Вы тут

Бойцеся перастрахоўшчыкаў, якія баяцца, самі не ведаючы чаго


У перапоўненым аўтобусе на месцы для інвалідаў і пасажыраў з дзецьмі ехала вельмі каларытная пара, абое на добрым падпітку. Дзяцюк, які, напэўна, нядаўна выйшаў з месцаў зняволення: пра гэта сведчылі татуіроўкі на ўсіх бачных частках цела, хіба што не на лбе, і напампаваныя вазелінам кулакі (хто «родам» з 90-х, ведае, што гэта такое). Паводзіў ён сябе падкрэслена добразычліва, але ў вачах чыталася: лепш не чапайце. Паненка ў яго была, што называецца, да пары: з надзьмутымі ботаксам вуснамі, пафарбаванымі ў чорны колер валасамі, накладнымі вейкамі. Але ўвесь гэты гламур губляўся за растрапанай прычоскай, юрлівым поглядам і парванымі на калене калготкамі. Дзеўка была п'яная, і па ўсім відаць было, што гэты стан для яе ўжо прывычны, а ботакс і вейкі — гэта з іншага, былога ўжо жыцця.


Я па натуры не ханжа і ўвогуле за свабоду нораваў, але тое, што дэманстратыўна тварылі гэтыя двое ў грамадскім транспарце, прымушала сарамліва адводзіць убок вочы. Здавалася, яшчэ трохі — і ў твар паляціць сарванае ад палкіх пачуццяў адзенне кагосьці з іх. Калі б гэта былі захопленыя адно адным падлеткі, яно б, можа, і глядзелася больш эстэтычна, чым слюнявыя п'яныя пацалункі прадстаўнікоў клуба «каму далёка за трыццаць», дый маладым людзям можна было б проста ласкава зрабіць заўвагу. Тут жа ўсе — а было нас на пярэдняй пляцоўцы чалавек дваццаць пяць, калі не больш, назіралі, бы аблітыя памыямі, і маўчалі. Зразумець кожнага з нас паасобку, пэўна, можна было: ніхто не хацеў нарвацца на «вазелінавыя» кулакі. Але ж як паскудна было на душы ад гэтай уласнай перастрахоўкі — ніякімі словамі вам не перадаць.

Нарэшце адна бабуля, што сядзела насупраць «закаханых», не вытрымала: «Маладыя людзі, вы б ужо дадому даехалі, ці што?» Сказала не абурана, хутчэй жартам, з усмешкай. «Кавалер», які хвілін дзесяць назад гэтай самай бабулі з падкрэсленай ветлівасцю дапамагаў усаджвацца насупраць, вызверыўся: «Сядзі ціхенька, карга старая, калі хочаш жывой да сябе дадому даехаць!» Тут ужо не вытрываў малады мужчына, што стаяў побач, хоць жонка і тузала яго за рукаў. Ён нічога асаблівага не зрабіў, толькі паклаў хаму руку на плячо і ціха прапанаваў выйсці на наступным прыпынку. Той страпянуўся: пайшлі, выйдзем. Я таксама не прамінула падацца на выхад: па-першае, прыпынак быў мой, па-другое, цікава было, чым скончыцца спектакль тэатра нораваў, па-трэцяе (толькі па-трэцяе, прызнаюся шчыра), на экране смартфона ўжо трымала набраным «102», каб, калі што якое, не марудзячы, крычаць у трубку «ратуйце!».

Нічога падобнага рабіць не прыйшлося, бо, апынуўшыся на слізкім прыпынку, парачка пачала хапацца адно за аднаго, каб не паваліцца. Скасавурыўшыся на свайго праціўніка, які хоць і быў не вышэйшы і не мацнейшы за яго, але цвёрда стаяў на нагах і не выказваў ніякага намёку на страх, зэк зухавата схамянуў плячыма і паспяшаўся рэціравацца, цягнучы за сабой сваю абураную «даму»... Станоўчаму герою эпізоду таксама дасталося ад «палавіны» — увесь час, што ішлі да дома, яна яго пілавала: «Табе больш за ўсіх заўсёды трэба, атрымаеш калі-небудзь па галаве!» — «Ну не атрымаў жа! А што, глядзець на ўсё моўчкі, каб пасля самога сябе не паважаць», — супакойваў ён жонку...

