Вы тут

Эканомія ці барацьба за якасць адукацыі?


У паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў ёсць абавязковыя складнікі

Аптымізацыя школ — працэс, які вельмі балюча ўспрымаецца сельскімі жыхарамі. Многія лічаць, што без школы ў населенага пункта няма будучыні, і маладыя сем'і тут не затрымаюцца. І хоць асноўная хваля закрыцця малакамплектных школ ужо прайшла, кожны год сетка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі скарачаецца яшчэ на некалькі дзясяткаў. Так, у 2018 годзе па рашэнні мясцовых органаў улады былі закрытыя 25 і рэарганізаваныя 49 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Як правіла, агульнаадукацыйныя сярэднія школы рэарганізуюцца ў базавыя, базавыя — у пачатковыя, а дашкольныя ўстановы ўключаюцца ў педагагічны комплекс «дзіцячы сад — школа».


На дарогу — не больш як 30 хвілін

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

— Кожны навучэнец, незалежна ад таго, у якой школе ён вучыцца (гарадской ці вясковай, вялікай ці маленькай), мае права на атрыманне якаснай агульнай сярэдняй адукацыі, — падкрэслівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — Таму, калі мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне аб немэтазгоднасці захавання ўстановы адукацыі ў канкрэтным населеным пункце, яны павінны кіравацца не толькі эканамічнымі падлікамі. Працэс рэструктурызацыі заўсёды вымагае прадуманых і ўзважаных рашэнняў. Трэба ўважліва ўнікаць у кожную сітуацыю, а не гнацца за ўяўнай эканоміяй, трэба гутарыць з насельніцтвам, тлумачыць свае дзеянні і пераконваць.

У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі, упраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама да 1 снежня падаюць у Міністэрства адукацыі інфармацыю аб школах, якія ў наступным навучальным годзе плануецца закрыць або рэарганізаваць. Калі праводзіць работу пазней, будзе недастаткова часу для вырашэння ўсіх спрэчных пытанняў, правядзення тлумачальнай работы з бацькамі. Усё ж такая важная інфармацыя не можа агучвацца ў апошнія дні перад летнімі канікуламі, да таго ж і педагогі павінны мець гарантыі свайго будучага працаўладкавання.

— Мы вельмі адказна ставімся да гэтай працы і скрупулёзна аналізуем інфармацыю літаральна па кожнай установе адукацыі, якую мясцовыя ўлады плануюць закрыць, — запэўнівае Ірына Каржова. — Абавязкова ў даведцы, што трапляе да нас, павінны ўказвацца колькасць вучняў на сённяшні дзень, дэмаграфічныя перспектывы рэгіёна (наяўнасць дзяцей дашкольнага ўзросту), як будзе арганізаваны падвоз навучэнцаў, у якія ўстановы адукацыі, ці будуць працаўладкаваныя педагагічныя і тэхнічныя работнікі са школы, якая ліквідуецца, ці была праведзена з бацькамі вучняў інфармацыйна-тлумачальная работа. Усё гэта мы вывучаем і толькі на падставе ўсебаковага аналізу вырашаем, што рабіць: або ўзгадніць рашэнне мясцовых органаў кіравання адукацыяй, або дадаткова прапрацаваць пытанне па канкрэтных установах адукацыі.

Напрыклад, згодна з санітарнымі нормамі і правіламі ў выпадку арганізацыі падвозу вучняў у гарадах і сельскіх населеных пунктах радыус транспартнай даступнасці ўстаноў адукацыі не павінен па часе перавышаць 30 хвілін. А здараецца, што ў інфармацыі па запланаваным закрыцці школ фігуруюць зусім іншыя лічбы — 40, 45 і нават 50 хвілін. Канешне, мы на такое ніколі згоду не дадзім. Калісьці дзейнічала абмежаванне ў 30 кіламетраў. Але і дарогі могуць быць розныя, і дзяцей возяць не толькі па шашы. І не толькі на школьных аўтобусах. Для падвозу выкарыстоўваюцца і маршрутныя аўтобусы (у гэтым выпадку расклад іх руху ўзгадняецца з раскладам школьных заняткаў), і прыгарадныя, і мясцовыя цягнікі, і транспарт сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

Можа, дзесьці ўжо не патрабуецца захаванне сярэдняй і базавай школы, дык пакіньце там пачатковую і не вазіце малечу за 15—20 кіламетраў ад дому. А калі ў вёсцы ёсць яшчэ і дашкольнікі, і мы ведаем, што праз год-два там будуць сем-восем першакласнікаў... Бацькоў таксама можна зразумець, каму спадабаецца, калі малое будзе штодня ў дарозе да адной гадзіны... А для дашкольнікаў увогуле лепш за ўсё знаходзіцца ва ўстанове адукацыі па месцы пражывання. Калі няма магчымасці ўтрымліваць маленькі дзіцячы садок і маленькую школу, выйсце ёсць — яны аб'ядноўваюцца ў вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад — пачатковая школа» ці «дзіцячы сад — базавая школа».

