Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Цемната — сяброўка моладзі

Фота infomaniya.com

Так было, так ёсць, так, мусіць, будзе: жанчынам болей трэба, яны больш цікаўныя за мужчын, хоць гэта ім не заўжды на карысць...

Некалі ў вёсках моладзі шмат было, кожны вечар нейкія зборы ў іх, кожную суботу — вечарынкі ў клубе. І добра каб хадзілі толькі хлопцы ды дзеўкі, а то ж і цёткі з бабулямі! Сыдуцца перад пачаткам, пазаймаюць лаўкі ўздоўж сцен і сядзяць сабе, ва ўсе вочы глядзяць ды языкамі плешчуць: у той дзеўкі спадніца закароткая, у той нос задоўгі, той хлопец не так пастрыжаны, а той не ўмее танцаваць... А ўжо калі ён каля дзяўчыны спыніўся ды размову пачаў, калі дадому яе праводзіў, — ледзь не ўслед папаўзуць... Мо нічога такога і не ўбачаць, але ж потым прыдумаюць і гэткіх плётак наплятуць, што не адмыешся!

Найбольшай «мастачкай» тут цётка Дуня была: у яе і не сеянае расло, бо ў маладосці, казалі, чаго не вырабляла! Пад старасць такія заўжды вельмі чэснымі робяцца...

Карацей, бяда ў маладых: асобныя з дзяўчат баяцца ў клуб прыходзіць.

Хлопцы сталі думаць, як жа паламаць гэтую завядзёнку, як адвучыць пляткарак да ранку на танцах сядзець?

Спачатку вырашылі па-людску зрабіць: аб'яўлялі танец спецыяльна для жанчын — польку альбо кракавяк. А пасля яго адразу ж ігралі марш: маўляў, пара вам, каханенькія-родныя, ідзіце дадому, заўтра ж да сонца ўставаць...

Не дапамагло: заморацца цёткі, пакуль танцуюць, засапуцца... І не — каб потым на вуліцу... Зноў на лаўкі пасядуць.

Ну, тады, як той казаў, не будзе Гіршы — будзе чорт іншы. З суседняй вёскі на вечарынкі часцяком прыходзілі хлопцы-забіякі. Іх толькі зачапі... Часам і платы трашчалі, і да крыві даходзіла...

У той раз бойку надумалі разыграць. Па сігнале: музыка сціхла, у калідоры нейкі вэрхал усчаўся.

— Вой, у каго ж гэта кулакі свярбяць? — падхапілася з лаўкі Дуня, ужо гатовая нос у дзверы ўткнуць.

Толькі падышла да іх, як раптам хліп і... хоць ты вока выкалі: святло прапала.

А бойка тым часам «укацілася» ў клуб.

Тут бы жанчынам некуды схавацца. А куды? Не дзеці ж — пад лаўкі не палезеш. Верашчаць яны... А хлопцам толькі гэтага і трэба: па голасе пазнавалі, дзе і каторая... Дуні, беднай, найбольш «уляцела». І раптам...

Як пачалася тая бойка, так і скончылася: усё сціхла, у клубе загарэлася святло і амаль нікога там — толькі жанчыны спужаныя.

...З таго вечара на танцах яны рэдка з'яўляліся. А калі і прыходзілі, да ранку не сядзелі, хлопцаў ды дзяўчат не абгаворвалі, плётак не плялі. Во як некалі было!

Як стала? Ці вам казаць? Ні моладзі ў асобных вёсках, ні вечарынак. На жаль.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


А засценак такі застаўся

Фота evroportal.ru

Старая гэта гісторыя, але на маёй малой радзіме помняць яе і дагэтуль.

Вярсты за дзве ад нашай вёскі быў панскі маёнтак Міхаліна. Усяго і выгод там, што рэчка ды лес. А землі бедныя, сенажаці таксама... Былы гаспадар не змог выплачваць падаткі і ўсё прадаў «з малатка». А вось новы стаў трымаць кароў, каб угнойваць палі, сеяць лубін. На рэчцы пабудаваў вадзяны млын, адкрыў бровар: паводле кнігі «Памяць» Пастаўскага раёна, там выраблялася штогод 11 200 вядзёр спірту. Прадаваў ён і лес, і землі, у прыватнасці — аддалены кавалак, дзе стаялі гумны (па-нашаму — такі)...

З часам, пры новай уладзе, іх будынкі разабралі, на месцы такоў шэсць сем'яў пабудавалі хаты. Атрымаўся ладны такі засценак. І з ранейшай назвай — Такі.

Жыхары яго працавалі на зямлі. Адзін да таго ж выпальваў вапну — і сабе, і на продаж, другі, інвалід, умеў рамантаваць абутак, яшчэ адзін вучыў па суседстве дзетак. А яго сын — гарманіст-самавук, іграў на вечарынах у клубе. Карацей, у засценак досыць часта збочвалі людзі — і свае, і чужыя.

Дык вось, аднойчы зімой у вазку і на добрым кані едзе нейкі незнаёмец, пытае ў першай сустрэчнай:

— Які гэта засценак?

