Вы тут

У харчаванні школьнікаў Гродзеншчыны працягваюць выяўляцца парушэнні


Пільны кантроль за школьным харчаваннем вядзецца КДК Гродзенскай вобласці з 2017 года, калі кіраўнік дзяржавы звярнуў на гэтую праблему асабістую ўвагу і даручыў прыняць неадкладныя меры па ліквідацыі недахопаў. За гэты час выяўлена мноства парушэнняў, некаторыя сталі прычынай для ўзбуджэння крымінальных спраў. Нядаўні маніторынг школьных «сталовак» зноў паказаў — ва ўсіх правераных установах былі парушэнні.


Выносілі сыр, мяса, каўбасы...

Як паведаміла начальнік упраўлення КДК Гродзенскай вобласці Наталля ЖУР, найбольш тыповыя недахопы датычацца санітарных нормаў і правілаў. Не забяспечваецца чысціня харчовых блокаў, посуду, кухоннага інвентару, асабістая гігіена персаналу. Не выконваюцца натуральныя нормы харчавання. Працягваецца практыка закупкі тавараў праз пасрэдніцкія структуры, ёсць факты выкарыстання звыш нарматыву гандлёвых надбавак. У выніку кантрольных мерапрыемстваў больш за 100 чалавек летась прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. І гэта пры тым, што ў кожным райвыканкаме створаны камісіі па кантролі за арганізацыяй харчавання школьнікаў, зазначыла Наталля Жур.

Чарговая праверка была праведзена напярэдадні новага года, у снежні. Кантралёры пабывалі ў трох сярэдніх школах вобласці — і ўсюды знайшлі парушэнні. Напрыклад, у сярэдняй школе ў Вялікай Бераставіцы была недаважка порцый гуляшу на 32 %, хлеба — на 33 %. Пры гэтым лішкі свініны пры прыгатаванні стравы склалі 1,6 кілаграма.

У сталовай Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча знойдзены лішкі прадуктаў, якія былі нарыхтаваны на вынас — яблыкі, сок, марынаваныя агуркі, сыр, катлеты, мандарыны.

А вось суп, наадварот, на 4 кілаграмы меў лішнюю вагу. Гэта адбылося з-за павелічэння закладкі вады. Такая ж тэхналогія выяўлена ў прыгатаванні плову. Страва амаль на 5 кілаграмаў перавышала норму з-за вады.

У сталовай СШ № 3 Гродна кантралёры пераважылі 115 порцый варанай каўбасы, якая была прыгатавана на сняданак. Пры гэтым не далічыліся 1,3 кілаграма прадукта. Яшчэ 2,2 кіло каўбасы прызначаліся на вынас. У гэтай жа ўстанове знайшліся лішкі вады ў фаршы пры прыгатаванні тэфтэляў.

Крадзеж прадуктаў харчавання выяўлены праваахоўнымі органамі ў сярэдняй школе № 40 абласнога цэнтра. Са сталовай было вынесена прадуктаў на суму больш за 200 рублёў (8 кілаграмаў свініны, 5 кілаграмаў кураціны, па 6 кіло масла і сыру).

За парушэнні ў арганізацыі харчавання работнікі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, з некаторымі скасаваны працоўныя адносіны. Пакараны і дырэктары школ, якія не забяспечылі пэўны кантроль за харчаваннем школьнікаў.

Дырэктар, якая трапіла пад суд

Зараз у Ленінскім судзе Гродна якраз і разглядаецца справа, якая датычыцца злосных парушэнняў у сферы школьнага харчавання. На лаве падсудных апынулася дырэктар камбіната школьнага харчавання. Яна абвінавачваецца ў тым, што з 2015 да 2018 года атрымлівала грошы і матэрыяльныя каштоўнасці за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю. Крымінальная справа ўзбуджана за хабар і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

Грошы жанчына брала за тое, каб не праводзіліся ў школах пазапланавыя праверкі вытворчай дзейнасці, і не рэгістраваліся парушэнні, якія дапускаюць работнікі сталовай. Напрыклад, яна атрымлівала хабар за тое, што закрывала вочы на прысваенне ўтвораных лішкаў прадуктаў і на прычыненую страту. Брала грошы за працяг працоўных кантрактаў, узгадненне дакументацыі па спісванні інвентару, нават за дазвол на працоўны адпачынак. Яна сістэматычна давала ўказанні галоўнаму бухгалтару па выдачы матэрыяльнай дапамогі сваім падначаленым. Пры гэтым яны атрымлівалі толькі палову, другую дырэктар забірала сабе.

Падчас папярэдняга расследавання высветлена 75 эпізодаў атрымання хабару на суму каля пяці тысяч рублёў. Практычна штомесяц загадчыкі вытворчасці школьных сталовых перадавалі свайму дырэктару ад 50 да 150 рублёў.