Пяць вучняў у класе — гэта крытычна?

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

У бягучым навучальным годзе ў сельскай мясцовасці ажыццяўляецца падвоз 72,3 тысячы навучэнцаў і для гэтых мэт выкарыстоўваюцца каля 1590 школьных аўтобусаў. У адпаведнасці з нашай інструкцыяй пры арганізацыі падвозу школьнікаў у аўтобусе абавязкова павінен прысутнічаць педагагічны работнік, які кантралюе, каб дзіця села ў транспартны сродак, даехала, перайшло дарогу пад наглядам дарослага і зайшло ў школу. У абавязковым парадку прыпынкі грамадскага транспарту, дзе вучняў збірае школьны аўтобус, павінны быць абсталяваныя, каб дзеці маглі схавацца ад снегу, сонца і дажджу. З 1 студзеня педагагічным работнікам устанаўліваюцца надбаўкі, якія ўлічваюць галіновыя асаблівасці педагагічнай дзейнасці. У пералік відаў работ, за выкананне якіх кіраўніком установы адукацыі могуць устанаўлівацца надбаўкі, увайшло і суправаджэнне навучэнцаў пры арганізацыі іх падвозу ва ўстановы адукацыі: за гэту работу памер надбаўкі можа дасягаць 150 % ад тарыфнай стаўкі першага разраду.

У Міністэрстве адукацыі канстатуюць, што ў апошнія гады шмат школ было закрыта ў Віцебскай вобласці, таму што там шмат хутарскіх пасяленняў і, адпаведна, невялікіх школ...

«А якую ўстанову адукацыі можна лічыць малакамплектнай? Што разумець пад малой напаўняльнасцю класа? І колькі ўвогуле вучняў павінна быць у 10 і 11 класах, каб старшую ступень школы можна было захаваць?» — пацікавіліся мы ў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.

— У нашым заканадаўстве няма дакладнага азначэння, што такое малакамплектная школа, — тлумачыць Ірына Каржова. — Да таго ж колькасць навучэнцаў — не адзіны фактар, які становіцца прычынай закрыцця ўстановы адукацыі. Калі, напрыклад, школа знаходзіцца ў аварыйным стане ды яшчэ і ў прыстасаваным будынку, то пралічваецца, што больш эканамічна мэтазгодна — адрамантаваць яго ці арганізаваць падвоз у бліжнюю школу. Ці дастаткова ў аддзела адукацыі транспарту або трэба будзе дадаткова закупляць школьныя аўтобусы, якія таксама трэба ўтрымліваць і выплачваць заробак кіроўцам? Ёсць школы, дзе адсутнічае спартыўная зала ці яна сумешчана з актавай. Дзе няма ўмоў для арганізацыі паўнавартаснага харчавання навучэнцаў. Канкрэтных лічбавых крытэрыяў, з якой колькасцю навучэнцаў школа можа быць закрыта, няма.
Усё вырашаецца ў кожным канкрэтным выпадку. Але калі ў дзясятым класе налічваецца менш як пяць вучняў, то, хутчэй за ўсё, захоўваць старшую ступень не будуць. Прычым зроблена гэта будзе не ў мэтах эканоміі, а для забеспячэння якасных умоў для атрымання адукацыі. Увогуле, калі на месцах праводзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа з бацькамі, іх увагу трэба засяроджваць не на тым, наколькі даражэй дзяржаве абыходзіцца ўтрыманне навучэнца ў невялікай сельскай школе, а на якасці адукацыйнага працэсу. Ці можна яе забяспечыць? Менавіта гэта акалічнасць для нас галоўная.

Трэба разумець, што выніковасць навучання залежыць ад многіх фактараў: і ад прафесійнага ўзроўню педагогаў (а ў малакамплектных школах нярэдка адзін настаўнік вымушаны выкладаць адразу некалькі дысцыплін), і ад матэрыяльна-тэхнічнай базы (наяўнасці адпаведнага вучэбнага абсталявання, магчымасці выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя рэсурсы і гэтак далей), і ад асяроддзя.