— Такі, — адказвае дзяўчына.

— Які гэта такі? — не разумее мужчына.

— Такі.

— Вось я табе зараз пакажу, — схапіў пугу яздок, — як з людзьмі размаўляць!

— Дзядзечка, я ж праўду кажу: засценак — Такі! Я і сама з тых Такоў.

— З Такоў? — дацяміў нарэшце мужчына, але пуга ўжо ўзвілася над канём, і той панёс яго з усіх капытоў...

Цяпер у Таках хат няма: пасля таго, як арганізавалі калгас, людзям далёка стала за кіламетры хадзіць на работу. Вось яны і распрадалі свае будынкі, выехалі ў іншыя вёскі.

А ўрочышча Такі жыве. Дарэчы, у лесе каля яго шмат грыбоў і ягад.

Леанарда Аляшэвіч, г. Смаргонь


Цяжка быць Багамольцам

Фота shkolazhizni.ru

Мой айчым расточку быў невялікага. Яго нават у войска не бралі — у мірны час. А вось калі грымнула вайна, ужо спатрэбіўся, ахоўваў масты ў далёкай Сібіры. За семярых, расказваў, нагаладаўся, а ўжо намёрзся... На ўсё жыццё хапіла! Але ж галоўнае, што ацалеў, жывы дадому вярнуўся, з часам (тады любыя мужчыны ў цане былі) да мамы ў прымы прыйшоў. А вёсцы ж цікава, хто ён такі?

Першае, што людзі заўважылі — дужа набожны (у нас такіх амаль не было), а гэты, бач, ведае і святы, і прысвяткі, трымаецца посту, у нядзелі не працуе... (Ён і праўда з усіх свят толькі Радаўніцу не любіў: казаў, што гэта за дзень такі — зранку шчыруюць, у абед гаруюць, а вечарам песні пяюць.)

Карацей, Якімавіча ў вёсцы празвалі Багамольцам.

Другое, што заўважылі, скнара ён — яшчэ той: снегу зімой не выпрасіш. А ўжо каб выпіў за свае, дык, напэўна б, свет перавярнуўся! «Што — чужая ў ахвотку, а свая ў пякотку?» — падколвалі яго мужчыны.

Я гэта ведаў і неяк уплываць на айчыма, вядома ж, не збіраўся. Само па сабе атрымалася.

...У той год на Вялікдзень былі тры дні выхадныя, так што ў пятніцу пад вечар я ўжо быў дома. Мама хуценька сабрала на стол. Ну і я ж не з пустымі рукамі з горада ехаў: мая на стале гарэлка, значыць, я і наліваю?

Першаму, вядома ж, айчыму.

Ён сваю чарку рукою накрыў і кажа:

— Я піць не буду. Сёння пятніца, вялікі пост, грэх.

Гаворыць так, а вочкі, бачу, блішчаць-блішчаць...

— Ды не, — кажу, — гэта не грэх! За мой прыезд... За сустрэчу... Па адной, маленькай...

Якімавіч урэшце згадзіўся.

Перад другой чаркай зноў крыху пааднекваўся. А потым ужо і не, бо ўсё роўна ж аскароміўся...

Назаўтра я прачнуўся як нічога ніякага, а вось айчым, бедны, не: ён — бачу — сядзіць за сталом, аберуч трымаецца за скроні, кажа, што ў галаве нібы куранят хто вывеў, і яны там пішчаць-пішчаць...

— Саграшыў, — хрысціцца, — даруй, мне, Божа! І ратуй!

— Тут, — кажу, — не Бог дапаможа, тут іншыя лекі трэба.

Наліваю чарку гарэлкі. Якімавіч трохі ўпіраецца, але ж, выпіўшы, прызнае:

— Глядзі ты, сціхлі мае кураняты — мазгі больш не дастаюць...

Яму... А вось мне... Лёг я ўвечары спаць, а заснуць ніяк не магу: светла ў хаце, хоць ты іголкі збірай (не кажучы пра куранят).

— Можа, святло выключым? — пытаю ў айчыма.

— Не, — той кажа, — сёння — грэх: усяночная служба ў цэрквах. Трэба, каб у хаце відно было.

Трэба дык трэба, я цярплю, варочаюся, але ж сон ніяк не бярэ. Пытаю:

— А вы ведаеце, колькі за электрычнасць прыйдзецца плаціць?

— Колькі? — уздрыгвае айчым.

— Ды рублёў з дзесяць, — кажу.

Сцішыўся той, падумаў, а ўрэшце сказаў:

— Ну то я выключу... Нашу лямпачку Бог не ўбачыць.

...Тут вось што можа цікава: ні я, ні мама з хаты нічога нікому не выносілі, не расказвалі, але ўся вёска чамусьці ведала, што Багамолец у вялікі пост выпіваў. І святло патушыў у святую ноч.

Вось так, сам таго не жадаючы, я падмачыў айчыму аўтарытэт.

У. С.,

г. Крычаў.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе, гісторыі пошта прыносіць... Так што пішыце!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.