Я гэты выпадак, сведкай якога днямі стала, прыгадала пасля ўчарашняй тэлефоннай размовы. Пазваніла ўвечары добрай знаёмай, мы калісьці жылі разам у інтэрнаце, яна скончыла ў свой час хімфак, паехала працаваць у вясковую школу, там і засталася. «Выбачай, няма часу доўга размаўляць, — кінула мне адрывіста ў адказ на прывітанне, — раблю конкурсную работу, макет хімічнай формулы клею». Высветлілася, што робіць яна гэта не ад сябе, а ад нейкага ўмоўнага Васі Пупкіна, вучня дзявятага класа, які будзе ўдзельнічаць у конкурсе ад іхняй школы. «А чаму гэта не робіць сам Вася?» (Лагічнае, пагадзіцеся, пытанне.) — «Ой, Вася ў мяне ледзь з чацвёркі на пяцёрку перабіваецца». — «А чаму тады менавіта яго на конкурс вязеш?» — «А таму што ў іх у класе чатыры чалавекі, усе хлопцы, і Вася самы ўдалы ў вучобе, ён у нас на ўсе алімпіяды ездзіць». — «А навошта тады везці гэтага троечніка Васю на конкурс? Няма ў класе паспяховага вучня, дый няма, школа ж у вас уся пяцьдзясят чалавек, на ўсе алімпіяды ды конкурсы не набярэшся...» — «Павінны ўдзельнічаць ва ўсіх, дырэктар так сказаў, інакш яго пазбавяць прэміі, а ён — нас. Таму і робім многае за вучняў самі». — «Дык гэта ж дурасць поўная і прафанацыя! Адмоўся, ды і ўсё. Ёсць жа аб'ектыўныя прычыны — далёка не ў кожным класе з чатырох чалавек будзе здатны да хіміі вучань!» — «А яно мне што, больш за ўсіх трэба? У такіх школах, як наша, многія настаўнікі так робяць. Нашто каму непрыемнасці?» — «А табе самой ад гэтага не гідка?» — «А я ўжо прывыкла»...

Што агульнага ў гэтых дзвюх гісторыях, спытаеце? Пакуль будзем маўчаць, бачачы хамства, пакуль будзем пакорліва выконваць даручэнні, ведаючы, што з аб'ектыўных прычын у нашым выпадку іх выканаць якасна нельга, што атрымаецца не на карысць справы, а наадварот, але пры гэтым не асмельваючыся пра гэта сказаць, хамы будуць адчуваць сябе гаспадарамі жыцця, а бюракраты весці рэй у многіх важных пачынаннях, зводзячы іх на нішто. Прынцып «абы чаго не выйшла», які моцна засеў у галовах, — вось што робіць нас такімі. А што можа «выйсці»? Чаму мы (прынамсі, большасць з нас) не дапускаем, што хаму пасля нашай заўвагі стане сорамна? Што чыноўнік аднаго асобна ўзятага раёна пасля таго, як вучань са школы не павязе склеены настаўнікам макет ці напісанае настаўнікам сачыненне, перагледзіць патрабаванні да малакамплектных школ і не будзе іх мераць на адзін капыл з гарадскімі гімназіямі, дзе ў адным класе на паралелі вучняў больш, чым ва ўсёй школе?.. І давайце не будзем тут разважаць пра «лад», пра «сістэму». Яны што, перашкаджаюць нам быць прыстойнымі сумленнымі людзьмі? Найперш перад самімі сабой.

«Бойцеся людзей абыякавых», — перасцерагаў калісьці Юліус Фучык. Бойцеся і перастрахоўшчыкаў, якія баяцца, самі не ведаючы чаго, — дапоўнім яго, зыходзячы з сённяшніх нашых рэалій. Наступную фразу пісьменніка пра маўклівую згоду можна пакінуць без змянення.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.