У апошнія гады ў рамках дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» ажыццяўляецца цэнтралізаваная пастаўка вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Таксама школы аснашчаюцца мультымедыйнымі дошкамі. Давайце будзем шчырымі, наколькі мэтазгодна пастаўляць сучаснае нятаннае абсталяванне ў малакамплектную школу, размешчаную ў населеным пункце, у якога няма перспектыў? Не варта забывацца і пра важнасць сацыялізацыі, стварэння ў класе канкурэнтнага асяроддзя, пра матываванасць на вучобу і поспех саміх дзяцей.

Даведка

У 2018/2019 навучальным годзе агульная колькасць школьнікаў упершыню за апошнія дзесяць гадоў перавысіла мільён чалавек. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі навучаюцца 1 мільён 10 тысяч 400 вучняў (на 15,9 тысячы больш, чым у папярэднім годзе), у тым ліку 110 тысяч першакласнікаў. Усяго ў краіне дзейнічаюць 3038 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку тры новыя школы, адкрыццё якіх адбылося напярэдадні 1 верасня: у Мінску (на 1020 месцаў), вёсцы Лескаўка Мінскага раёна (на 720 месцаў) і ў Бабруйску (таксама на 1020 месцаў).

Трэба ўмець кантактаваць з равеснікамі. Наяўнасць дзіцячага калектыву, грамадскай арганізацыі, удзел у грамадскім жыцці школы — усё гэта абавязковыя складнікі паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў. Усе школьнікі маюць права вучыцца ў добра абсталяваных кабінетах, набываць навыкі работы ў камандзе — у парах ці групах, займацца ў спартыўнай зале, а не ў прыстасаваным пад урокі фізічнай культуры памяшканні і гэтак далей. Таму, калі мы закрываем малакамплектныя школы, робіцца гэта з улікам інтарэсаў дзяцей.

Калі бацькі выратавалі школу...

Ірына Каржова канстатуе, што практычна кожны год у Міністэрства адукацыі звяртаюцца бацькі вучняў школ, якія мясцовыя ўлады плануюць рэарганізаваць або закрыць. І гэта лакмусавая паперка няякасна праведзенай на месцах тлумачальнай работы. Хвалююцца і педагогі, няўпэўненыя ў тым, што з 1 верасня яны не застануцца без працы. Хоць пры ліквідацыі ўстановы адукацыі ў абавязковым парадку павінен выконвацца пункт, у якім прапісваецца абавязак аддзела адукацыі вырашыць пытанне з працаўладкаваннем кадраў.

Кампетэнтна

Ігар Карпенка, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь:

«Звяртаю ўвагу кіраўнікоў упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама на неабходнасць не толькі прадстаўляць у міністэрства планы па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, але і прытрымлівацца іх — падкрэсліў міністр на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі. — Такія рашэнні павінны прымацца абгрунтавана, з улікам перспектыў развіцця рэгіёна. Пры гэтым трэба загадзя вырашыць усе пытанні з падвозам навучэнцаў да месца вучобы і назад, на 100 працэнтаў арганізаваць іх бяспеку».

Здараецца, што дзякуючы актыўнасці бацькоў школу ўсё ж такі ўдаецца захаваць ці адкласці рашэнне з яе закрыццём, пакуль не будуць вырашаны прынцыповыя пытанні, напрыклад з тым жа падвозам школьнікаў. Літаральна ў студзені ў Міністэрства адукацыі паступіў сігнал з Круглянскага раёна, дзе мясцовыя органы ўлады разглядаюць магчымасць закрыцця ВПК «Шапялевіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа». Там ёсць пытанні і з падвозам навучэнцаў, і з працаўладкаваннем кадраў. А ці проста ў сельскай мясцовасці знайсці сабе працу? Пакуль Міністэрства адукацыі не ўзгадніла рашэнне аб яго закрыцці.

— Яшчэ раз падкрэсліваю, што ўсе рашэнні аб закрыцці і рэарганізацыі школ павінны прымацца выключна па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі. Аптымізацыя сеткі навучальных устаноў знаходзіцца на самым высокім кантролі ва ўрадзе. І на першым месцы павінна быць зусім не эканомія, а якасць адукацыі, стварэнне адпаведных умоў для яе атрымання, — звяртае ўвагу Ірына Каржова. — І дзейнічаць трэба выключна ў інтарэсах вучняў. Усё прадумаць, узважыць і растлумачыць. А ў бацькоў не павінна застацца ўражання, што на іх дзецях вырашылі сэканоміць...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.