Акрамя гэтага, кіраўнік камбіната школьнага харчавання абвінавачваецца ў 19 эпізодах крадзяжу маёмасці прадпрыемства на суму больш за 11 тысяч рублёў, што лічыцца буйным памерам.

У тэму

Алена Аляхновіч, дырэктар СШ № 28 Гродна, дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў:

— У нашай школе ахоплена харчаваннем 99 % школьнікаў. Дасягнуць такога выніку дапамагло ўкараненне шведскага стала для вучняў 6—11 класаў. Эксперымент аказаўся ўдалым.

Вялікі асартымент салатаў, сокаў, садавіны і гарачых страў дазваляе кожнаму выбраць тое, што яму падабаецца, гэта значыць, што харчаванне не толькі правільнае, але і смачнае. Пры гэтым павысілася і сама культура харчавання, бо школьнікам не навязваюць аднолькавыя стравы, а прапануюць самім зрабіць выбар. Улічваецца і дыетычнае харчаванне. Дзяўчаты-старшакласніцы выбіраюць часцей салаты і нешта мясное, у хлопцаў больш шырокі асартымент.

Некалькі гадоў таму ў школе поўнасцю аднавіўся харчовы блок, устаноўлена відэаназіранне. Мы замянілі ўсё абсталяванне на сучасныя тэхналогіі. У нас устаноўлены параканвектамат — шафа для смажання, якая дазваляе гатаваць некалькі страў.

У школе вядзецца пастаянны кантроль за якасцю прыгатавання страў. За арганізацыяй харчавання сочыць бракеражная камісія, савет па харчаванні, савет старшакласнікаў, прадстаўнікі бацькоўскага камітэта, дзяжурны адміністратар. Загадчык харчовага блока — наша былая вучаніца, яна вельмі стараецца, каб дзеці харчаваліся і смачна, і якасна.

Дырэктарку затрымалі праваахоўнікі на рабочым месцы з доказамі злачынства пры атрыманні хабару ў памеры 500 рублёў. У рамках адной справы злучана 30 крымінальных спраў, узбуджаных у адносінах службовай асобы. Жанчына затрымана і знаходзіцца пад вартай, на яе маёмасць накладзены арышт. Як паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага абласнога суда, ёй пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

У рамках крымінальнай справы будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням работнікаў устаноў адукацыі Ленінскага раёна Гродна, якія давалі хабар, а таксама якія здзяйснялі правапарушэнні падчас вытворчай дзейнасці.

Стаўка на электронныя тэхналогіі

Каб пазбегнуць злоўжыванняў і крадзяжу, у навучальных установах пачалі ўкараняць сістэму відэанагляду. У Гродне да канца мінулага года такім чынам абсталяваны ўсе харчовыя блокі школ і гімназій. У галоўным упраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама паведамілі, што праграма дазваляе выводзіць выяву на асабісты тэлефон дырэктара, а таксама на стацыянарны камп'ютар, за якім сочыць дзяжурны. Як правіла, адна з відэакамер выводзіцца на вахту, дзе вядзецца кантроль за падвозам прадуктаў і выхадам работнікаў харчовага блока з установы. Першы месяц работы відэасістэмы паказаў яе эфектыўнасць, сцвярджаюць спецыялісты ўпраўлення адукацыі. Таксама ўкаранёна электроннае меню, бацькі школьнікаў разлічваюцца за харчаванне дзяцей праз інтэрнэт.

Такія меры накіраваны на прадухіленне парушэнняў у сістэме школьнага харчавання. Але гэта будуць палавінчатыя меры, калі не будзе наладжаны грамадскі кантроль, лічыць старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль ДАРОЖКА. У гэтым сэнсе могуць дапамагчы БРСМ, бацькоўскія і прафсаюзныя камітэты. Галоўным звяном застаецца адміністрацыя. Пакуль дырэктар сам асабіста не возьмецца наводзіць парадак і не арганізуе работу, вынікам будуць і крымінальныя справы, і зняцце з пасады, і прыцягненне да адказнасці, падкрэслівае Анатоль Дарожка.

— Задача не ў тым, каб пакараць кухара ці загадчыка вытворчасці, а ў тым, каб і харчаванне ў школах і выкарыстанне бюджэтных сродкаў было эфектыўным і рацыянальным, — канстатуе старшыня КДК Гродзеншчыны. — Пакуль складана гаварыць аб станоўчых выніках. Як паказаў снежаньскі маніторынг, праблемы застаюцца. Мы праверылі тры ўстановы адукацыі, і ва ўсіх ёсць парушэнні. Між тым у Гродзенскай вобласці праз сістэму камбінатаў школьнага харчавання праходзіць крыху больш за палову ўсіх школьнікаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Гарнір пад соусам закона

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?