаў выплаціць шкоду пацярпелай.

Насуперак дыягназам

Марына і Віталь рабілі ўсё магчымае для таго, каб хоць крыху аблегчыць стан дачкі, якая хоць і прыйшла ў сябе, аднак па-ранейшаму не ўставала з ложка. Прайшлі некалькі курсаў рэабілітацыі ў бальніцы ў Аксакаўшчыне, у абласным дзіцячым цэнтры медыцынскай рэабілітацыі ў Пухавічах і ў Беларускім дзіцячым хоспісе, а паміж імі займаліся з дзяўчынкай дома.

— Пасля першага курса ў Пухавічах я ўбачыла вялікія вынікі: Каця навучылася самастойна поўзаць. А падчас трэцяга курса яна самастойна выйшла з кабінета ЛФК! З таго часу мы стараемся два разы на год пабываць там. Каці распрацоўваюць праграму рэабілітацыі і стараюцца дасягнуць пэўнага выніку. Ці выязджалі за мяжу? Ні разу, бо, на мой погляд, у нас ёсць выдатныя спецыялісты, якія могуць паставіць на ногі, і нам з імі пашчасціла сустрэцца.

Пастаянную падтрымку сям'і аказвае і Беларускі дзіцячы хоспіс. Акрамя рэабілітацыі, Кацю запрашаюць на ўдзел у розных мерапрыемствах і паездках. Летась ёй падарылі, напрыклад, трохдзённую паездку ў Вільнюс.

Каця, дарэчы, камунікабельнасцю і гарэзлівасцю не адрозніваецца ад сваіх равеснікаў. Кантактуе з імі, між іншым, як у сацыяльных сетках, так і ўжывую. Вучыцца, праўда, яна вымушаная дома. І з гатоўнасцю дэманструе нам дзённік, дзе адзнак, ніжэйшых за сямёрку, няма. Раней дзяўчынка не магла пісаць, тэкст набірала на камп'ютары, а сёлета ўдалося вярнуць і гэты навык. З педагогам-дэфектолагам апошнім часам працуе над аднаўленнем мовы, магчыма, і яна з часам вернецца. Урачы ж, якія ведалі Кацю і не давалі спачатку ніякіх прагнозаў, толькі разводзяць рукамі — інакш як цудам гэта не назавеш.

У лістападзе мінулага года Каці зрабілі чарговую аперацыю, дзякуючы чаму зніклі пастаянныя праблемы з носам, а разам з імі і неабходнасць у назальных кроплях. Але наперадзе яшчэ некалькі хірургічных умяшанняў. З нагі трэба дастаць скобы, падчас пластычнай аперацыі на твары быў пашкоджаны нерв, які праз пару гадоў таксама давядзецца аперыраваць. Трэба прызнаць, што пакуль праблемы застаюцца: трэмар (дрыжэнне) рук і ног, а год таму з'явіліся сутаргі, з-за чаго дзяўчынка вымушаная пастаянна прымаць прэпараты. Магчыма, аднаўленне ішло б хутчэй, калі б у Каці быў трэнажор. Аднак вясковая сям'я жыве небагата, на адзіны заробак Віталя. Марына, якая да трагедыі працавала даяркай у ААТ «Рапс», аб працы пакуль не можа і марыць, а невялікая пенсія Каці адразу ідзе на набыццё неабходных лекаў на месяц.

Аднак Марына не акцэнтуе ўвагі на цяжкасцях, а дачку выхоўвае так, быццам бы і няма страшных дыягназаў і інваліднасці. Сям'я стараецца жыць сённяшнім днём і з аптымізмам глядзіць у будучыню. Напэўна, у гэтым і ёсць сакрэт таго, як, сутыкнуўшыся з самай цяжкай сітуацыяй, не адчаяцца, а знайсці ў сабе сілы яе пераадолець.

Р. S. Калі вы хочаце нечым дапамагчы Каці Івановай, можна звязацца з яе маці Марынай па тэлефоне: 8 (029) 739-19-35.

Алена КРАВЕЦ, Мінскі раён

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Другое нараджэнне Каці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».